Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КАРЫ́БСКІ БАНК РАЗВІЦЦЯ́,
спецыялізаваны орган супрацоўніцтва краін Карыбскага басейна. Створаны ў 1969. Яго ўдзельнікамі з’яўляюцца 12 краін-членаў Карыбскага супольніцтва (Барбадас, Беліз, Гаяна, Гранада і інш.), а таксама Багамскія а-вы, Канада, Вялікабрытанія і яе ўладанні на Карыбскіх а-вах. З 1972 членамі К.б.р. сталі Венесуэла і Калумбія. Афіц. мэта банка — садзейнічаць эканам. і сац. развіццю краін-членаў, аказваць ім тэхн. дапамогу і інш.Асн. крэдытнай крыніцай у рамках К.б.р. выступае Спец. фонд развіцця, створаны ЗША, Вялікабрытаніяй, Канадай і Венесуэлай. Кіруючыя органы — Савет кіруючых і Выканаўчы к-т. Месцазнаходжанне — г. Брыджтаўн (Барбадас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЫ́БСКІ КРЫ́ЗІС 1962, Кубінскі крызіс,
канфлікт паміж ЗША і СССР вакол Кубы; адзін з найб. небяспечных для міжнар. міру эпізодаў «халоднай вайны». Выкліканы тайным размяшчэннем з чэрв. 1962 сав.ядз. ракет сярэдняй далёкасці на в-ве Куба. 16.9.1962 амер. разведвальны самалёт У-2 выявіў сав. ракеты на Кубе. Прэзідэнт Дж.Ф.Кенэдзі абвясціў марскую блакаду вострава (ажыццяўлялася 24.10—21.11.1962 сіламі 183 караблёў ВМС ЗША) і запатрабаваў ад СССР вывесці ракеты з Кубы. Абодва бакі прывялі ў стан баявой гатоўнасці свае стратэг.ядз. сілы, што пагражала выбухам ядз. вайны ў свеце. СССР пагадзіўся на вывад ракет у абмен на гарантыі бяспекі для Кубы і абяцанне вывесці амер. ракеты з Турцыі. Дагаворы аб гэтым дасягнуты ў канцы кастр. — пач.ліст. 1962 на сав.-амер. перагаворах з удзелам кубінскіх прадстаўнікоў і ген. сакратара ААН. У выніку К.к. была наладжана пастаянная прамая тэлеф. ўрадавая сувязь («гарачая лінія») паміж Масквой і Вашынгтонам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ДА (Ojeda, Hojeda) Алонса дэ (каля 1470, г. Куэнка, Іспанія — каля 1515), іспанскі мараплавец, канкістадор. Удзельнік 2-й экспедыцыі (1493—96) Х.Калумба. У пошуках золата першы з еўрапейцаў трапіў ва ўнутр. раёны Гаіці. У 1499—1500 узначаліў экспедыцыю (з удзелам А.Веспучы), якая адкрыла бераг Гвіяны і шэраг астравоў, у т. л. Кюрасао. У 1502 зноў абследаваў карыбскі бераг Венесуэлы, у 1508—10 — паўн. бераг Калумбіі і заснаваў там крэпасць, паклаўшы пачатак іспанскай каланізацыі Паўд. Амерыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́НЭДЗІ ((Kennedy) Джон Фіцджэралд) (29.5.1917, г. Бруклайн, ЗША — 22.11.1963),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Брат Р.Ф.Кенэдзі. Скончыў Гарвардскі ун-т (1940). Удзельнік 2-й сусв. вайны, афіцэр флоту. Пасля вайны журналіст. У 1947—53 чл. палаты прадстаўнікоў кангрэса ЗША, у 1953—61 сенатар ад штата Масачусетс. У 1961—63 прэзідэнт ЗША ад Дэмакр. партыі. Намагаўся ажыццявіць праграму сац.-эканам. рэформ, у т. л. абмежаваць расавую дыскрымінацыю неграў у ЗША, імкнуўся вырашыць складаныя міжнар. праблемы праз перагаворы (напр., Карыбскі крызіс 1962). Аўтар кніг «Нацыя імігрантаў» (1959), «Рысы мужнасці» (1962) і інш. Забіты ў г. Далас у час паездкі па краіне напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 1964. Паводле афіц. версіі спец. камісіі на чале з старшынёй Вярх. суда ЗША Э.Уорэнам (вер. 1964), прызначанай прэзідэнтам ЗША Л.Джонсанам, К. забіў амерыканец Л.Х.Освальд (некаторы час жыў у Мінску), які нібыта дзейнічаў адзін.
