Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАХТО́ННЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
спрадвечныя рэліг.-магічныя культы карэннага насельніцтва краіны. Вызначэнне ўзнікла ў сувязі з неабходнасцю адрозніваць мясц. самабытныя культы ад іх сінкрэтызаваных з сусветнымі рэлігіямі мадыфікацый. Аўтахтонныя культы ўключаюць татэмістычныя, фетышысцкія, анімістычныя вераванні (гл. Татэмізм, Фетышызм, Анімізм), сістэму племянных ініцыяцый, культ продкаў, культы правадыроў і абагаўлёных цароў, політэізм і інш. раннія формы рэлігіі на розных стадыях іх развіцця. Асаблівасці гіст. развіцця народаў, умоў прыроднага асяроддзя вызначаюць падабенства і розніцу, агульнае і асаблівае ў аўтахтонных культах.
т. 2, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРА́ЛЬНЫЯ КУ́ЛЬТЫ,
пакланенне нябесным свяцілам і з’явам. Вядомыя ў рознай ступені ўсім народам. Былі найб. распаўсюджаны ў Стараж. Двухрэччы, Егіпце і Стараж. Індыі, дзе храмы адначасова служылі і абсерваторыямі. У вавілонскай рэлігіі Месяц і 5 бачных няўзброеным вокам планет былі абвешчаны багамі і атрымалі ўласныя назвы (Сім — Месяц, Шамаш — Сонца, Мадрук — Юпітэр, Іштар — Венера, Нергал — Марс, Набу — Меркурый, Нінургу — Сатурн; пра Уран і Нептун народы стараж. свету не ведалі. На аснове астральных культаў у вавілонскай рэлігіі ўзніклі астралогія, варажба і рэліг. прароцтвы. Адлюстраваннем астральных культаў у хрысціянстве з’яўляюцца легенды пра віфлеемскую зорку і сем зорак у Апакаліпсісе.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
саля́рны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Звязаны з сонцам. Салярныя тэмпературы. Салярныя культы старажытнай Сірыі.
[Ад лац. solaris — сонечны.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АСТРА́ЛЬНАЕ ЦЕ́ЛА,
паводле акультных уяўленняў, тонкая энергетычная абалонка чалавечага цела, у якой матэрыялізуюцца пачуцці, жаданні і захапленні чалавека. Гл. таксама Астралогія, Астральныя культы.
т. 2, с. 49
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БЫ,
група індзейскіх плямён Паўд. Амерыкі (макушы, арэкуна, ваі-ваі і інш.), якія гавораць на мовах карыбскай моўнай сям’і і маюць агульнае паходжанне. Жывуць пераважна ў зоне трапічных лясоў і саваннаў на Пн ад р. Амазонкі (у Венесуэле, Калумбіі, Бразіліі, Гандурасе і інш. краінах). Цэнтрам рассялення К. лічыцца басейн рэк Шынгу і Тапажос, адкуль яны рухаліся на Пн. Займаюцца земляробствам, рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жывуць суседскімі абшчынамі, захаваліся моцныя перажыткі мацярынска-родавых адносін. Рэлігія — племянныя культы. У выніку еўрап. каланізацыі значная частка К. вымерла.
т. 8, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЫ́ЙЦЫ, арыі,
індаеўрапейскія плямёны, што ў 4—3-м тысячагоддзях да нашай эры насялялі стэпавую зону паўднёва-ўсходняй Еўропы (паводле іншых звестак — Поўдзень Сярэдняй Азіі і прылеглую да яго тэрыторыю Іранскага плато). Размаўлялі на мове, якая была ранняй формай санскрыту. У канцы 2-га тысячагоддзя да нашай эры. Арыйцы праніклі ў Іран і Індыю, што паводле адной з версій, прывяло да гібелі Інда даліны цывілізацыі і распаўсюджання культуры шэрай размаляванай керамікі. Арыйцы эпохі «Рыгведы» (канец 2-га — пачатак 1-га тысячагоддзя да нашай эры) яшчэ не ведалі жалеза і карысталіся меднымі прыладамі працы, посуд выраблялі ўручную. У іх існавалі культы каня, птушак і агню. Разглядаюцца як непасрэдныя продкі сучасных індаіранскіх і большасці еўрапейскіх народаў. Ад слова «арыйцы» паходзіць шэраг геаграфічных і этнічных назваў (Іран, даліна Ганга Ар’яварта і іншыя). Гл. таксама Арыйская раса.
Ж.А.Коршун.
