КО́НТУРНЫЯ КА́РТЫ,

адлюстраванне картаграфічнай сеткі і элементаў (контураў) агульнагеагр. карты. На К.к. паказваюцца без надпісаў, адным колерам: берагавыя лініі мораў, азёр, рэкі, населеныя пункты, палітыка-адм. граніцы і асобныя элементы тэматычных карт. Выкарыстоўваюць у вучэбных мэтах. К.к. — від бланковай карты, дзе нанесены разрэджаная аснова геагр. карты з надпісамі; ужываюць у якасці асновы для спец. і тэматычных карт у археалогіі, геалогіі, метэаралогіі і інш.

Р.​А.​Жмойдзяк.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ко́нтурны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. ко́нтурны ко́нтурная ко́нтурнае ко́нтурныя
Р. ко́нтурнага ко́нтурнай
ко́нтурнае
ко́нтурнага ко́нтурных
Д. ко́нтурнаму ко́нтурнай ко́нтурнаму ко́нтурным
В. ко́нтурны (неадуш.)
ко́нтурнага (адуш.)
ко́нтурную ко́нтурнае ко́нтурныя (неадуш.)
ко́нтурных (адуш.)
Т. ко́нтурным ко́нтурнай
ко́нтурнаю
ко́нтурным ко́нтурнымі
М. ко́нтурным ко́нтурнай ко́нтурным ко́нтурных

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

папяро́чна-ко́нтурны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. папяро́чна-ко́нтурны папяро́чна-ко́нтурная папяро́чна-ко́нтурнае папяро́чна-ко́нтурныя
Р. папяро́чна-ко́нтурнага папяро́чна-ко́нтурнай
папяро́чна-ко́нтурнае
папяро́чна-ко́нтурнага папяро́чна-ко́нтурных
Д. папяро́чна-ко́нтурнаму папяро́чна-ко́нтурнай папяро́чна-ко́нтурнаму папяро́чна-ко́нтурным
В. папяро́чна-ко́нтурны (неадуш.)
папяро́чна-ко́нтурнага (адуш.)
папяро́чна-ко́нтурную папяро́чна-ко́нтурнае папяро́чна-ко́нтурныя (неадуш.)
папяро́чна-ко́нтурных (адуш.)
Т. папяро́чна-ко́нтурным папяро́чна-ко́нтурнай
папяро́чна-ко́нтурнаю
папяро́чна-ко́нтурным папяро́чна-ко́нтурнымі
М. папяро́чна-ко́нтурным папяро́чна-ко́нтурнай папяро́чна-ко́нтурным папяро́чна-ко́нтурных

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

сілуэ́тнасць, ‑і, ж.

У архітэктуры, скульптуры і пад. — характэрныя контурныя абрысы (будынка, скульптуры, рысунка і пад.). Пэўны ўплыў старажытнарускага жывапісу на М. Савіцкага заўважаецца таксама ў некаторай сілуэтнасці. «Полымя».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАБУСТА́Н, Кабыстан, Габустан,

гарыстае ўрочышча на ўзбярэжжы Каспійскага м. за 60 км на ПдЗ ад Баку, дзе ў чатырох пунктах знаходзяцца наскальныя «галерэі» петрогліфаў. Зафіксавана больш за 750 выяў, якія храналагічна ахопліваюць перыяд ад пачатку мезаліту да сярэдневякоўя. Сярод мезалітычных выяў пераважаюць гравіраваныя контурныя і сілуэтныя рэаліст. малюнкі людзей і быкоў. На найб. стараж. малюнках выявы пераважна рытуальных танцаў, на больш позніх пераважаюць сцэны палявання з лукам і сабакам на быка.

Петрогліфы ўрочышча Кабустан.

т. 7, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІЛЯВЫ́Я ПТУ́ШКІ,

кілягрудыя (Carinatae), або лятаючыя (Volantes), надатрад птушак. Уключае большасць сучасных птушак. Каля 35 атр., больш за 8550 відаў. Пашыраны ва ўсім свеце.

Маюць кіль (грэбень уздоўж грудной косці для прымацавання грудных мышцаў, якія прыводзяць у рух крылы) і косці, напоўненыя паветрам. Ёсць копчыкавая косць (пігастыль). У адрозненне ад бескілявых птушак добра лятаюць (акрамя некат. пастушковых). Характэрны нармальна развітыя контурныя пёры з самкнутымі махаламі, добра развітыя махавыя і рулявыя. Апярэнне размешчана пераважна на пэўных участках скуры — птэрыліях.

