Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРАНЗІ́НА (Bronzino; сапр.Аньёла ды Козіма; Agnolo di Cosimo) Анджэла
(17.11.1503, Мантычэлі, каля г. Фларэнцыя, Італія — 23.11.1572),
італьянскі жывапісец. Прадстаўнік фларэнційскага маньерызму. Вучыўся ў мастака-маньерыста Панторма. Зазнаў уплыў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі (1530—32). З 1540 прыдворны жывапісец Козіма І Медычы. Ствараў парадна-арыстакратычныя партрэты (Лукрэцыі Панчатыкі, каля 1540; Козіма І Медычы, 1545; Элеаноры Таледскай, каля 1545; Дж.Дорыя, 1546—47), у якіх адчужанасць, замкнёнасць вобразаў падкрэслена ўрачыста-застылай кампазіцыяй, халодным, высветленым каларытам, ілюзорнай выпісанасцю дэталяў. Аўтар карцін на рэліг. і міфал. тэмы («Святая сям’я», 1540-я г.), фрэсак у Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (1545—64) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАМБАЛО́НЬЯ
(Giambologna),
Джавані Балонья (Giovanni Bologna; сапр.Жан дэ Булонь; Jean de Boulogne; 1529, г. Дуэ, Францыя — 13.8.1608), італьянскі скульптар, прадстаўнік маньерызму. У 1554 або 1555 прыехаў у Рым, дзе, верагодна, вучыўся ў Мікеланджэла. Працаваў у Фларэнцыі пры двары Медычы, а таксама ў Балонні, Генуі. Выконваў багата дэкарыраваныя фантаны, скульпт. групы і статуі, статычныя конныя помнікі («Нептун», Балоння; «Козіма I Медычы», 1593, Фларэнцыя). Развіваючы ідэі Б.Чэліні, імкнуўся да стварэння «ідэальна круглай» скульптуры з уласцівай ёй прасторавай свабодай і магчымасцю ўсебаковага агляду (спіралепадобная па кампазіцыі група «Выкраданне сабінянак», 1583, Фларэнцыя), да арган. сувязі з прыродным асяроддзем («Алегорыя Апенін», Праталіна). Манерная вытанчанасць прапорцый і рухаў, дынамічнасць кампазіцыі, віртуозная дакладнасць апрацоўкі матэрыялу («Меркурый», 1564, Балоння, і 1580, Фларэнцыя) спалучаюцца ў Дж. з натуралістычнымі эфектамі (статуі птушак для грота вілы ў Кастэла, Фларэнцыя).