КЛА́СТЭРЫ (англ. cluster літар. пучок, рой, вялікая колькасць),

групоўкі хімічна злучаных атамаў (ад 3—4 да некалькіх дзесяткаў і нават соцень) аднаго ці розных элементаў. Устойлівыя толькі ў саставе хім. кластэрных злучэнняў і кластэрных матэрыялаў (К. размеркаваны ў сярэдзіне матрыцы, напр., графіту).

У метал. К. атамы металаў (пераважна пераходных) злучаны шматцэнтравымі сувязямі, якія ў К. з некалькі дзесяткаў атамаў трансфармуюцца ў металічную сувязь. Звычайна маюць форму шматграннікаў (тэтраэдрычных, актаэдрычных). Кластэрныя злучэнні маюць кластэрныя іоны, напр., [Fe4(CO)13]​2-, [Os6(CO)18]​2−, [Mo3NiS4]​4+, [Au55(PR3)12]​6+. У гэтых іонах метал. К., які мае зарад, злучаны з лігандамі: асобнымі атамамі (напр., галагены, сера, кісларод) ці малекуламі (напр., аксід вугляроду СО, фасфіны PR3, дзе R — арган. радыкал). Кластэрныя злучэнні тыпу Fe4S4 уваходзяць у склад ферментаў і адыгрываюць значную ролю ў біял. працэсах акіслення, фіксацыі атм. азоту і інш. Перспектыўнае выкарыстанне кластэрных злучэнняў як каталізатараў для хім. прам-сці.

Літ.:

Петров Ю.И. Кластеры и малые частицы. М., 1986;

Губин С.П. Химия кластеров: Основы классификации и строение. М., 1987.

В.​В.​Свірыдаў.

Да арт. Кластэры. Структура кластэрнага дыаніёна [Os6(CO)18]​2−.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛА́СТЭРНЫ АНА́ЛІЗ,

раздзел тэорыі распазнавання вобразаў, у якім разглядаюцца задачы разбівання (класіфікацыі) дадзенай сукупнасці аб’ектаў на групы (кластэры) блізкіх паміж сабой паводле вызначаных прыкмет аб’ектаў. Выкарыстоўваецца ў медыцыне (напр., аўтаматызаваная дыягностыка захворванняў), крыміналістыцы (напр., у дактыласкапіі), метэаралогіі (прагназаванне надвор’я), геалогіі (аналіз новых радовішчаў), распазнаванне друкаванага ці рукапіснага тэксту, мовы чалавека і інш.

Задачы К.а. бываюць з зададзеным ці невядомым лікам кластэраў, без навучання і з навучаннем з дапамогай чалавека-эксперта, з саманавучаннем распазнавання вобразаў. У залежнасці ад складанасці пастаўленай задачы для адной і той жа сукупнасці аб’ектаў можна выбіраць розныя прыкметы і іх колькасць. Адной з праблем К.а. з’яўляецца выбар найменшай колькасці незалежных прыкмет, паводле якіх адбываецца разбіванне на кластэры. Дзве групы аб’ектаў лічацца рознымі кластэрамі, калі яны выразна раздзелены і канцэнтруюцца вакол сваіх цэнтраў, маюць розную шчыльнасць размяшчэння аб’ектаў, а адлегласць паміж аб’ектамі любога кластэра значна меншая за адлегласць паміж кластэрамі.

На Беларусі даследаванні па праблемах К.а. праводзяцца ў БДУ і Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН.

Літ.:

Дюран Б., Оделл П. Кластерный анализ: Пер. с англ. М., 1977;

Т у Дж.Т., Гонсалес Р.К. Принципы распознавания образов: Пер. с англ. М., 1978.

С.​У.​Абламейка, В.​В.​Старавойтаў.