т. 8, с. 260

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНІ́ЖНАЯ ГРА́ФІКА,

раздзел графікі, скіраваны на гарманічнае маст. і функцыян. дапасаванне формы і зместу выдання, у т. л. на вобразнае вырашэнне кніжнага блока; адна з асн. ч. мастацтва кнігі. Уключае афармленне вонкавае (супервокладка, пераплёт або вокладка, форзац, тытульны ліст, фронтыспіс) і ўнутр. (ілюстрацыя, шрыфт, шмуцтытул, буквіца, віньетка, застаўка, канцоўка), агульнае канструяванне кнігі (кампаноўка графічнага матэрыялу, тэксту, шрыфтавая рубрыкацыя, стварэнне макета выдання).

Вытокі К.г. ў афармленні рукапіснай кнігі, дзе пераважалі мініяцюра, малюнак і каліграфія. Пасля вынаходніцтва І.​Гутэнбергам кнігадрукавання (1455) пашырылася аздабленне кніг у тэхніцы гравюры, што да 19 ст. было асн. кірункам у К.г. У 19 ст. рамесныя паліграф. працэсы заменены машыннымі, пашырыўся фотамеханічны спосаб ілюстравання. У канцы 19 ст. англ. мастак У.​Морыс вярнуўся да традыц. рамесных паліграф. працэсаў і абгрунтаваў тэорыю стварэння кнігі як цэласнага комплексу высокага паліграф. майстэрства і К.г. Прынцыпы, распрацаваныя Морысам, у спалучэнні з дасягненнямі паліграф. тэхнікі паўплывалі на далейшае развіццё К.г. (творчасць А.​Матыса, Г.​Апалінэра, П.​Пікасо, У.​Фаворскага, Н.​Ганчаровай, І.​Білібіна, Ю.​Аненкава і інш.).

На Беларусі К.г. вядома з 11 ст. (мініяцюры Тураўскага евангелля 11 ст., Аршанскага евангелля 12—13 ст., Мсціжскага евангелля 13—14 ст.; контурныя малюнкі Лаўрышаўскага евангелля 14 ст.; акварэлі Радзівілаўскага летапісу 13 ст. і інш.). Узнікненне ў 16 ст. кніжнага дрэварыту звязана з дзейнасцю Ф.​Скарыны і яго паслядоўнікаў С.​Буднага, В.​Цяпінскага і інш. З 2-й пал. 16 ст. пашырыўся медзярыт (творы Т.​Макоўскага, Л.​Тарасевіча, М. і В.​Вашчанкаў і інш.), у 19 ст.літаграфія. Вял. ўклад у развіццё К.г. зрабіў М.​Э.​Андрыёлі. На пач. 20 ст. ў К.г. працавалі М.​Філіповіч, Ф.​Рушчыц. Я.​Драздовіч, Л.​Лісіцкі, А.​Ахола-Вало, В.​Дваракоўскі, П.​Гуткоўскі і інш. У 1960-я г. закладзены асновы сучаснай бел. школы К.г. (творчасць А.​Кашкурэвіча, А.​Лось, Б.​Заборава, Г. і Н.​Паплаўскіх, В.​Шаранговіча і інш.). У 1980 — пач. 1990-х г. бел. К.г. набыла найб. вядомасць дзякуючы творам М.​Селешчука, В.​Славука, У.​Савіча, М.​Казлова, А. і В.​Александровічаў, В.​Кліменкі, Т.​Беразенскай і інш. Іл. гл. таксама да арт. Графіка, Ілюстрацыя.

Літ.:

Церашчатава В.В. Беларуская кніжная графіка, 1917—1941. Мн., 1978;

Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;

Яго ж. Искусство книги Франциска Скорины М., 1990;

Герчук Ю.Я. Художественные миры книги М., 1989.

М.​Р.​Баразна.

Да арт. Кніжная графіка. М.​Андрыёлі. Ілюстрацыя да паэмы А.​Міцкевіча «Пан Тадэвуш». 1881.
Да арт. Кніжная графіка. У.​Фаворскі. Ілюстрацыя да «маленькай трагедыі» А.​Пушкіна «Каменны госць». Выданне 1961.
Да арт. Кніжная графіка. А.​Кашкурэвіч. Спакушэнне Хрыста ў пустыні. Ілюстрацыя да «Евангелля паводле Лукі». 1990.
Да арт. Кніжная графіка. П.​Пікасо. Ілюстрацыя да камедыі Арыстафана «Лісістрата» 1934.
Да арт. Кніжная графіка. Ю.​Аненкаў. Ілюстрацыя да паэмы А.​Блока «Дванаццаць». 1918.

