КЛА́РКІ элементаў,

лічбавыя ацэнкі сярэдняй колькасці хім. элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы Зямлі ў цэлым, касм. целах або інш. геахім. (космахім.) сістэмах. Выражаюцца ў масавых, атамных, аб’ёмных працэнтах, праміле (‰), мільённых частках (г/т), у працэнтах адносна аднаго элемента, найб. пашыранага (напр., крэмнію). Маюць значэнне для аховы прыроды, у стратыграфіі, пры пошуках і прамысл. ацэнцы радовішчаў карысных выкапняў, палеагеагр. рэканструкцыях, трасіраванні разломаў, вывучэнні геахіміі ландшафтаў і інш. У горных пародах рэгіёнаў або геахім. правінцыі К. наз. мясцовымі. К. зямной кары ў працэнтах ад масы вызначаны сав. геолагам П.​М.​Чырвінскім і амер. геахімікам Ф.У.Кларкам (у гонар якога ў 1923 сав. вучоны А.​Я.​Ферсман прапанаваў тэрмін «К.»). Атамныя К. ўвёў Чырвінскі. К. біясферы вызначаны У.​І.​Вярнадскім. Вял. ўклад у вывучэнне К. зрабілі вучоныя нарв. Ю.Г.​Л.​Фогт і В.​М.​Гольдшміт, амер. Г.​С.​Вашынгтон і сав. Вярнадскі, Ферсман, А.​П.​Вінаградаў і інш. На Беларусі К займаліся Ін-т геахіміі і геафізікі АН Беларусі і ВА «Беларусьгеалогія». Праведзена геахім. раянаванне тэр. рэспублікі, вылучаны вобласці, перспектыўныя на каляровыя і рэдкія металы, россыпы і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Кларкі элементаў 3/410; 6/8—9, 255; 11/448

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАРК ((Clarke) Франк Уіглсуарт) (19.3.1847, г. Бостан, ЗША — 23.5.1931),

амерыканскі геахімік. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1911). Скончыў Гарвардскі ун-т (1867). З 1874 праф. ун-та ў г. Цынцынаты. У 1883—1924 гал. хімік Геал. камітэта ЗША. Навук. працы па вызначэнні складу розных неарганічных прыродных утварэнняў і зямной кары. Распрацаваў метад і правёў падлікі сярэдняга хім. складу зямной кары (гл. Кларкі).

т. 8, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кларк

[англ. F. Clarke = прозвішча амер. геахіміка (1847—1931)];

кларкі элементаў — колькасныя паказчыкі змяшчэння хімічных элементаў у зямной кары, гідрасферы, атмасферы, горных пародах, касмічных аб’ектах і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЕАХІ́МІЯ (ад геа... + хімія),

навука аб хім. саставе Зямлі, пашырэнні, размеркаванні і міграцыі хім. элементаў і іх ізатопаў у геасферах; частка касмахіміі. Даследуе колькасць і размеркаванне хім. элементаў і іх ізатопаў у мінералах, горных пародах, рудах, прыродных водах і газах, жывых арганізмах, зямной кары, мантыі і Зямлі цалкам, касм. аб’ектах, а таксама геахімічныя працэсы.

Падзяляецца на агульную геахімію, бія-, гідра-, газа- (атма-), літа-, радыегеахімію, геахімію ландшафтаў, глеб, магматычных, асадкавых, гідратэрмальных, гіперагенных працэсаў, асобных хім. элементаў, ізатопаў, арганічную, рэгіянальную, аналітычную, геахімію тэхнагенезу і інш. Цесна звязана з мінералогіяй, крышталяхіміяй, петралогіяй, геалогіяй карысных выкапняў, тэктонікай, геафізікай і інш. Геахім. даследаванні шырока выкарыстоўваюцца пры пошуках карысных выкапняў, рашэнні практычных задач сельскай гаспадаркі і рацыянальнага прыродакарыстання, у медыцыне, ахове навакольнага асяроддзя. Звесткі пра хім. склад прыродных аб’ектаў назапашваліся да канца 19 ст. дзякуючы працам Л.​Элі дэ Бамона (Францыя), Г.​Бішафа (Германія), Р.​Бойля (Вялікабрытанія), І.​Я.​Берцэліуса (Швецыя) і інш. Ролю геахім. працэсаў у геалогіі падкрэслівалі М.​В.​Ламаносаў, Дз.​І.​Мендзялееў, В.​М.​Севяргін, А.​Гумбальт. Тэрмін «геахімія» ўвёў у 1838 ням. вучоны К.​Ф.​Шонбайн. У 1889 амер. вучоны Ф.​Кларк вылічыў сярэднія колькасці элементаў у зямной кары, якія атрымалі назву кларкі. Як навука геахімія аформілася ў 1-й пал. 20 ст. Яе заснавальнікі: У.І.Вярнадскі, В.М.Гольдшміт, А.Я.Ферсман. Вял. ўклад у развіццё геахіміі зрабілі А.​П.​Вінаградаў, А.​А.​Саўкаў, В.​У.​Кавальскі (Расія), К.​Ранкама, Т.​Сахама (Японія) і інш.

На Беларусі геахім. даследаванні арганізаваны ў 1953 К.​І.​Лукашовым у БДУ, з 1957 у АН Беларусі. Сучасныя цэнтры даследаванняў — Ін-т геал. навук Нац. АН (К.І. і В.​К.​Лукашовы, У.​А.​Кузняцоў, В.​М.​Шчарбіна, А.С. і А.​А.​Махначы, Г.​В.​Багамолаў, А.​В.​Кудзельскі, А.​М.​Пап, І.​В.​Найдзянкоў), Бел. НДІ глебазнаўства і аграхіміі (Т.​Н.​Кулакоўская, С.​Н.​Іваноў), Ін-т праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі (В.​Б.​Кадацкі і інш.), БДУ (І.​С.​Лупіновіч, Я.​П.​Пятраеў) і інш. Геахім. вывучэнне тэр. Беларусі накіравана на пашырэнне мінер.-сыравіннай базы, ацэнку геаэкалагічных умоў і змяншэнне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

У.​А.​Кузняцоў.

т. 5, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)