Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
НА́РАЎ (Narew),
рака на Беларусі (у Пружанскім і Свіслацкім р-нах Гродзенскай вобл.) і ў Польшчы, правы прыток р.Зах. Буг (бас.р. Вісла). Даўж. 497 км (на Беларусі 44 км). Пл. вадазбору 74,8 тыс.км². Пачынаецца з вярхоўя Скаронава канала (Свіслацкі р-н) за 6 км на ПнУ ад в.Клепачы Пружанскага р-на, вусце на тэр. Польшчы. На Беларусі цячэ па Прыбугскай раўніне і праз Белавежскую пушчу. Даліна ў межах Беларусі амаль на ўсім працягу невыразная. Каналізавана 13 км рэчышча ад вытоку да вусця канала Матылёў Роў, на астатнім працягу яно звілістае, месцамі выраўнаванае, у ніжнім цячэнні зарэгулявана Загжынскім вадасх. (Польшча). Шыр. ракі ў межах 8—10 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снеж., крыгалом у сярэдзіне сакавіка. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 199 м³/с, у межах Беларусі — 5 м³/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ РАЁН,
на З Гродзенскай вобл. Беларусі. Утвораны 15.1.1940 як Крынкаўскі, з 1944 Бераставіцкі. Пл. 0,9 тыс.км². Нас. 21,5 тыс.чал., гарадскога — 33% (1996). Сярэдняя шчыльн. 26 чал./км². Цэнтр раёна — г.п.Вялікая Бераставіца, р.п.Пагранічны, 126 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 7 сельсаветаў: Алекшыцкі, Канюхоўскі, Кватарскі, Макаравецкі, Малабераставіцкі, Пархімаўскі, Эйсмантаўскі.
Тэрыторыя раёна ў межах паўд. адгалінавання Бел. грады (адгор’і Ваўкавыскага ўзвышша і Гродзенскага ўзвышша) і Верхнянёманскай нізіны. Пераважаюць выш. 160—200 м (найвыш. пункт 212 м на Пн раёна). Карысныя выкапні: торф, цагельная гліна, буд. пяскі. Сярэдняя т-растудз. -5 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 560 мм за год. Вегетац. перыяд 200 дзён. Найб.р. Свіслач з прытокамі Верацейка, Бераставічанка, Уснарка, Одла. Пашыраны дзярнова-падзолістыя глебы. Пад лясамі 16% тэр. раёна, пераважаюць хваёвыя і яловыя, трапляюцца бярозавыя, дубовыя, грабавыя лясы.
Агульная плошча с.-г. угоддзяў 50,9 тыс.га, з іх асушана 7,9 тыс.га. На 1.1.1996 у раёне 2 саўгасы і 11 калгасаў. Асн. галіны — мяса-малочная жывёлагадоўля, вырошчванне цукр. буракоў, бульбаводства. Пасевы збожжавых і кармавых культур, агародніны. Прадпрыемствы па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (масласырзавод, спіртзавод), вытв-сцьбуд. матэрыялаў (цагельны і лесазавод). Па тэр. раёна праходзіць чыг. Ваўкавыск—Пагранічны (чыг. ст. Бераставіца), аўтадарога Гродна—Пагранічны—Ваўкавыск. У раёне 8 сярэдніх, 6 базавых, муз. школы, дзіцяча-юнацкая спарт. школа, 2 ПТВ, 13 дашкольных устаноў, 23 клубы, 28 б-к, 3 бальніцы, 16 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: касцёл Яна Непамука (1850) у в.Вял. Эйсманты, царква (1860) у в. Гарбачы, царква 2-й пал. 19 ст. ў в.Клепачы, Крыжаўзвіжанскі касцёл канца 18 ст. ў в. Макараўцы, сядзібны дом 18 ст. ў в. Малая Бераставіца, царква Раства Багародзіцы (1796) у в. Масаляны, сядзіба 2-й пал. 19 ст. ў в. Муравана. Выдаецца раённая «Бераставіцкая газета».