КО́ЦЕЛ (Юзаф) (20.9.1764—18.7.1810),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ, адзін з кіраўнікоў паўстання 1794. З роду Катлоў, сын Т.Коцела, генерал-маёра войск ВКЛ, старосты ашмянскага і Г.Тышкевіч. Валодаў Гарадзілавам і Юзафполем у Ашмянскім пав., быў старостам больніцкім і яліцкім. Пасол ад Ашмянскага пав. на Чатырохгадовы сейм 1788—92, прыхільнік Канстытуцыі 3 мая 1791. З пачаткам паўстання 1794 увайшоў у Найвышэйшую літоўскую раду, чл. Дэпутацыі публічнай бяспекі. 3.5.1794 рада абрала яго прадстаўніком пры камандуючым паўстанцкімі войскамі ВКЛ Я.Ясінскім. У маі 1794 пасланы радай да Т.Касцюшкі, каб пераканаць паўстанцкія ўлады ў Варшаве ў лаяльнасці, што не прадухіліла роспуск рады. 8.6.1794 Найвышэйшая нацыянальная рада ў Варшаве прызначыла яго сваім упаўнаважаным у ВКЛ, 30.6.1794 Касцюшка ўвёў яго ў склад гэтай рады (намеснікам радцы). Належаў да памяркоўнага крыла паўстання, быў паліт. праціўнікам «якабінцаў», Ясінскага. Радыкальныя колы паўстання абвінавачвалі яго ў бяздзейнасці ў час штурму рас. войскамі Вільні, у нежаданні ўзбройваць сялян. Пасля падаўлення паўстання жыў у Венецыі, Парыжы, зблізіўся з радыкальнымі коламі эміграцыі. Пахаваны ў Беніцы (Маладзечанскі р-н).
т. 8, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НІЦКІ КЛЯШТА́Р БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ.
Існаваў у в. Беніца (Маладзечанскі р-н Мінскай вобл.) у 1701—1850-я г. Засн. ў 1701 трокскім кашталянам М.К.Коцелам (яго нашчадкі валодалі Беніцай да 1810). Мураваны Троіцкі касцёл асвячоны ў 1704 віленскім біскупам К.К.Бжастоўскім. Спачатку кляштар быў драўляным, але «найвыгаднейшым», як паведамляюць бернардзінскія гісторыкі. Пазней пабудаваны мураваны корпус. Першым гвардыянам (настаяцелем) быў К.Коцел. Пры касцёле існавала брацтва Бязгрэшнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Прыкладна ў 1780—1842 пры касцёле працавала школа. У 1850-я г. кляштар скасаваны, у канцы 19 ст. жылы будынак разбураны ўласнікам Беніцы. Касцёл у 1866 перароблены на царкву, у 1919 вернуты католікам, каля 1945 закрыты. Касцёл аднанефавы, крыжова-купальны з двухвежавым гал. фасадам; неф завершаны пяціграннай апсідай, перакрыты скляпеннем з распалубкамі. Захаваліся рэшткі алтароў і стукавых надмагілляў. У сутарэннях былі пахаваны Коцелы і Швыкоўскія.
А.А.Ярашэвіч.
т. 3, с. 100
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЛЫ́, Коцелы,
дзяржаўныя дзеячы ВКЛ герба «Пелікан». Паходзілі з баяр. Першы вядомы прадстаўнік роду — Кацёл, які ў 1440—43 атрымаў ад вял. кн. Казіміра пацвярджэнне на маёнткі ў Крамянецкім пав. На Беларусі К. валодалі Беніцай, Маладзечнам, Хажовам, Палонкай і інш. Найб. вядомыя К.:
Самуэль Геранім (?—1686), пісар скарбовы (1646—68), войскі старадубскі (1652—66), маршалак ашмянскі (каля 1678), староста скірстымонскі. Неаднаразова выбіраўся паслом на сеймы. Міхал Казімір (? — вер. 1722), сын Самуэля Гераніма, староста скірстымонскі з 1674, маркаўскі з 1683, падкаморы ашмянскі у 1683, кашталян віцебскі з 1685, трокскі з 1700, ваявода трокскі з 1703, падскарбі ВКЛ з 1710. Быў прыхільнікам аўтаноміі ВКЛ у рамках Рэчы Паспалітай. Тадэвуш (1736—99), сын Казіміра, староста маркаўскі (1764), ашмянскі (1772), ген.-маёр войск ВКЛ. Юзаф (20.9.1764—18.7.1810), сын Тадэвуша, гл. Коцел Ю. Міхал Казімір (15.8.1767—22.3.1813), сын Тадэвуша, ваен. дзеяч. Шамбялян Станіслава Аўгуста Панятоўскага (1786). У час паўстання 1794 зямянскі ген.-маёр Ашмянскага пав.
В.С.Пазднякоў.
т. 8, с. 175
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКО́ЎСКІ (Георгі Стойкаў) (крас. 1821, г. Коцел, Балгарыя — 9.10.1867),
балгарскі рэвалюцыянер-дэмакрат, паэт і публіцыст; адзін з арганізатараў нац.-вызв. руху балг. народа супраць тур. няволі. Вучыўся ў грэч. вучылішчы ў Стамбуле. У 1841 засн. тайнае т-ва па арганізацыі вызв. антытур. паўстання ў Балгарыі і Грэцыі, у тым жа годзе ўзначаліў антытур. выступленне ў рум. г. Брэіла. У 1853 спрабаваў арганізаваць антытур. паўстанне ў Балгарыі; у 1854 кіраваў там партыз. атрадам у гарах Стара-Планіна. З 1855 у эміграцыі ў Румыніі, Сербіі, Расіі. У 1861—62 засн. у Бялградзе 1-ю Балг. легію (легіён) для барацьбы з туркамі, у канцы 1866 у Бухарэсце аб’яднаў ваявод партыз. чэт (атрадаў) для планамерных дзеянняў у мэтах вызвалення Балгарыі. У 1867 склаў «Часовы закон народных атрадаў». Выдаваў газ. «Българска дневница» («Балгарскі дзённік»), «Дунавски лебед» («Дунайскі лебедзь»), час. «Бъдушност» («Будучыня»), у якіх прапагандаваў ідэю братэрства балканскіх народаў у барацьбе за вызваленне. У паэме «Лясны падарожны» (1857) апяваў барацьбу балг. гайдукоў супраць тур. прыгнёту.
т. 13, с. 285
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)