Клень ’рыба, падобная на язя’ (Жыв. сл.), ’галавень’ (Сл. паўн.-зах.). Укр.клень, рус.клень ’тс’, балг.клен, серб.-харв.кле̏њ, славен.kleň, польск.kleń, славац.kleń, в.-луж.kleń ’тс’. Прасл.klenь ’тс’. Надзейнай этымалогіі няма. Супастаўленне з прасл.klinъ толькі тэарэтычна магчымае (гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 196). Больш верагодна супастаўленне з клён (гл.). Матывацыя наступная: час нерасту рыбы супадае з часам цвіцення клёна (Каламіец, Рыбы, 51–52). Аўтар прыводзіць іншыя назвы рыб, якія ўтварыліся ад назваў раслін. Апошнія цвітуць або пладаносяць у час нерасту рыб. Параўн. рус.земляничник, укр.березівка, бел.каласавік і інш. Прасл.klenь можна разглядаць як прыметнік klen‑jь, утвораны ад назоўніка klenъ пры дапамозе прадуктыўнага суфікса ‑jь з наступнай наміналізацыяй (Мартынаў, Дерив., 21–23). Тады klenъ ’клён’ > kleń‑jь ’кляновы’ > klenь ’галавень’ (кляновая рыба, кляноўка, параўн. укр.березівка).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Клянёк ’ялец, Leuciscus leuciscus L.’ (Жук.). Гл. клень.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ГАЛАВЕ́НЬ (Leuciscus cephalus),
рыба сям. карпавых атр. карпападобных. Пашыраны ў прэсных водах Еўропы і Пярэдняй Азіі. Жыве пераважна ў рэках з быстрай плынню, халоднай вадой, перакатамі, плёсамі і вірамі. Трымаецца ў месцах з пясчаным, камяністым або гліністым дном, каля берагоў з навіслымі над вадой кустамі і дрэвамі, пазбягае глею і ціны. На Беларусі трапляецца ва ўсіх значных рэках у невял. колькасці, пераважна ў Дняпры, Прыпяці, Бярэзіне, Сажы, Нёмане, Зах. Дзвіне. Нар. назвы галавель, клень, клянчук.
Даўж. да 80 см, маса да 8 кг. Цела падоўжанае, амаль цыліндрычнае, галава тоўстая, шырокая, крыху пляскатая (адсюль назва). Луска буйная, з цёмным абадком. Рот канцавы шырокі. Спіна цёмна-зялёная, амаль чорная, бакі серабрыстыя. Спінны і хваставы плаўнікі цёмна-сінія з жаўтаватым адценнем, грудныя аранжавыя, брушныя і анальны чырвоныя. Усёедны. Аб’ект рыбалоўства.