т. 2, с. 6
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕДЫ́ЧНАЯ РЭЛІ́ГІЯ,
ведыйская рэлігія, сістэма поглядаў, якая ўзнікла ў стараж. Індыі на падставе рэлігіі індаарыйскіх плямён і ў канцы 2-га — 1-й пал. 1-га тыс. да н.э. аформілася ў кананічных тэкстах — Ведах, ранняя стадыя фарміравання індуізму. Для ведычнай рэлігіі характэрны культы агню і продкаў, выкарыстанне пры значных ахвярапрынашэннях св. наркатычнага напою — сомы. Жыццё і светапогляд звязваліся з абрадамі і рытуаламі, ад выканання якіх гаспадаром ці жрацом залежалі адносіны з багамі, дабрабыт асобы, сям’і, грамады, дзяржавы. У ведычнай рэлігіі адсутнічала іерархія багоў. Найб. старэйшымі лічыліся багі Неба і Зямлі (Д’яўс і Прытхіві). Найб. папулярны Бог Індра — цар багоў і наладжвальнік свету. Бог агню Агні шанаваўся як пасрэднік паміж людзьмі і багамі, ахвярадаўца. Багам надаваліся чалавечыя рысы, кожны з іх суадносіўся з пэўнай часткай Сусвету — зямной, паветранай, нябеснай. У ведычнай рэлігіі бяруць пачатак уяўленні пра карму, мэтапсіхоз, тапас (аскеза) і інш. З ведычнай рэлігіі развіўся брахманізм.
А.В.Гурко.
т. 4, с. 57
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЬТ РЭЛІГІ́ЙНЫ,
сістэма абрадаў, сродкаў і дзеянняў, накіраваных на абгрунтаванне веры ў звышнатуральнае і зацверджаных у царк. канонах. Яго вытокі ў дахрысц. культах, якія ўключалі розныя праяўленні фетышызму, магіі, татэмізму і да т.п. Элементамі К.р. з’яўляюцца як простыя акты (паклоны, малітвы, пасты, стаянне на каленях і інш.), так і больш складаныя (святы, абрады, набажэнствы, культ святых і інш.). Да іх належаць таксама культавыя збудаванні (храмы, малітоўныя дамы), рэліквіі, адзенне святароў, розныя прыстасаванні для набажэнстваў і інш. Формы К.р. суадносяцца з гіст. формамі рэлігіі: культы татэмічныя, пахавальныя, родавыя, магічныя, анімістычныя (экзаркізм), астральныя, жывёльныя (зоалатрыя), прапіцыяльныя (звязаныя з шанаваннем багоў, якія нібыта кіруюць лёсам як Сусвету, так і кожнага чалавека). Развіццё і ўскладненне К.р., неабходнасць іх абгрунтавання абумовілі з’яўленне спецыфічнай рэліг. супольнасці, храмаў, іерархіі святароў, якія рэгламентавалі К.р. і манапалізавалі права здзяйсняць культавыя дзеянні. К.р. як найб. даступны элемент рэлігіі і непасрэдна набліжаны да простых вернікаў, стымулюе пачуццёва-рэліг. светаўспрыманне, і ў выніку сам ператвараецца ў самастойны аб’ект веры і шанавання як паказчык рэлігійнасці народа.
А.А.Цітавец.
т. 9, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭАЛІЗА́ЦЫЯ,
мысленнае канструяванне з дапамогай абсалютызацыі паняццяў і вобразаў аб’ектаў, якія не існуюць у рэчаіснасці, але для якіх ёсць правобразы ў рэальным свеце; наданне каму-н. ці чаму-н. такіх рысаў, якіх яны не маюць. Паняцці, атрыманыя ў выніку І., наз. ідэалізаванымі або ідэальнымі (гл. Ідэальнае). Яны або нездзяйсняльныя (напр., «кропка», «абсалютна чорнае цела»), або іх здзяйсняльнасць недаказальная рацыянальным шляхам (напр., бясконцае жыццё). З ідэалізаванымі аб’ектамі ў навуцы аперыруюць як з рэальнымі прадметамі і ствараюць абстрактныя мадэлі рэальных рэчаў у іх «чыстым выглядзе», што дазваляе больш глыбока зразумець іх сутнасць (напр., «прамая лінія» ў матэматыцы, «ідэальны газ» у фізіцы, «абсалютная свабода» ў сацыялогіі і інш.). У мастацтве І. як метад маст. абагульнення і канструявання ў вобразнай форме даводзіць станоўчыя або адмоўныя бакі рэчаіснасці да поўнай дасканаласці або недасканаласці. Мастацкія ідэалізаваныя аб’екты ўмоўна нарматыўныя і выконваюць функцыю каштоўнаснага арыенціра («Дон-Кіхот», «Несцерка», «Паўлінка» і інш). Сац. І. выкарыстоўваецца для арг-цыі грамадскага жыцця, дзе ідэалізаваныя аб’екты — розныя культы і антыкульты, утопіі і антыутопіі і інш. Яны маюць форму індывід. каштоўнасных вобразаў (напр., І. каханага чалавека) і грамадска значымых І. (камунізм).
Літ.:
Горский Д.П. Вопросы абстракции и образование понятий. М., 1961;
Пойа Д. Математика и правдоподобные рассуждения. 2 изд. М., 1975;
Кочергин АН. Научное познание: формы, методы, подходы. М., 1991.
Г.А.Антанюк.
т. 7, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)