КРА́НКА ((Cranko) Джон) (15.8.1927, г. Рустэнбург, Паўд.-Афр. Рэспубліка — 26.6.1973),

англійскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў балетнай школе Кейптаўнскага ун-та (1942—46), у 1946 у школе трупы «Сэдлерс-Уэлс бале» (з 1957 Каралеўскі балет Вялікабрытаніі), з 1946 саліст гэтай трупы. Творчасць К.-танцоўшчыка вылучалася ўменнем харэагр. сродкамі перадаць змест, раскрыць характары персанажаў. З 1961 узначальваў Штутгарцкі балет. Сярод пастановак: у Каралеўскім балеце — «Дама і блазан» на муз. Дж.​Вердзі (1954), «Прынц пагад» на муз. Б.​Брытэна (1957); у Штутгарцкім балеце — «Анегін» на муз. П.​Чайкоўскага (1965), «Утаймаванне свавольніцы» на муз. К.​Х.​Штольцэ (па матывах Д.​Скарлаці; 1969), «Паэма экстазу» на муз. А.​Скрабіна (1970), «Кармэн» на муз. Ж.​Бізэ (1971), «Ініцыялы Р.Б.М. Э.» на муз. І.​Брамса (1972), «Сляды» на муз. Г.​Малера (1973).

т. 8, с. 450

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кранка Дж. 2/100—101 (укл.), 101

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)