КІ́ЛІН (Сяргей Якаўлевіч) (н. 18.5.1952, г. Гомель),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фіз.-матэм. н. (1992). Скончыў БДУ (1974). З 1974 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па квантавай оптыцы. Распрацаваў тэорыю квантавых флуктуацый пры нелінейна-аптычных узаемадзеяннях і прадказаў на яе аснове шэраг новых эфектаў: групоўку і антыгрупоўку розначастотных фатонаў, «замарожванне» спантаннага распаду ў фатонных крышталях, квантавую няўстойлівасць дыпольнага моманту атамаў і інш.
Тв.:
Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.
т. 8, с. 259
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУГЛО́Ў (Уладзімір Ільіч) (н. 2.4.1947, г. Брэст),
бел. вучоны ў галіне матэм. фізікі. Д-р фіз.-матэм. н. (1991). Брат С.І.Круглова. Скончыў Маскоўскі інж.-фіз. ін-т (1971). З 1971 у Ін-це фізікі, з 1993 у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, з 1996 ў Новай Зеландыі. Навук. працы па нелінейнай оптыцы і тэорыі пераносу выпрамянення. Прадказаў і тэарэтычна даследаваў спіральныя фатонныя пучкі ў нелінейных асяроддзях.
Тв.:
О численном моделировании и некоторых аналитических аспектах вихревой динамики световых полей в лазерных системах (разам з В.М.Волкавым) // Дифференциальные уравнения. 1995. Т. 31, № 7.
С.Я.Кілін.
т. 8, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВА́НТАВАЯ О́ПТЫКА,
раздзел оптыкі, які вывучае статыстычныя ўласцівасці светлавых палёў і квантавыя праяўленні гэтых уласцівасцей у працэсах узаемадзеяння святла з рэчывам. Звязана з квантавай механікай, квантавай электрадынамікай, стат. фізікай і нелінейнай оптыкай. Метады К.о. даюць магчымасць вызначаць механізмы міжмалекулярных узаемадзеянняў па зменах статыстыкі фотаадлікаў (рэгістрацыі параметраў светлавых патокаў фотапрыёмнікамі) пры рассейванні святла ў асяроддзі.
Развіццё К.о. ў 1960-я г. звязана са з’яўленнем лазераў, што дало магчымасць фарміравання светлавых палёў з рознымі стат. ўласцівасцямі. Вывучаліся станы поля, якія мелі класічны аналаг і апісваліся на аснове класічных метадаў. Новы этап развіцця пачаўся ў канцы 1970 — пач. 1980-х г. Тэарэт. даследаванні стат. уласцівасцей аптычных палёў, атрыманых у працэсах узаемадзеяння з рэчывам і стварэнне крыніц святла з рознымі стат. ўласцівасцямі прывялі да пераасэнсавання неазначальнасці прынцыпу і развіцця канцэпцыі «сціснутых» станаў поля. Асн. даследаванні праводзяцца ў галіне квантавай інфармацыі, у т. л. квантавых вылічэнняў, квантавых камп’ютэраў, квантавай крыптаграфіі, рэканструкцыі (тамаграфіі) квантавых станаў поля, спектраскапіі адзінкавых малекул і іонаў, лакалізаваных у высокадыхтоўных рэзанатарах ці цвердацелых матрыцах і інш.
На Беларусі даследаванні па К.о. праводзяцца ў Ін-це фізікі і Ін-це малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ.
Літ.:
Клаудер Дж.Р., Сударшан Э.К.Г. Основы квантовой оптики: Пер. с англ. М., 1970;
Килин С.Я. Квантовая оптика: Поля и их детектирование. Мн., 1990.
С.Я.Кілін.
т. 8, с. 208
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)