Літ.:
Громыко А. Даллаская трагедия // Покушение или убийство по политическим мотивам. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГІ́ЛЬЯ, Ангуіла (Anguilla),
уладанне Вялікабрытаніі ў Вест-Індыі, на а-вах Ангілья і Самбрэра ў паўн. частцы М. Антыльскіх а-воў. Пл. 91 км². Нас. 8,8 тыс.чал. (1992), пераважна афр. паходжання. Афіцыйная мова — англійская. Пануючая рэлігія пратэстантызм (англіканства і метадызм). Адм. цэнтр — г. Валі. Нац. свята — Дзень Ангільі (20 мая).
Прырода. Ангілья — нізкі вапняковы востраў, акаймаваны рыфамі. Развіты карст. Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячныя т-ры паветра 18—24 °C. Ападкаў 700—1200 мм за год. Характэрны моцныя ўраганы ў канцы лета. Глебы чырваназёмныя, расліннасць — другасная саванна.
Гісторыя. Востраў адкрыты ў 1493 Х.Калумбам. Першыя паселішчы засн. ў 1631 галандцамі. З 1650 англ. калонія, якую ў 1745 і 1796 спрабавала захапіць Францыя. З 1882 Ангілья адміністрацыйна аб’яднана з а-вамі Сент-Кітс і Невіс; разам з імі ўваходзіла ў 1958—62 у Вест-Індскую федэрацыю; у лют. 1967 астравы набылі статус «асацыіраванай з Вялікабрытаніяй дзяржавы». Пасля заявы пра разрыў з Сент-Кітсам і Невісам (1967) Ангілья ў лют. 1969 у аднабаковым парадку абвясціла сябе незалежнай рэспублікай. У сак. 1969 Вялікабрытанія высадзіла на Ангілью свае войскі і аднавіла кантроль над востравам. У 1976 Ангілья атрымала частковае самакіраванне. Аддзяленне Ангільі ад астатніх астравоў у 1980 замацавана англ. парламентам. Дзейнічаюць Нац. альянс, Дэмакр. партыя.
Гаспадарка. Аснову эканомікі складаюць турызм, вытв-сць лодак, здабыча солі і морапрадуктаў. С.-г. патэнцыял абмежаваны. Апрацоўваецца 5% тэрыторыі. Доля сельскай гаспадаркі і рыбалоўства не перавышае 10% валавога ўнутр. прадукту (ВУП). Асн. культуры — батат, гарох, сорга, кукуруза. На мясц. патрэбы гадуюць авечак, коз, свіней. Вядзецца лоўля рыбы і амараў, здабываецца соль. На турызм прыпадае 29% (1987) ВУП. Асн. транспарт — аўтамабільны. Працягласць дарог 90 км, з іх 46 км з цвёрдым пакрыццём. 2 гавані — Роўд-Бей і Блоўінг-Пойнт. Аэрапорт Уолблейк. У пач. 1990 у Ангільі зарэгістравана 45 замежных аддз. банкаў. Знешняя фін. дапамога (у асн. Вялікабрытаніі) складае каля 3 млн. долараў за год. Ангілья экспартуе соль у Трынідат і Табага, амараў на сумежныя астравы (асн. крыніца экспартных паступленняў каля 64% прыбытку ў 1987). Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ГУА І БАРБУ́ДА (Antigua and Barbuda),
дзяржава ў Вест-Індыі, на а-вах Антыгуа, Барбуда і Рэдонда ў групе М.Антыльскіх а-воў у Карыбскім моры. Пл. 442,6 км². Нас. 65 тыс.чал. (1993), у асн. негры. Афіц. мова — англійская. Большасць вернікаў — пратэстанты (англіканская царква). Сталіца — горад і порт Сент-Джонс (на в-ве Антыгуа). Падзяляецца на 7 раёнаў. Кіраўнік дзяржавы фармальна — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам. Двухпалатны парламент (палата прадстаўнікоў і сенат) ажыццяўляе заканад. ўладу. Урад узначальвае прэм’ер-міністр, якога прызначае ген.-губернатар.
