Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Керанскага—Краснова мяцеж 3/584—585; 4/318; 6/619
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Краснова Н. Г. 7/246, 247, 409; 12/381, 420
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДУХ,
філасофскае паняцце, што азначае нематэрыяльны пачатак у адрозненне ад матэрыяльнага, прыроднага. Азначае таксама мысленне, псіхічныя здольнасці, пачатак, які вызначае паводзіны, унутр. маральную сілу асобы (гл.Духоўнасць). У гісторыі філасофіі Д. трактаваўся як паняцце (панлагізм), субстанцыя (пантэізм), асоба (тэізм, персаналізм). У рацыяналізме вызначальным бокам Д. лічыцца мысленне, свядомасць, у ірацыяналізме — пазаразумовыя аспекты (воля, пачуццё, уяўленне, інтуіцыя і г.д.). Дыялект. матэрыялізм звязвае духоўнае з працэсам і вынікамі чалавечай дзейнасці, з духоўнай вытворчасцю. У стараж.-грэч. філасофіі Д. — пнеўма, нус, логас; у рэліг.-містычных уяўленнях — бесцялесная, звышнатуральная істота (гл. таксама Тройца).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУЦЦЁ ЭСТЭТЫ́ЧНАЕ,
спецыфічнае духоўнае перажыванне, выкліканае ўспрыманнем прыгожага або агіднага, узнёслага або нізкага, трагічнага або камічнага ў прыродзе, грамадскім быцці і мастацтве; першасны кампанент гістарычна абумоўленай эстэт. свядомасці, аснова эстэт. густаў, ідэалаў і ацэнак; адзін з састаўных элементаў мастацкай культуры. Сфарміраванае ў працэсе практычнай чалавечай дзейнасці П.э. ў далейшым развіваецца і ўдасканальваецца пад уздзеяннем фальклору і прафес. мастацтва ўсіх відаў і жанраў, становіцца важным фактарам гуманізацыі прыроднага і грамадскага быцця. Поруч з традыц. відамі мастацтва развіццю П.э. садзейнічае тэхн. эстэтыка і мастацка-прамысловае праектаванне (дызайн), афармленне сферы вытв-сці і побыту людзей паводле законаў прыгажосці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРЛО́-ПАНЦІ́ ((Merleau-Ponty) Марыс) (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),
французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́Я,
успрыманне будучыні, калі жаданае або неабходнае бачыцца як рэальнасць, якая павінна здзейсніцца. Фарміруецца ў выніку пазнання аб’ектыўных прычын, ад якіх залежаць чаканыя падзеі, або на аснове назапашанага суб’ектыўнага эмацыянальнага вопыту (перажыванне радасці, няпоспеху і да т.п.). У прадказанні магчымага развіцця падзей Н. адыгрывае ролю ўнутр. рэгулятара дзейнасці, які дапамагае чалавеку вызначаць яе вынікі і мэтазгоднасць, адлюстроўвае жыццёвыя спадзяванні асобы і грамадства. У этыцы хрысціянства Н. (асабліва на пасмяротную ўзнагароду) разам з верай і любоўю належыць да гал. дабрачыннасцей, выяўляе Ідэю перакананасці ў справядлівасці і міласэрнасці божай. Гарантам рэліг. Н. лічыцца Хрыстос, а сродкамі яе ажыццяўлення — малітва і прытрымліванне запаведзей аб шчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАТЭТЫ́ЧНАЕ (ад грэч. pathētikos страсны, усхваляваны, поўны пачуцця),
эстэтычная катэгорыя, якая адлюстроўвае барацьбу, сутыкненне ўзнёслага і нізкага. Служыць своеасаблівай мерай пафасу, выражэннем здольнасці асобы да барацьбы, пераадолення духоўна негатыўных сіл у яго ўнутраным свеце і нізкіх памкненняў звонку. Адпаведна вылучаюць П. ўнутранага і знешняга роду. У сістэме эстэт. катэгорый П. звязана з гераічным, у якім праяўляецца станоўчая накіраванасць барацьбы. Адухоўлены характар прыроды мастацтва прадвызначае магчымасць шырокага звяртання да П. ва ўсіх яго відах. Выразна П. праяўляецца ў музыцы, тэатры, балеце. У жыцці П. часта служыць фонам, на якім могуць разгортвацца маральна-эстэт. прагрэс або дэградацыя асобы ў залежнасці ад таго, якія духоўныя пачаткі (узнёслае або нізкае) здольны ўзяць верх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЧУ́ЦЦІ,
псіхічныя працэсы перажывання чалавекам сваіх адносін да навакольнага асяроддзя (людзей, іх учынкаў, якіх-н. з’яў) і да сябе. П. больш працяглыя, чым эмоцыі, уласцівы чалавеку і абумоўлены яго сац.-гіст. сутнасцю, грамадскімі адносінамі і выхаваннем. У П. выяўляюцца індывід.-тыпалагічныя асаблівасці (тэмперамент) асобы. З’яўляюцца сігналамі поспехаў або няўдач, тым самым рэгулююць дзейнасць людзей. Бываюць актыўныя (стэнічныя), якія маюць станоўчы эмацыянальны тон — павышаюць жыццядзейнасць чалавека, і пасіўныя (астэнічныя) з адмоўным эмацыянальным тонам — незадавальненне, смутак і інш. Сярод П. вылучаюць спецыфічныя іх віды: настрой, афекты (моцныя эмацыянальныя перажыванні — злосць, жах і інш.), страсці. Асаблівую групу П. складаюць маральныя П. (П. калектывізму, абавязку, гонару і інш.), эстэтычныя (гл.Пачуццё эстэтычнае), інтэлектуальныя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́РНАЛ ((Bernal) Джон Дэсманд) (10.5.1901, г. Ніна, Ірландыя — 15.9.1971),
англійскі фізік, філосаф, грамадскі дзеяч; адзін з заснавальнікаў навуказнаўства. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (з 1937) і АН шэрагу краін, у т. л.СССР. Скончыў Кембрыджскі ун-т (1922). Аўтар навук. прац у галіне фізікі, крышталяграфіі, біяхіміі, філас. праблем прыродазнаўства. У працах «Сацыяльная функцыя навукі» (1938), «Навука і грамадства» (1953), «Навука ў гісторыі грамадства» (1954) і інш. абагульніў дасягненні навукі ў цэлым, раскрыў яе філас. значэнне і ролю ў гісторыі чалавецтва, узаемасувязь навукі, тэхнікі і сац. умоў жыцця грамадства. Увёў у навук. ўжытак паняцце «навукова-тэхнічная рэвалюцыя», распрацаваў цэласную канцэпцыю дыялектыкі і перспектыў яе развіцця. У кн. «Свет без вайны» (1958) паказаў перспектывы мірнага выкарыстання дасягненняў навукі на карысць чалавецтва.