Кожынава Ала Андрэеўна

т. 18, кн. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПРО́ШЧАННЕ ў мовазнаўстве,

марфалагічны працэс; знікненне межаў паміж марфемамі, у выніку чаго з дзялімай асновы атрымліваецца недзялімая. Напр., бел. «воблака» <*ob=vlakъ<*ob=volkъ. Апрошчанне — частая з’ява пры запазычанні: бел. «варштат» < польск. warsztat < ням. Werkstatt ням. Werk ‘праца’ + Stätte ‘месца’. З апрошчваннем звязаны працэс дээтымалагізацыі і страты сувязі паміж роднаснымі словамі (бел. «трава — атрута», рус. «нож — заноза») і фузійны тып далучэння марфем (гл. Фузія). Тэрмін прапанаваны В.​А.​Багародзіцкім.

А.​А.​Кожынава.

т. 1, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТРА́Т (ад лац. ad пры, каля + stratum слой),

сляды ўзаемадзеяння мовы прышэльцаў і тубыльцаў на фанетычным, лексічным, граматычным узроўні. Пры гэтым не адбываецца асіміляцыі, а абедзве моўныя сістэмы працягваюць суіснаванне (скандынаўскі ўплыў на англ. мову 9—11 ст., цюркскі адстрат у бел. мове, напр.: кіндзюк — зельц). Часам тэрмін «адстрат» ужываецца для абазначэння ўзаемапранікнення тэрытарыяльна сумежных, але не блізкародных моў (бел. і літоўскай; напр., валандацца, клыпаць). Паняцце «адстрат» уведзена М.​Барталі ў 1936.

А.​А.​Кожынава.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́ЛЬМСЛЕЎ ((Hjelmslev) Луі Троль) (3.10.1899, Капенгаген — 30.5.1965),

дацкі мовазнавец. Праф. Капенгагенскага ун-та (з 1937). У 1931 разам з В.Брэндалем заснаваў Капенгагенскі лінгвістычны гурток (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка), які ўзначальваў да 1965. Рэдактар час. «Acta Linguistica» («Лінгвістычныя справы»). Разам з Х.​Ё.​Ульдалем распрацаваў арыгінальную лінгвістычную тэорыю — гласематыку («Пралегомены да тэорыі мовы», 1943); прапанаваў агульную тэорыю склону («Катэгорыя склону. Даследаванне па агульнай граматыцы», 1935). Аўтар працы «Мова» (1963).

А.​А.​Кожынава.

т. 6, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАЗІ́ЦЫЯ ў мовазнаўстве,

фармальнае адрозненне моўных адзінак, якому адпавядае адрозненне ў семантыцы. Так, бел. словы «лес» і «лёс» адрозніваюцца гукамі [э] і [о], што сігналізуе пра розніцу ў значэнні. У граматыцы семантычнае адрозненне рэалізуецца ў супрацьпастаўленні формаў (напр.: ‘цяперашні час’ і ‘прошлы час’ — «будуе» і «будаваў»); наяўнасць апазіцыі — абавязковая ўмова існавання граматычнага значэння. У лексіцы апазіцыя семантычных кампанентаў рэалізуецца ў лексемах (напр.: «прыйсці» — ‘пачаць знаходзіцца’ і «пайсці» — ‘перастаць знаходзіцца’ ў пэўным месцы). Упершыню паняцце апазіцыі распрацавана М.​С.​Трубяцкім.

А.​А.​Кожынава.

т. 1, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРЫЛО́ВІЧ ((Kuryłowicz) Ежы) (26.8.1895, г. Івана-Франкоўск, Украіна — 28.1.1978),

польскі мовазнавец. Акад. Польскай АН у Кракаве (1931), Польскай АН (1952), чл. шматлікіх замежных акадэмій. Вучыўся ў Львове, Вене, Парыжы. З 1929 праф. Львоўскага, Вроцлаўскага, у 1948—65 — Ягелонскага (Кракаў) ун-таў. Навук. працы ў галіне індаеўрапеістыкі, семіцкага і агульнага мовазнаўства: «Індаеўрапейскія даследаванні» (1952), «Лінгвістычныя эскізы» (1960), «Аб метадах унутранай рэканструкцыі» (1965), «Праблемы індаеўрапейскай лінгвістыкі» (1977) і інш. Зрабіў вял. ўплыў на развіццё структурнай лінгвістыкі. Распрацаваў паняцці іерархіі функцый моўных элементаў, ізамарфізму.

