КУСЯНКО́Ў (Мікола) (Мікалай Сяргеевіч; н. 11.2.1935, в. Перарост Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1971), БДУ (1982). У 1956—69 у Гомельскай лесаўпарадчай экспедыцыі. З 1971 працаваў у газетах і часопісах, на кінастудыі «Беларусьфільм», з 1985 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Піша пра родны край, асабіста перажытае. Аўтар зб-каў вершаў «Жывіца» (1966), «Без прывалу» (1969), «Дуброва» (1990, Літ. прэмія імя А.​Куляшова, 1991), апавяданняў «Завязь» (1987); раманаў «Явар з калінаю» (1994), «Арляк і зязюля» (1997). У творах — трывога за лёс роднай зямлі, яе людзей і прыроды.

М.Кусянкоў.

т. 9, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кусянкоў М. Ц. 8/151

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

бурапе́нны, ‑ая, ‑ае.

Паэт. Бурлівы, кіпучы. Развялося шмат цяпер машын, — Аж да бурапеннага Байкала Паляцеў на самалёце сын. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зімо́ўе, ‑я, н.

Тое, што і зімовішча; зімоўка (у 2 знач.). Зімоўе. Згорбленая хатка. І ў ёй гаворыць мне стары: «А ў рэчкі гэтай, браце, хватка — Загінуць можна без пары». Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПАЎКШЦЯ́ЛІС (Paukštelis; сапр. Пташынскае) Юозас

(2.3.1899, с. Цітаняй Шаўляйскага пав., Літва — 20.7.1981),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. мастацтваў Літвы (1969). Нар. пісьменнік Літвы (1974). Скончыў Каўнаскі ун-т (1927). Друкаваўся з 1922. У зб. апавяд. «Паўночная балада» (1928), аўтабіягр. рамане «Дзіця ўдавы» (1932), раманах «Першы год» (1936) і «Суседзі» (1939) жыццё літоўскай правінцыі. Трылогія «Юнацтва» (1959), «Не ўзыходзь, сонейка!» (1963) і «Тут наш дом» (1969, Дзярж. прэмія Літвы 1969) пра падзеі ў краіне ў 1940, фаш. акупацыю, пасляваен. калгаснае жыццё. Аўтар кн. мемуараў «Часта ўспамінаю іх» (1979), зб. апавяд. «Быў хмель у квецені» (1971), п’ес, нарысаў. На бел. мову апавяданне П. «На Радзіме» пераклаў М.​Кусянкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Соседи. Вильнюс, 1959;

Юность. Не всходи, солнышко! Здесь наш дом: Трилогия. М., 1978.

т. 12, с. 201

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фія́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Травяністая расліна сямейства фіялкавых з фіялетавымі або белымі ці рознакаляровымі кветкамі. Ёсць пралеска яшчэ, Ёсць фіялка лясная — Кветкі ранняй вясны, — Хто ж у нас іх не знае?.. Кусянкоў.

[Ад лац. viola.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

свячэ́нне, ‑я, н.

Стан паводле дзеясл. свяціцца (у 1 знач.); выпраменьванне святла. Свячэнне фосфару. / у перан. ужыв. Нібы глыбіннае свячэнне, Душы маўклівае агонь. Усё зямное азначэнне — Твая сяброўская далонь. Вярба. Бачу — Кветкі бярэ І пляце, Спалучае Сінь фіялак І лотаці жоўтай свячэнне... Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

магні́т, ‑а і ‑у, М ‑ніце, м.

1. ‑а. Цела, якое мае ўласцівасць прыцягваць да сябе жалезныя, стальныя або адштурхоўваць некаторыя іншыя прадметы.

2. ‑у; перан. Тое, што прыцягвае, вабіць да сябе. Страчай мяне, тайга, я зноў з табою; Ты мой магніт, тайга, ты мой магніт. Кусянкоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разгубі́ць, ‑гублю, ‑губіш, ‑губіць; зак., каго-што.

1. Пагубляць усё, многае або ўсіх, многіх. [Першакласны] разгубіў па дарозе Сшыткі ў лінейку касую. Калачынскі. За дзень ледзь не ўсіх разгубіла [маладзіца] кароў — Цэлую ноч лес мычаў і роў. Кусянкоў. // Паступова страціць. За час войнаў і рэвалюцый я неяк разгубіў многіх сваіх старых сяброў. Рамановіч.

2. перан. Паступова пазбавіцца чаго‑н.; растраціць. Пасля турмы і ўцёкаў .. [Каршукоў] аціх, змарнеў дашчэнту, здавалася, разгубіў свой зайздросны аптымізм. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маладзён, ‑а, м.

Абл.

1. Непаўналетні чалавек, хлапец. Быў я тады зусім зялёны, Худы і кволы маладзён. Кусянкоў. // Пра маладога чалавека наогул. І хоць не да твару чалавеку ў маім узросце хвалявацца перад маладзёнам, але я не стрымаўся і ўскіпеў. Васілёнак. [Мароз] і на хвіліну не хацеў уявіць сабе, што гэты маладзён — хто б ён, нарэшце, ні быў — адважыцца пярэчыць яму, сакратару райкома. Лобан.

2. у знач. вык. Малавопытны па маладосці чалавек. Трахім ані не верыў доктару — надта ж маладзён ён быў. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)