Качкар, гл. Архар

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЧКА́Р,

млекакормячая жывёла, гл. Архар.

т. 8, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХА́Р, горны баран, аргалі, аркар,

качкар (Ovis ammon),

млекакормячая жывёла роду горных бараноў атр. парнакапытных. Каля 25 падвідаў. Пашыраны на а-вах Міжземнага м., у Пярэдняй, Сярэдняй, Цэнтр., Паўн.-Усх. і часткова Паўн. Азіі. Жыве статкамі на спадзістых схілах і высокіх горных плато.

Даўж. цела 1,1—2 м, выш. ў карку 0,65—1,25 м, маса ад 25 да 230 кг. Рогі масіўныя, выгнутыя, даўж. да 1,9 м, масай да 30 кг. Корміцца травой. Ягняты (1—2) нараджаюцца вясной. Каштоўная прамысл. жывёла, здабываецца дзеля мяса і скуры. Выкарыстоўваецца для гібрыдызацыі са свойскімі пародамі авечак (выведзены танкарунныя пароды — горны мерынос і архарамерынос). Ахоўваецца.

Архар.

т. 1, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (ад грэч. Pontos Чорнае мора),

паўночныя ўскраінныя горы ў складзе Малаазіяцкага нагор’я ў Турцыі. Даўж. каля 1000 км (уздоўж узбярэжжа Чорнага мора). Выш. да 3937 м (г. Качкар). Падзяляюцца на Зах. П.г. (сярэдневышынныя з выраўнаванымі вяршынямі, паступова паніжаюцца пры набліжэнні да прал. Басфор), горы Джанік і Усх. П.г. (маюць альпійскія формы рэльефу), падзеленыя глыбокімі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Сфарміраваны ў альпійскую складкаватасць, складзены з парод меза-кайназою, месцамі перарваных гранітнымі інтрузіямі. На З складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў, на У — з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў, вулканічных парод. Моцная сейсмічнасць. Прарэзаны скразнымі далінамі рэк Кызыл-Ірмак, Ешыль-Ірмак і інш. Паўн. схілы П.г. укрыты шыракалістымі лясамі з бука, граба, каштана, ліпы з вечназялёным падлескам на горных чырваназёмах і жаўтазёмах. На выш. 600—700 м мяшаныя і хваёвыя лясы на горных буразёмах, вышэй субальпійскія хмызнякі і горныя лугі. На паўд. схілах — стэпы, паўпустыні, хмызнякі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, тытунь, цукр. буракі, вінаград і садовыя культуры. Нац. паркі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)