КЛЕ́ЙБЕР, Клайбер (Kleiber) Эрых (5.8.1890, Вена — 27.1.1956), аўстрыйскі дырыжор. Скончыў кансерваторыю і ун-т у Празе. З 1912 выступаў у гарадах Германіі. У 1923—35 генерал-музік-дырэктар Ням. дзярж. оперы ў Берліне. У 1930—32 выступаў з Нью-Йоркскім філарманічным аркестрам. У 1935 эмігрыраваў. У 1936—49 гал. дырыжор т-ра «Калон» у Буэнас-Айрэсе. У 1954—55 узначальваў Дзярж. оперу ў Берліне. Інтэрпрэтатар твораў В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, Р.​Штрауса; імкнуўся да максімальнага выяўлення аўтарскай задумы. Аўтар «Капрычыо», варыяцый і уверцюры для сімф. аркестра, канцэртаў для фп. і скрыпкі з аркестрам, камерных твораў, рамансаў.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́НДАНСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (London Philharmonic Orchestra),

адзін з лепшых аркестраў Еўропы. Засн. ў 1932 англ. дырыжорам і імпрэсарыо Т.​Бічэмам. З 1933 удзельнічаў у канцэртах Каралеўскага філарманічнага і Каралеўскага хар. т-ваў, летніх оперных спектаклях т-ра «Ковент-Гардэн», розных фестывалях. З канца 1930-х г.самаст. арганізацыя. Выканальніцкаму майстэрству ўласцівы ансамблевая зладжанасць, маляўнічасць гучання, рытмічная дакладнасць, тонкае адчуванне стылю. У рэпертуары творы сусв. класікі, англ. аўтараў, сучасных кампазітараў. У розны час аркестрам дырыжыравалі Э.​Ансермэ, Э. ван Бейнум, Б.​Вальтэр, Г.​Караян, Э.​Клейбер, Ш.​Мюнш, М.​Сарджэнт, В.​Фуртвенглер і інш. Сярод кіраўнікоў Т.​Бічэм, А.​Боўлт, Б.​Хайтынк.

т. 9, с. 343

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНСЕ́РТГЕБАЎ»

(Concertgebouw літар. канцэртны будынак),

канцэртная зала і аркестр у Амстэрдаме (Нідэрланды). Адкрыты ў 1888. Аркестрам у розныя гады кіравалі В.​Кес, В.​Менгельберг (1895—1945; пад яго кіраўніцтвам стаў адным з вядучых у Еўропе), Э. ван Бейнум, Э.​Іохум, Б.​Гайтынк і інш. З ім выступалі А.​Боўлт, Т.​Бічэм, Ф.​Буш, Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, П.​Манцё, І.​Стравінскі, В.​Таліх, Р.​Штраус і інш. Выканальніцкае мастацтва адметна высокай ансамблевай культурай, насычанасцю гучання, экспрэсіяй, тонкасцю фразіроўкі. У рэпертуары муз. класіка, творы сучасных галандскіх кампазітараў. Калектыў — першы выканаўца многіх твораў кампазітараў 20 ст. (Б.​Бартака, Л.​Яначака, С.​Пракоф’ева, А.​Руселя, З.​Кодая, Дз.​Шастаковіча і інш.). У зале «К.» акрамя канцэртаў праводзяцца муз. фестывалі: Малераўскі (з 1920), Р.​Штрауса (з 1924), Галандскі (з 1947) і інш.

т. 7, с. 591

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),

амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.​Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.​Малера (1909—11), А.​Тасканіні (1927—36), Дз.​Мітропуласа (1950—58), Л.​Бернстайна (1958—69), П.​Булеза (1971—75), З.​Меты (1978—91), К.​Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, О.​Клемперэр, Т.​Бічэм, Л.​Стакоўскі, Ш.​Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.​Чайкоўскі, А.​Рубінштэйн, А.​Дворжак, Р.​Штраус, К.​Сен-Санс, А.​Анегер, І.​Стравінскі, М.​Равель, Дж.​Энеску, Э.​Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў, У.​Горавіц, скрыпачы Я.​Хейфец, Д.​Ойстрах, І.​Сігеці, І.​Менухін і інш.

т. 11, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯМЕ́ЦКАЯ ДЗЯРЖА́ЎНАЯ О́ПЕРА (Die Deutsche Staatsoper),

адзін з буйнейшых музычных тэатраў Германіі. Адкрыты ў 1742 у Берліне як Прыдворны оперны тэатр (арх. Г.​В.​Кнобельсдорф) пастаноўкай оперы «Цэзар і Клеапатра» К.​Г.​Граўна (заснавальнік і першы кіраўнік т-ра). Да 1918 наз. Каралеўская опера. Неафіц. назва — «Тэатр на Унтэр-дэн-Ліндэн» (ад назвы вуліцы, на якой размешчаны будынак т-ра). Напачатку ставіліся пераважна італьян. і франц. оперы (спявалі італьян. спевакі), з канца 18 ст. таксама творы ням. і аўстр. кампазітараў, у т. л. В.​А.​Моцарта, Л.​Бетховена, К.​М.​Вебера, Г.​А.​Маршнера, Дж.​Меербера (у 1842—50 генерал-музік-дырэктар), Р.​Вагнера, Р.​Штрауса, П.​Дэсаў, А.​Берга, К.​Орфа, Граўна і інш. З 1923 у рэпертуары оперы і балеты П.​Чайкоўскага, М.​Рымскага-Корсакава, М.​Мусаргскага, С.​Пракоф’ева, Дз.​Шастаковіча, А.​Хачатурана, В.​Баснера, А.​Пятрова і інш. У т-ры выступалі спевакі П.​Віярдо-Гарсія, Л.​Леман, П.​Лука, Е.​Лінд, Г.​Мара, П.​Г.​Мільдэр-Гаўптман, А.​Паці. У розныя гады калектыў узначальвалі дырыжоры Граўн (1742—59), Г.​Спанціні (1820—42), М.​Шылінгс (1919—24 і 1933), Э.​Клейбер (1925—35), Ф.​Канвічны (1955—62), О.​Суітнер (з 1964—71 і з 1974), цяпер К.​Тылеман (2000). Сярод балетмайстраў: П.​Тальёні (1856—83), Г.​Кролер (1919—22), Т.​Гзоўская (1945—52), Л.​Грубер (1955—70), Э.​Бішаф (з 1972).

т. 11, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)