КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Ян) (28.5.1836, в. Субартоніс Варэнскага р-на, Літва — 14.6.1903),

польскі лінгвіст, этнограф, фалькларыст, музыказнавец. Акад. Акадэміі ведаў у Кракаве (1887, чл.-кар. 1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1857). Вучыўся ў Парыжы і Гайдэльбергу (1857—59), у Брусельскай кансерваторыі (1859—60). У 1871—82 жыў і працаваў на Беларусі ў маёнтках Подзітва (Воранаўскі р-н) і Вішнеў (Смаргонскі р-н). З 1882 у Гайдэльбергу, Дрэздэне, Празе, з 1887 у Варшаве. Аўтар лінгвістычных прац «Слоўнік польскай мовы» (т. 1—8, 1900—27, у сааўт.), «Слоўнік польскіх гаворак» (т. 1—6, 1900—11; закончыў Ян Лось), «Слоўнік выразаў замежнага і малавядомага паходжання...» (А—К, 1894—97). Важнейшыя гіст., філас. і музыказнаўчыя працы: «Дон Карлас, каралевіч іспанскі» (1867), «Нарыс жыцця і творчасці Станіслава Манюшкі» (1884—85), «Міфалогія і філасофія» (1899). З 1868 збіраў і запісваў бел. нар. казкі і інш. фальклорна-этнагр. матэрыялы. Распрацаваў «Дапаможнік для збіральнікаў народных твораў» (1871). Аўтар прац «Найноўшыя даследаванні паданняў і іх зборы» (1883), «Польская хата» (1884), «Сістэматыка песень польскага народа» (1889—95). У кн. «Народныя паданні і казкі, сабраныя ў Літве» (1887—88) змясціў у перакладзе на польск. мову больш за 80 бел. легенд, паданняў і казак, якія запісаў у Свянцянскім, Лідскім і Навагрудскім паветах. У 1889 і 1891 запісаў для М.​Федароўскага больш за 500 мелодый бел. нар. песень (больш за 300 апубл. ў працы Федароўскага «Люд беларускі», т. 5—6, 1958—60). Заснавальнік (1887) і рэдактар (1888—99) час. «Вісла», у якім друкаваў бел. фальклорна-этнагр. матэрыял. Прызнаваў за беларусамі права на самаст. развіццё, заклікаў вучоных даследаваць бел. мову, фальклор, нар. побыт. Перапісваўся з бел. вучонымі А.​Гурыновічам, М.​Янчуком, У.​Вярыгам, Федароўскім і інш. Сябраваў з Ф.​Багушэвічам. Выступаў у друку з рэцэнзіямі на працы бел. вучоных.

Літ.:

Кісялёў Г. Францішак Багушэвіч і Ян Карловіч // Кісялёў Г. З думай пра Беларусь. Мн., 1966;

Белорусская этномузыкология: Очерки истории (XIX—XX вв). Мн., 1997.

І.​У.​Саламевіч.

Я.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЛО́ВІЧ ((Karłowicz) Мечыслаў) (11.12.1876, в. Вішнева Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. — 8.2.1909),

польскі кампазітар, дырыжор. Сын Я.Карловіча. Вучыўся кампазіцыі і скрыпічнай ігры ў Гайдэльбергу (Германія), Варшаве і Берліне. Арганізатар (1902) і дырыжор (у 1905—06 гал. дырыжор) сімф. аркестра пры Варшаўскім муз. т-ве. З 1906 удзельнік групы кампазітараў «Маладая Польшча». Першы буйны сімфаніст у гісторыі польскай музыкі. Асн. творы: праграмная сімфонія «Адраджэнне» (1902), 7 сімф. паэм, у т. л. «Зваротныя хвалі», «Станіслаў і Ганна Асвецімы» (1907), «Эпізод на маскарадзе» (1908); камерна-інстр. ансамблі; фп. творы; рамансы, песні; музыка да драм. спектакляў. Цікавіўся фальклорам, у т. л. беларускім. У 1900 запісаў некалькі ўзораў бел. муз. фальклору, асобныя запісы выкарыстаў у сімф. трыпціху «Адвечныя песні» (1904—06) і ў «Літоўскай рапсодыі» (1906). Муз. пісьменнік і крытык.

