КЛЕ́Е ((Klee) Паўль) (18.12.1879, Мюнхенбухзе, каля г. Берн, Швейцарыя — 29.6.1940),

швейцарскі жывапісец і графік. Працаваў у Германіі, з 1933 у Берне. Вучыўся ў Мюнхенскай АМ (1898—1901). З 1921 выкладаў у «Баўгаузе», у 1930—33 у Дзюсельдорфскай АМ. Чл. аб’яднання «Сіні коннік» (1911—14), адзін з заснавальнікаў маст. груп «Новая мюнхенская сецэсія» (1914), «Блакітная чацвёрка» (1924). Малюнкам, гравюрам і акварэлям ранняга перыяду ўласцівы рысы сімвалізму і сюррэалізму, лінеарнасць і манахромнасць; ствараў гратэскныя ілюстрацыі («Кандыд» Вальтэра, 1911—12). У сталы перыяд пад уплывам П.Сезана і В.Кандзінскага, падарожжа ў Туніс у 1914 ствараў фармальныя імправізацыі, заснаваныя на суб’ектыўных вобразах і перажываннях, глыбока індывідуальна пераасэнсоўваў кубізм, абстракцыянізм, экспрэсіянізм і інш. плыні. Творам уласцівы рытмічнасць, імкненне да сімвалічнасці каларыту, арган. ўключэнне ў геаметрызаваныя кампазіцыі стылізаваных выяў птушак, дрэў, фігур людзей і інш.: «Пейзаж з зялёнымі птушкамі» (1923), «Маленькая казка нейкіх карлікаў» (1925), «Пісьмо-прывід» (1937), «Жывёліны ў гушчары» (1938). У творах 1930-х г. («Галава пакутніка», «У эміграцыю», «Вымушаны сыход», «Новыя парадкі») перадаў трагедыю змрочных часоў фашызму. У позні перыяд фігуратыўнасць работ К. ўвасаблялася праз рытм знакаў, ідэаграм, рунаў, іерогліфаў («Праект» і «Узнёсласць», 1938; «Смерць і полымя», 1940), пераважала тэматыка смерці («Змрочнае падарожжа на караблі», 1940, і інш.).

В.​Я.​Буйвал.

т. 8, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Клее П. 1/41; 11/425

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЎГАУЗ»

(Bauhaus),

Вышэйшая школа будаўніцтва і мастацкага канструявання, навучальная ўстанова і арх.-маст. аб’яднанне ў Германіі. Засн. ў 1919 ням. арх. В.​Гропіусам у г. Веймар, у 1925 пераведзена ў Дэсаў, у 1933 скасавана фашыстамі.

Абапіраючыся на эстэтыку функцыяналізму, кіраўнікі «Баўгауза» імкнуліся выпрацаваць універсальныя прынцыпы формаўтварэння ў пластычных мастацтвах, знайсці комплекснае маст. вырашэнне сучаснага матэрыяльна-прадметнага асяроддзя; развівалі ў студэнтаў здольнасць творчага асэнсавання новых матэрыялаў і канструкцый. У навучальным працэсе пераважала працоўная практыка ў вытв., маст. і праектных майстэрнях, дзе разам з вучэбнымі работамі ствараліся арх. праекты, узоры масавай прамысл. прадукцыі (мэбля, лямпы, тканіна), творы дэкар. жывапісу і пластыкі. У «Баўгацзе» выкладалі вядомыя архітэктары-функцыяналісты (Гропіус, Х.​Меер, Л.​Міс ван дэр Роэ), піянеры дызайну (І.​Ітэн, Л.​Мохай-Надзь), мастакі (П.​Клее, В.​Кандзінскі, Л.​Файнінгер, О.​Шлемер). «Баўхаус» адыграў важную ролю ў сцвярджэнні прынцыпаў рацыяналізму ў архітэктуры 20 ст. і станаўленні сучаснага маст. канструявання.

Літ.:

Гропиус В. Грантицы архитектуры: Пер. с англ. М., 1971.

Будынак «Баўгаўза» ў Веймары. Фрагмент.

т. 2, с. 354

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)