ЛАБО́ВІЧ (Арсень Аляксандравіч) (н. 28.9.1923, в. Студзянкі Падляскага ваяв., Польшча),
бел. тэатразнавец. Канд. мастацтвазнаўства (1965). Скончыў Бел.тэатр.ін-т (1949). Працаваў у культасветустановах Гродна, Стоўбцаў, Навагрудка. З 1959 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі, з 1971 у Гал. рэдакцыі БелСЭ, з 1979 у Рэсп. ін-це павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, з 1988 у Мінскім ін-це культуры, з 1991 у Музеі гісторыі тэатр. і муз. культуры Беларусі. Даследуе бел.-польскія тэатр. сувязі, тэатр. жыццё Зах. Беларусі, творчасць нар. т-раў, праблемы ўвасаблення твораў А.Астроўскага і М.Горкага на бел. сцэне, выступае ў друку па пытаннях сучаснага тэатр. жыцця.
Тв.:
Героі Горкага на сцэне тэатра імя Янкі Купалы // Максім Горкі і Беларусь. Мн., 1968;
Тэатр змагання. Мн., 1969;
Пьесы А.Н.Островского на белорусской сцене. Мн.,1971.
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,
аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел.тэатр. культуры ў Зах. Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.Красінскі, А.Канчэўскі, А.Міхалевіч, Л.Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.Караленкі, «Апошняе спатканне» У.Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.
Літ.:
Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́НСКІ (Мікалай Фаміч) (1891, г. Вілейка Мінскай вобл. — 23.11.1938),
бел.тэатр. дзеяч. Скончыў Пецярбургскі ун-т. У 1922—24 настаўнік Бел. гімназіі ў Вільні. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай драматычнай майстроўні, дзе ў 1922 паставіў спектаклі «У зімовы вечар» паводле Э.Ажэшкі і «Лес шуміць» паводле У.Караленкі.
Працаваў у Наркамасветы БССР. З 1925 нам. старшыні секцыі мастацтва і старшыня тэатр. падсекцыі Інбелкульта. У 1926—28 дырэктар БДТ-2, з 1928 — Бел. рабочага т-ра імя ЦСПСБ. Для зб. «Беларускае мастацтва» падрыхтаваў артыкул па праблемах мастацтва Зах. Беларусі. У 1930 арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў г. Шадрынск (Расія). У 1938 зноў арыштаваны, расстраляны. Рэабілітаваны ў 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРО́ЎСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (12.4.1823, Масква — 14.6.1886),
рускі драматург і тэатр. дзеяч. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1863). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1840—43). Служыў у маск. судах (1843—50). Літ. дзейнасць пачаў у 1847. Першая камедыя «Свае людзі — паладзім» (1850) пра побыт і норавы купецтва. Супрацоўнічаў у час. «Москвитянин», «Современник», «Отечественные записки». На пач. 1850-х г. зблізіўся са славянафіламі. Пад іх уплывам стварыў сямейна-бытавыя п’есы «Не ў свае сані не садзіся» (1853), «Беднасць не загана» (1854), «Не так жыві, як хочацца» (1855), у якіх ідэалізаваў купецкі побыт і патрыярхальную старасветчыну. Новы этап у яго творчасці звязаны з грамадскім уздымам 1850—60-х г., калі талент Астроўскага ідэйна і эстэтычна пачаў фарміравацца на асновах рэв.-дэмакр. крытыкі і «натуральнай школы». У п’есах «З чужога шалу галава кружыцца» (1856), «Даходнае месца» (1857), «Выхаванка» (1859) паказаў «цёмнае царства» рус. жыцця. У трагедыі «Навальніца» (паст. 1859, выд. 1860) выкрывае грамадскія адносіны, заснаваныя на дзікунскім самавольстве і дэспатызме. У гіст. хроніках «Казьма Захаравіч Мінін-Сухарук» (1862), «Дзмітрый Самазванец і Васіль Шуйскі» (1867) паказаў патрыятызм рус. народа. Сац.-крыт. кірунак у яго творчасці мацнее з канца 1860-х г. У цыкле камедый «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1868), «Гарачае сэрца» (1869), «Лес» (1870), «Ваўкі і авечкі» (1875) сатырычна намаляваў прадстаўнікоў пануючых класаў дваранска-бурж. Расіі. Пра інтэлігенцыю, пошукі шчасця і сэнсу жыцця п’есы «Зароблены хлеб» (1874), «Таленты і паклоннікі» (1882), «Без віны вінаватыя» (1884), казка-утопія «Снягурачка» (1873). Драматургіі Астроўскага характэрны глыбіня і шырыня праблематыкі, народнасць, смелае выкрыццё сац. зла, дынамізм дзеяння, разнастайнасць характараў, выразнасць мовы. Астроўскі творча ўспрыняў і развіў лепшыя традыцыі рус. і сусв. драматургіі, стварыў рус.нац. рэпертуар. З яго імем звязаны росквіт Малога т-ра, які наз. «Домам Астроўскага».
Бел. глядач упершыню пазнаёміўся з творамі Астроўскага ў 1865, калі на сцэне Мінскага т-ра была пастаўлена «Навальніца». У папулярызацыі яго творчасці на Беларусі важную ролю адыгралі рус. акцёры М.Савіна, В.Далматаў, Г.Фядотава, А.Яблачкіна. Яго п’есы ставілі і бел. аматарскія тэатр. калектывы, у т. л. Таварыства аматараў прыгожых мастацтваў («Свае людзі — паладзім», «Вір», «Лес» і інш.). З 1936 п’есы Астроўскага трывала ўвайшлі ў рэпертуар бел. тэатраў. Тэатр імя Я.Купалы ставіў «Ваўкі і авечкі» (1936), «Позняе каханне» (1944), «Таленты і паклоннікі» (1950), «Даходнае месца» (1953), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» (1962), «Лес» (1994); тэатр імя Я.Коласа — «Беспасажніца» (1936), «Лес» (1940), «Праўда добра, а шчасце лепш» (1950); т-р юнага гледача — «Даходнае месца» (1936), «Не ўсё кату масленіца» (1956). У п’есах Астроўскага выступалі лепшыя майстры бел. сцэны: У.Уладамірскі, Б.Платонаў, І.Ждановіч, А.Ільінскі, Л.Ржэцкая, Л.Рахленка, М.Захарэвіч, В.Тарасаў і інш. На бел. мову п’есы Астроўскага перакладалі К.Чорны, К.Крапіва, У.Ягоўдзік.
Тв.:
Полн. собр. соч. Т. 1—16. М., 1949—53;
Бел.пер. — Гарачае сэрца. Мн., І937;
Не ўсё кату масленіца. Мн., 1937;
П’есы. Мн., 1939.
Літ.:
Няфёд У. Беларускі тэатр.Мн., 1959;
Лабовіч А. А.М.Астроўскі ў тэатральным жыцці Беларусі дакастрычніцкага перыяду // Бел. мастацтва. Мн., 1962. Вып. 3.