КО́ЎПІЦЫ (Platalea),

род птушак сям. ібісавых атр. буслападобных. 4 віды. Пашыраны на Пд Еўразіі, у Паўн.-Усх. Афрыцы, Аўстраліі. На Беларусі трапляецца К. звычайная (P. leucorodia), рэдкая залётная птушка.

Даўж. К. звычайнай каля 90 см, маса каля 1,5 кг. Ногі і шыя доўгія, дзюба доўгая, пляскатая, на канцы расшыраная. На галаве чубок. Апярэнне белае. Корміцца дробнымі беспазваночнымі, часам маляўкамі рыб або ікрой. Гняздуе калоніямі ў зарасніках трыснягу, радзей на дрэвах. Нясе 3—4 яйцы.

Коўпіца.

т. 8, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́БІСЫ,

птушкі сям. ібісавых (Ibididae, або Threskiornithidae) атрада буслападобных. 20 родаў, 32 віды. Пашыраны ў трапічных, часткова ва ўмераных паясах у балоцістых мясцовасцях. Найб. вядомыя І.: каравайка, коўпіца, пунсовы (Eudocimus ruber), чырвананогі, або японскі (Nipponia nippon), і інш. На Беларусі рэдкія залётныя птушкі каравайка і коўпіца.

Даўж. цела 48—106 см, маса 0,5—2 кг. Дзюба доўгая, загнутая ўніз (уласна І.) або прамая, пляскатая з расшырэннем на канцы (коўпіцы). У некат. частка галавы і шыя голыя, скура яркаафарбаваная. Ногі доўгія, пальцы злучаны плавальнай перапонкай. Гняздуюць калоніямі на дрэвах, у трыснягу па берагах вадаёмаў, радзей на скалах. Нясуць 2—3 яйцы. Кормяцца дробнай рыбай, жабамі, малюскамі, чарвямі, насякомымі. 6 відаў і 1 падвід у Чырв. кнізе МСАП.

Ібісы: 1 — пунсовы; 2 — горны; 3 — японскі; 4 — лысы.

т. 7, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)