Прырода. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў. Паверхня ўзгорыстая, выш. да 402 м (в-аў Антыгуа). Клімат трапічны пасатны, гарачы. Сярэднямесячная т-ра ад 15 да 33 °C. Ападкаў каля 1300 мм за год. Восенню характэрны ўраганы. Адносная раўніннасць, адсутнасць рачной сеткі і недастатковасць ападкаў выклікаюць перыяд. засухі. Вострай з’яўляецца праблема прэснай вады (атрымліваюць з артэзіянскіх калодзежаў).
Гісторыя. Старажытныя насельнікі Антыгуа і Барбуда — індзейцы. Пасля адкрыцця астравоў Х.Калумбам (1493) тут з’явіліся ісп. каланізатары. Потым Барбуда (у 1628) і Антыгуа (у 1632) каланізаваны англ. пасяленцамі. На кароткі час астравы трапілі пад уладу Францыі, з 1667 сталі брыт. калоніяй. Пасля вынішчэння карэннага насельніцтва на іх пасялілі нявольнікаў-неграў з Афрыкі, якіх прымушалі працаваць на плантацыях цукр. трыснягу. У 1834 рабства адменена. У 1871—1956 тэр. Антыгуа і Барбуда — частка брыт. калоніі «Федэрацыя Падветраных астравоў»; у 1958—62 уваходзіла ў Вест-Індскую федэрацыю. У 1967 Антыгуа і Барбуда атрымалі аўтаномію як «асацыіраваная з Вялікабрытаніяй дзяржава»; 1.11.1981 абвешчана іх незалежнасць. У 1981 краіна ўступіла ў ААН, Арг-цыю Амер. Дзяржаў, у 1982 — у Карыбскае супольніцтва, з 1983 мае статус наглядальніка ў Руху недалучэння. Дзейнічаюць Лейбарысцкая партыя Антыгуа (створана пасля 1940), Аб’яднаная прагрэсіўная партыя (з 1992).
Гаспадарка арыентавана на турызм, які забяспечвае 60% валавога ўнутр. прадукту (ВУП; 424 млн.дол., 1991), 70% занятасці насельніцтва і валютных паступленняў (1990). Сельская гаспадарка (вырошчванне цукр. трыснягу, бананаў, какосавых арэхаў, манга, цытрусавых і інш.) дае 4% ВУП, прам-сць (вытв-сць цукру, какосавага і бавоўнавага алею, зборка быт. электратэхнікі, нафтаперапрацоўка) — 5%, транспарт і сфера паслуг — 8%. Даўж. аўтадарог 548 км, вузкакалейнай чыгункі каля 80 км. Экспарт: нафтапрадукты, трансп. абсталяванне, цукар-сырэц, патака-мелес, бавоўна-сырэц, цытрусавыя. Імпарт: паліва, прадукты харчавання, тэкст. тавары, піламатэрыялы і інш.Гал. знешнегандл. партнёры — Вялікабрытанія, ЗША, Канада, Японія, КНР, карыбскія і зах.-еўрап. краіны. Грашовая адзінка — усх.-карыбскі долар.