т. 8, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЕЗАСЕРАПРАТЭІ́ДЫ, жалезасерныя бялкі, Fе—S-бялкі,

клас бялкоў, прастэтычныя групы якіх складаюцца з негімінавага жалеза, комплексна звязанага з неарган. або арган. (у складзе цыстэіну) серай з утварэннем аднаго ці некалькіх Fe—S-кластэраў. Кластэры здольныя аддаваць ці прымаць электроны (але не вадарод) з абарачальнай зменай валентнасці атамаў жалеза (Fe​3+ ⇄ Fe​2+). Дзякуючы гэтаму Ж. ў жывых арганізмах выконваюць функцыю акісляльна-аднаўленчых кампанентаў у тэрмінальных ланцугах пераносу электронаў паміж флавапратэідамі і цытахромамі (гл. Дыханне). Малекулярная маса Ж. ад 6000 (ферыдаксіны бактэрый) да 12 000 (ферыдаксіны хларапластаў) і больш (ксантынаксідаза).

т. 6, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАКА́НСІЯ ў фізіцы,

дэфект крышталя, калі ў вузле крышталічнай рашоткі адсутнічае атам. Узнікае ў выніку цеплавых ваганняў атамаў, пры радыяцыйным апрамяненні, пластычнай дэфармацыі. Вакансіі абменьваюцца месцамі з суседнімі атамамі і хаатычна рухаюцца па крышталі. Рух вакансій — асн. прычына самадыфузіі (перамешвання атамаў у крышталях) і гетэрадыфузіі (узаемнай дыфузіі крышталёў, якія кантактуюць). Вакансіі могуць аб’ядноўвацца і ўтвараць складаныя дэфекты (ды- і трывакансіі, кластэры), а таксама спалучацца з дамешкамі і ўтвараць комплексы вакансій-дамешак. Наяўнасць вакансій істотна ўплывае на ўласцівасці крышталёў і фіз. працэсы (шчыльнасць, іонную праводнасць, унутр. трэнне, тэрмаапрацоўку, рэкрышталізацыю і інш.).

Літ.:

Вавилов В.С., Кив А.Е., Ниязова О.Р. Механизмы образования и миграции дефектов в полупроводниках. М., 1981.

Вакансія ў фізіцы.

т. 3, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАЛААРГАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

злучэнні, у малекулах якіх ёсць сувязь метал—вуглярод (M—C); асн. група элементаарганічных злучэнняў. Паводле характару хім. сувязі M—C адрозніваюць 2 асн. тыпы М.з.: злучэнні з σ-сувяззю (пераважна М.з. непераходных металаў); злучэнні з π-сувязямі, якія ўзнікаюць паміж атамамі пераходных металаў і арган. ненасычанымі малекуламі, ці лігандамі.

Фіз. ўласцівасці М.з. непераходных металаў залежаць ад характару сувязі метал—вуглярод. М.з. шчолачных і шчолачназямельных металаў (за выключэннем літыйарганічных злучэнняў і магнійарганічных злучэнняў, злучэнні з іоннай сувяззю M—C) — солі металу з карбаніёнам (напр., C5H5Na цыклапентадыенілнатрый), маюць высокія т-ры плаўлення, дрэнна раствараюцца ў непалярных растваральніках. Для злучэнняў з кавалентнай сувяззю (М.з. волава, свінцу, ртуцьарганічныя злучэнні) характэрны ўласцівасці арган. рэчываў: яны лятучыя, нізкаплаўкія, раствараюцца ў інертных арган. растваральніках; ніжэйшыя аліфатычныя (напр., тэтраэтылсвінец) — вадкасці, араматычныя — звычайна цвёрдыя рэчывы. Хім. ператварэнні (акісленне, узаемадзеянне з к-тамі, галагенамі, рэакцыі абмену і інш.) суправаджаюцца разрывам сувязі метал—вуглярод. М.з. пераходных металаў (акрамя плаціны) толькі з σ-сувязямі няўстойлівыя. М.з. пераходных металаў з’яўляюцца π-комплексамі, якія паводле тыпу арган. ліганду падзяляюць на алкенавыя, алкінавыя, алільныя, дыенавыя (або поліенавыя), цыклапентадыенільныя (у т. л. дыцыклапентадыенільныя злучэнні — металацэны; гл. Ферацэн) і арэнавыя. Вядомыя бі- і поліядз. М.з. з сувязямі паміж атамамі металу (гл. Кластэры). Хім. ўласцівасці π-комплексных М.з. вызначаюцца прыродай лігандаў і ў меншай ступені залежаць ад прыроды металу.

т. 10, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)