т. 8, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПТУ́ШКІ (Aves),

клас пазваночных жывёл; наземныя двухногія яйцародныя амніёты, прыстасаваныя да палёту. 2 падкл.: яшчарахвостыя П. (гл. Археаптэрыкс) і веерахвостыя П., або новыя (сапраўдныя). 34 атр., у т. л. 28 сучасных, каля 9 тыс. відаў. Продкамі П. лічаць стараж. (трыясавых) паўзуноў атр. псеўдазухій. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 19 атр., 307 відаў, з якіх гняздуюцца 226, сустракаюцца ў час міграцыі 26, зімуюць 11, вядомы як выпадкова залётныя 37; 75 занесены ў Чырв. кнігу. Большасць відаў арнітафауны належыць да атр. вераб’інападобных.

Памеры ад 5,5 см, масай 2 г (калібры) да больш як 2,5 м, масай да 150 кг (страус); размах крылаў да 4 м (альбатрос). Цела абцякальнай формы, укрытае пер’ем, пярэднія канечнасці ператвораны ў крылы. Шкілет лёгкі і трывалы (за кошт злучэння ці зрашчэння тонкіх пнеўматычных касцей). Грудзіна мае кіль (у бегаючых птушак адсутнічае) для прымацавання развітай лятальнай мускулатуры (у некат. відаў дасягае 50% масы цела). Шыйны аддзел з 11—25 пазванкоў, вельмі рухомы. Сістэма паветраных мяшкоў павялічвае газаабмен, забяспечвае тэрмарэгуляцыю, дазваляе змяняць шчыльнасць цела пры ныранні (у вадаплаўных П.). Скура без залоз (за выключэннем копчыкавай, якая выдзяляе сакрэт для змазкі апярэння). Пёры маюць розную будову (ніткападобныя, шчацінкі, пуховыя, контурныя) і функцыі (датыкальнага адчування, тэрмарэгуляцыі, спрыяюць абцякальнасці і ўзнікненню пад’ёмнай сілы пры палёце, ахоўваюць цела ад мех. пашкоджанняў). Дзюба (відазмененая сківіца без зубоў) пакрыта рагавым чахлом. У многіх відаў ёсць валлё. Страўнік падзелены на залозісты і мускульны (для мех. перацірання корму) аддзелы, кішэчнік доўгі. Задняя кішка і мачавы пузыр адсутнічаюць. Стрававальны тракт, мачаточнік і пратокі палавых залоз адкрываюцца ў клааку. Сэрца 4-камернае (у дробных відаў П. скарачаецца да I тыс. разоў за мінуту). Т-ра цела пастаянная, высокая (37,5—45,5 °C), абмен рэчываў інтэнсіўны, патрэбнасці ў корме вялікія (да 28% ад масы цела за дзень). Маюць вострыя каляровы зрок і слых, здольныя выдаваць разнастайныя гукі. Галаўны мозг з развітымі зрокавымі долямі і мазжачком забяспечвае высокі ўзровень нерв. дзейнасці і складаны тып паводзін. Размнажэнне цыклічнае, звязанае з сезонным развіццём палавых залоз. У час гнездавання могуць утвараць птушыныя базары. Апладненне ўнутранае, нясуць яйцы (ад 1 да 25). Па характары постэмбрыянальнага развіцця адрозніваюць вывадкавых птушак, паўвывадкавых птушак і птушанятных птушак. Жывуць асела, вандруюць або мігрыруюць (гл. Міграцыя жывёл, Кальцаванне птушак). Некат. пералётныя птушкі зімуюць на тэр. Беларусі, напр.: гракі, дразды, часам шпакі, крыжанкі, чыркі і інш. Шэраг відаў свойскіх і дэкаратыўных птушак, многія — аб’екты палявання (гл. Паляўнічыя жывёлы), некат. (арлы, сокалы, ястрабы) палююць на інш. жывёл. З пач. 16 ст. вымерла ці знішчана каля 170 відаў П. Адыгрываюць важную ролю ў харч. ланцугах біяцэнозаў, падтрымцы біял. разнастайнасці. Маюць вял. навук., гасп. і эстэт. значэнне. Існуе Міжнародны савет аховы птушак. Вывучае П. арніталогія.

Літ.:

Ильичев В.Д., Карташев Н.Н., Шилов И.А. Общая орнитология. М., 1982;

Никифоров М.Е., Яминский Б.В., Шкляров Л.П. Птицы Белоруссии. Мн., 1989;

Птицы Беларуси на рубеже XXI в. Мн., 1997;

Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік: Пер. з пол. Варшава, 2000.

Э.​Р.​Самусенка, І.​Э.​Самусенка.

Птушкі: 1 — адбітак археаптэрыкса; 2 — калібры вымпелахвостая; 3 — драфа гіганцкая; 4 — паморнік даўгахвосты; 5 — сокал балабан; 6 — зязюля малая; 7 — трагон ашыйнікавы; 8 — баклан чырванатвары; 9 — буравеснік вялікі стракататвары; 10 — гагара белашыйная.

т. 13, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)