А.​А.​Кожынава.

т. 9, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ЙЛЯ ПІСЬМО́,

пісьмо для сляпых, заснаванае на рэльефна-кропкавым шрыфце. Распрацаваў франц. тыфлапедагог Л.Брайль. У аснове Б.п. ляжыць шрыфт Лана, складзены яшчэ ў сярэднія вякі на падставе 12 кропак. Брайль спрасціў гэтую сістэму, заснаваў свой шрыфт на камбінацыі 6 выпуклых кропак (для лічбаў — да 8). Б.п. дае магчымасць не толькі абазначаць літары, лічбы, знакі прыпынку, але і матэм., хім. і нават нотныя знакі. Першая кніга, надрукаваная Б.п., — «Гісторыя Францыі» (1837). Б.п. прыняты ва ўсіх краінах свету.

А.​А.​Кожынава.

Да арт. Брайля пісьмо: рускі алфавіт рэльефнага шрыфту Брайля (злева); лічбы паводле Брайля (уверсе справа); знакі прыпынку паводле Брайля.

т. 3, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЎРА́НЕК ((Hauránek) Багуслаў) (30.1.1893, Прага — 2.3.1978),

чэшскі мовазнавец, славіст. Адзін з заснавальнікаў Пражскага лінгвістычнага гуртка. Акад. Чэхаславацкай АН, праф. ун-та ў Брно (з 1929), Карлава ун-та ў Празе (з 1945). Працы па чэшскім мовазнаўстве («Чэшскія дыялекты», 1934; «Развіццё чэшскай літаратурнай мовы», 1936; «Нарыс літаратурнай мовы», 1963), параўнальнай граматыцы і параўн.-гіст. вывучэнні літ. слав. моў («Genera verbi ў славянскіх мовах», 1928—34). Распрацоўваў функцыянальна-структурную тэорыю. Адзін з заснавальнікаў і рэдактар часопісаў «Slavia» («Славія»), «Slovo a slovesnost» («Слова і славеснасць»), «Naše řeč» («Наша мова»). Дзярж. прэмія ЧССР 1957. А.​А.​Кожынава.

т. 5, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМЯ́НСКАЕ ПІСЬМО́,

алфавітная сістэма, створаная каля 406 арм. епіскапам Месропам Маштоцам. Узнікненне армянскага пісьма было выклікана распаўсюджаннем хрысціянства (прынята армянамі ў 301) і неабходнасцю мець богаслужэбную л-ру на арм. мове. Армянскае пісьмо мае фанематычны характар. Першапачаткова алфавіт складаўся з 36 знакаў (кожны абазначаў асобную фанему), у 12 ст. дапоўнена 2 новымі літарамі. У такім складзе выкарыстоўваецца для перадачы сучаснай арм. мовы. Да пераходу на арабскія лічбы літары мелі і лічбавае значэнне. Кірунак пісьма злева направа, літарныя знакі запісваліся асобна. У якасці вытокаў армянскага пісьма разглядаецца грэч.-візантыйскае, сірыйскае і арамейскае пісьмо, аднак адназначнага рашэння гэтае спрэчнае пытанне не знайшло.

А.​А.​Кожынава.

Армянскае пісьмо.

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАМЕ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,

складовае пісьмо кансанантнага тыпу. Узнікла на пач. 1-га тыс. да н. э. на аснове фінікійскага пісьма; фармальна — спрошчаная (курсіўная) яго форма. Алфавіт складаецца з 22 знакаў, кожны абазначае склад — «зычны + галосны (або нулявы галосны)», — да якога потым дадаюцца т.зв. matres lectionis (знакі для абазначэння доўгіх і канцавых галосных). Кірунак пісьма — справа налева. Першыя пісьмовыя помнікі армейскага пісьма датуюцца 9—8 ст. да н. э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. было пашырана ў Пярэдняй Азіі (дзелавое пісьмо Асірыі і Персіі), у 4 ст. н. э. знікла. Аснова большасці пісьмовых сістэм Пярэдняй і Цэнтр. Азіі.

А.​А.​Кожынава.

Арамейскае пісьмо. Надпіс з аазіса Тэйма (Паўн. Аравія). Сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)