КАЧА́ЛАЎ (сапр. Шверубовіч) Васіль Іванавіч

(11.2.1875, Вільня — 30.9.1948),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Беларус па паходжанні. З 1900 у трупе МХАТа. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Мастацтва К. вызначалася глыбокім трагізмам, майстэрствам пераўвасаблення, псіхал. і жыццёваю дакладнасцю. Сярод лепшых роляў: Трафімаў, Тузенбах («Вішнёвы сад», «Тры сястры» А.​Чэхава), Барон, Захар Бардзін («На дне», «Ворагі» М.​Горкага), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава), Гамлет, Юлій Цэзар (аднайм. п’есы У.​Шэкспіра), Іван Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.​Дастаеўскага), Вяршынін («Браняпоезд 14—69» У.​Іванава). Майстар маст. слова. Стварыў жанр эстр. выканання драм. твораў, т. зв. мантажы, дзе выканаў некалькі роляў. Дзярж. прэмія СССР 1943.

В.І.Качалаў.

т. 8, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Качалаў М. М. 3/577

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Качалаў В. І. 5/524—525; 6/319; 7/69; 9/116, 429; 10/369

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Шверубовіч В. І., гл. Качалаў В. І.

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ НАВУКО́ВА-КУЛЬТУ́РНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БНКТ) у Маскве, згуртаванне беларускай інтэлігенцыі ў 1918—19. Створана пры садзеянні Беларускага нацыянальнага камісарыята. Асн. задачы: развіццё навукі і культуры Беларусі, правядзенне культ.-асв. работы сярод беларусаў. На першым пасяджэнні (14.7.1918) прысутнічала больш за 1000 чал. У т-ва ўваходзілі У.​І.​Пічэта (старшыня праўлення), В.​Р.​Брайцаў, Я.​Л.​Дыла, В.​І.​Качалаў, М.​К.​Любаўскі, Ф.​Ф.​Турук, М.​А.​Янчук і інш. Т-ва планавала выданне матэрыялаў па этнаграфіі Беларусі, зборнікаў бел. фальклору і бел. л-ры, гіст. і эканам. літаратуры. Быў падрыхтаваны час. «Белорусская жизнь» (не выйшаў).

В.​У.​Скалабан.

т. 2, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАСКО́ЎСКАЯ АПЕРЭ́ТА», Маскоўскі дзяржаўны акадэмічны тэатр аперэты,

адзін з буйнейшых т-раў аперэты Расіі. Створаны ў 1927 як Маскоўскі дзяржаўны т-р аперэты на базе прыватнай трупы (працавала з 1922). З 1988 акадэмічны. З 1992 сучасная назва. Сярод пастановак аперэты, муз. камедыі і мюзіклы рас. кампазітараў, у т. л. «Жаніхі», «Залатая даліна», «Вольны вецер», «Белая акацыя» І.​Дунаеўскага, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава, «Халопка» М.​Стрэльнікава, «Пацалунак Чаніты», «Дзявочы перапалох» і «Трэмбіта» Ю.​Мілюціна, зарубежных класікаў і сучасных аўтараў, у т. л. «Граф Люксембург», «Вясёлая ўдава», «Марыца» Ф.​Легара, «Лятучая мыш» І.​Штрауса, «Сільва», «Фіялка Манмартра», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана, «Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу і інш. У розныя гады ў т-ры працавалі В.​Алчэўскі, С.​Анікееў, Т.​Бах, М.​Бравін, М.​Дняпроў, М.​Качалаў, Р.​Лазарава, Е.​Лебедзева, К.​Новікава, Р.Ярон (рэж., у 1927—39 і 1942—45 маст. кіраўнік), Г.​Ансімаў (у 1964—75 маст. кіраўнік), В.​Багачоў, Ю.​Багданаў, С.​Варгузава, Г.​Васільеў, Ю.​Ведзянееў, У.Кандэлакі (у 1954—64 гал. рэж.), К.​Кузьміна, В.​Мішле, І.​Муштакова, М.​Рубан, Т.​Саніна, Т.Шмыга і інш.

Літ.:

Московская оперетта, 50. М., 1977.

т. 10, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСТА́ЦКАЕ ЧЫТА́ННЕ,

публічнае выкананне твораў л-ры; від эстрады.

Вытокі М.ч. ў мастацтве дэкламацыі Стараж. Грэцыі і Рыма. У жанры М.ч. выступалі вядомыя зах.-еўрап. акцёры [браты Каклен, В.​Дэжазэ (Францыя), І.​Кайнц (Германія), Г.​Ірвінг (Англія) і інш.]. Выразнае вуснае слова — у аснове нар. мастацтва скамарохаў, акынаў, ашугаў. У Расіі як прафес. М.ч. зарадзілася ў 19 ст. на вечарах літ. чытанняў М.​Шчэпкіна. Майстрамі М.ч. былі В.​Качалаў, І.​Масквін, Дз.​Арлоў, І.​Ільінскі і інш.

На Беларусі заснавальнікам М.ч. лічыцца Сімяон Полацкі (у 1656 падрыхтаваў дэкламацыю «Прывітальныя вершы цару Аляксею Міхайлавічу»). У пач. 20 ст. з М.ч. выступалі акцёры т-ра Буйніцкага (А.​Бурбіс, В.​Буйніцкая, П.​Швайка, Я.​Хвеакціст і інш.), у 1920—30-я г. — У.​Галубка (С.​Бірыла, А.​Блажэвіч, В.​Вазнясенскі, Г.​Качынская і інш.). З 1940-х г. М.ч. развіваецца як самастойны від выканальніцтва. Сярод бел. чытальнікаў Р.​Дзідзенка, Г.​Дзягілева, М.​Зорын, М.​Казінін, І.​Лакштанаў, Г.​Рыжкова, А.​Слесарэнка, М.​Шышкін. Па радыё і тэлебачанні з М.ч. выступалі і выступаюць артысты Г.​Глебаў, П.​Малчанаў, Б.​Платонаў, Л.​Рахленка, Л.​Ржэцкая, І.​Шаціла, В.​Анісенка, Ф.​Варанецкі, Л.​Давідовіч, П.​Дубашынскі, М.​Захарэвіч, Р.​Маленчанка, В.​Тарасаў, Б.​Уладамірскі, В.​Шушкевіч і інш.

