КАШТА́НАВІК, дубовік (Gyroporus castaneus),

шапкавы базідыяльны грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы; на Беларусі — усюды. Расце пераважна ў лісцевых лясах на пясчанай глебе паасобку і невял. групамі. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела ў выглядзе шапкі на ножцы. Шапка дыям. 4—9 см, падушкападобна-пукатая, потым плоская, амаль гладкая, чырванавата- або карычнявата-бураватая, каштанавая. Мякаць шчыльная з прыемным пахам і смакам, колер не змяняе. Трубачкі свабодныя. белыя, потым крэмаватыя з дробнымі акруглымі порамі. Ножка выш. 5—7, дыям. 1,5—3 см, цыліндрычная, да асновы злёгку расшыраецца, губчатая ці полая, гладкая, аднаго колеру з шапкай. Споры яйцападобныя, гладкія, жаўтаватыя. Спажываецца свежы, марынаваны, салёны.

Каштанавік.

т. 8, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБО́ВІК,

грыб, тое, што каштанавік.

т. 6, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХАВІКІ́ (Xerocomus),

род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. балетавых. 5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі 5 відаў М.: зялёны, ці заечы баравік (X. subtomentosus), каштанавік, або польскі грыб (X. badius), паразітны (X. parasiticus), стракаты, ці чырв., ці казляк (X. chrysenteron), чырванеючы (X. rubellus). Трапляюцца ў хвойных і лісцевых лясах. Пладовыя целы з’яўляюцца ў ліп.—верасні.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. 5—12 см, жоўтая, буравата-аліўкавая, слізістая або сухая. Спараносны слой трубчасты, жоўты, зеленавата-жоўты. Ножка цыліндрычная, суцэльная, валакністая. Мякаць белая або жаўтаватая з прыемным пахам і смакам, часта на зломе сінее. Споры верацёнападобныя, гладкія, бура-жоўтыя. Ядомыя.

С.​С.​Колас.

Махавікі.

т. 10, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)