Літ.:

Бэлза И. Мечислав Карлович. М.; Л., 1951;

Карасиньская И. Ян и Мечислав Карловичи и их роль в развитии русско-польских связей // Русско-польские музыкальные связи. М., 1963.

Г.​І.​Цітовіч.

М.Карловіч.

т. 8, с. 74

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Карловіч М. 5/443—444; 8/511; 12/620

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Карловіч Ян 2/66, 606; 3/101; 4/540; 5/443, 444; 8/511; 10/531, 552

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІ́СЛА»

(«Wisła»),

польскі краязнаўча-этнаграфічны ілюстраваны часопіс, орган польск. этналагічнага т-ва. Выдаваўся ў 1887—1905, 1916—17, 1922 у Варшаве. Рэдактары А.​Грушэцкі, Я.​Карловіч і інш. Друкаваў матэрыялы па этнаграфіі, краязнаўстве, фалькларыстыцы, нар. медыцыне, мастацтвазнаўстве Польшчы, у т. л. асобных сац.-этнічных і этнагр. груп. Змяшчаў рэцэнзіі на народазнаўчыя даследаванні, інструкцыі для збіральнікаў нар. творчасці, артыкулы пра этнографаў, краязнаўцаў, фалькларыстаў. Публікаваў справаздачы пра з’езды гісторыкаў, фалькларыстаў, лекараў і інш., пра разнастайныя выстаўкі. Рабіў агляды рус., чэш., балг., укр., ням. і інш. этнагр., гіст. і краязнаўчых часопісаў. Змяшчаў матэрыялы па бел. этнаграфіі і краязнаўстве, фотаздымкі бел. нар. тыпаў, людзей у нац. строях, вясковых пабудоў на Беларусі і інш.

А.​Ф.​Літвіновіч.

т. 4, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ле́бела ’прынада для ракаў’ (рагач., Рам. 8), дзярж. lebidlo ’тс’ (Карловіч, 3). Да лібіла (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варша́ўка ’гатунак бульбы’ (Янк. I, Шатал.). Мабыць, першапачаткова «варшаўская бульба». Параўн. укр. мазурки ’гатунак бульбы’, польск. дыял. warszawiaki ’тс’ (Карловіч, 6, 73).

Ва́ршаўка ’атора; машына для ачысткі ад мякіны змалочанага зерня’ (Янк. Мат.). Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жылґу́ць, жэлґу́ць, жыґулі́ (усе з выбухным ґ), жылбу́ць ’парасткі вярбы’ (Сл. паўн.-зах.). Польск. дыял. żylgucie ’галінкі для пляцення’. З літ. žilgas ’від вярбы’ (Сл. паўн.-зах., 2, 166; Карловіч, 6, 453; Лаўчутэ, Сл. балт., 110).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гано́рны ’ганарлівы’ (БРС). Укр. дыял. (зах.) гоно́рний. Як сведчыць націск у гэтых словах, яны, пэўна, з’яўляюцца запазычаннямі з польск. мовы. Параўн. польск. honorny ’тс’ (ад honor). Польск. honorny добра засведчана ў многіх польск. гаворках (гл. Карловіч, II, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Базано́вец ’расліна Lysimachia nummularia L., лазаніца’ (Кіс.). Рус. бажа́новец, база́новец, ст.-укр. базановець, укр. дыял. зановець (усечаная форма). Запазычанне з польск. bazanowiec ’тс’ (да bażant ’фазан’, параўн. семантычную паралель назвы расліны — ням. Fasanenkraut). Гук ‑z‑ замест ‑ż‑ тлумачаць польскім мазурэннем. Фасмер, 1, 104; Карловіч, Wyr. obce, 40 і наст.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)