Літ.:

Аксенов В.Н. Искусство художественного слова. 2 изд. М., 1962;

Смоленский Я.М. Искусство звучащего слова. М., 1967;

Каляда А.А. Выразнае чытанне. 3 выд. Мн., 1989.

А.​А.​Каляда.

т. 10, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКО́ЎСКІ МАСТА́ЦКІ АКАДЭМІ́ЧНЫ ТЭА́ТР (МХАТ). Засн. ў 1898 К.Станіслаўскім і У.Неміровічам-Данчанкам як Маскоўскі Мастацкі тэатр

(МХТ) з аматараў Т-ва мастацтва і л-ры і выхаванцаў Муз.-драм. вучылішча Маск. філарманічнага т-ва. З 1919 акадэмічны, з 1932 імя М.​Горкага. Ажыццявіў праграму абнаўлення т-ра, у т. л. рэпертуару, акцёрскага мастацтва, рэжысуры. Першы спектакль — «Цар Фёдар Іаанавіч» А.​Талстога (1898). Творчую накіраванасць т-ра вызначылі пастаноўкі наватарскіх п’ес А.​Чэхава («Чайка», 1898; «Дзядзька Ваня», 1899; «Тры сястры», 1901; «Вішнёвы сад», 1904) і М.​Горкага («Мяшчане», «На дне», абодва 1902). Першую трупу склалі акцёры В.​Кліпер-Чэхава, І.​Масквін, М.​Ліліна, М.​Андрэева, А.​Арцём, У.​Меерхольд і інш.; пазней у трупу ўвайшлі В.​Качалаў, Л.​Леанідаў. Сярод лепшых спектакляў МХТ «Гора ад розуму» А.​Грыбаедава (1906),

«Сіняя птушка» М.​Метэрлінка (1908), «Месяц у вёсцы» І.​Тургенева (1909), «Гамлет» У.​Шэкспіра (1911), «Прытворна хворы» Мальера (1913) і інш. У студыях МХТ (1-я з 1913, з 1924 — Маскоўскі Мастацкі тэатр другі; 2-я студыя з 1916; 3-я — з 1920; 4-я — з 1921) падрыхтоўка акцёраў ажыццяўлялася паводле Станіслаўскага сістэмы. У 1920-я г. са студый і інш. тэатраў у трупу прыйшлі акцёры В.​Андроўская, М.​Балдуман, М.​Баталаў, А.​Георгіеўская, Б.​Дабранраваў, Н.​Зуева, М.​Кедраў, А.​Ктораў, Б.​Ліванаў, П.​Масальскі, М.​Прудкін, В.​Сганіцын, А.​Сцяпанава, А.​Тарасава, В.​Тапаркоў, М.​Тарханаў, М.​Хмялёў, К.​Яланская, М.​Яншын і інш.; рэжысёры Б.​Вяршылаў, М.​Гарчакоў, І.​Судакоў. У 1920—40-я г. ставіліся п’есы М.​Булгакава, У.​Іванава, К.​Транёва, А.​Карнейчука, В.​Катаева, Л.​Лявонава і інш. Новае вытлумачэнне набыла класічная рус. і замежная драматургія. У Вял. Айч. вайну ставіліся п’есы Карнейчука, К.​Сіманава, А.​Крона. Сярод спектакляў 1950—60-х г. — «Плады асветы» Л.​Талстога, «Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера, «Залатая карэта» Лявонава, «Мілы лгун» Дж.​Кілці і інш. У 1960-я г. т-р знаходзіўся ў крызісе. З 1970 гал. рэж. А.​Яфрэмаў. Пастаўлены п’есы «Апошнія» М.​Горкага (1971), «Сола для гадзінніка з боем» О.​Заградніка (з А.​Васільевым, 1973), «Іванаў» (1976), «Чайка» (1980) і «Дзядзька Ваня» (1985) Чэхава, а таксама п’есы А.​Гельмана, М.​Рошчына, М.​Шатрова, А.​Мішарына. У т-ры працавалі І.​Смактуноўскі, А.​Калягін, Т.​Дароніна, А.​Папоў, А.​Мягкоў, Т.​Лаўрова, Я.​Еўсцігнееў, К.​Васільева, А.​Табакоў і інш. У 1980-я г. найб. значныя спектаклі пастаўлены рэжысёрамі А.​Эфрасам, Л.​Додзіным, М.​Разоўскім, К.​Гінкасам і інш. У 1987 т-р падзяліўся на 2 трупы: пад маст. кіраўніцтвам Яфрэмава (з 1989 МХАТ імя Чэхава) і Даронінай (МХАТ імя М.​Горкага). На Беларусі працавалі рэжысёры МХАТ: І.​Раеўскі (пастаноўкі ў бел. т-рах імя Я.​Коласа і Я.​Купалы), Судакоў (гал. рэж. Бел. т-ра імя Я.​Купалы ў 1952—55). З 1923 існуе музей МХАТ. З 1943 працуе Школа-студыя імя Неміровіча-Данчанкі.

т. 10, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)