КА́ЛІКУТ, Кажыкодэ,
горад на Пд Індыі, у штаце Керала. 420 тыс. ж. (1991). Порт на Малабарскім беразе Аравійскага м. Лесапільная і дрэваапр. прам-сць. Апрацоўка арэхаў кеш’ю. Вытв-сць алею, парфумерыі, чарапіцы, цэлюлозы. Рыбалоўства. Месца першай высадкі партуг. экспедыцыі Васка да Гамы ў Індыі (1498).
т. 7, с. 465
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛАБА́РСКІ БЕ́РАГ,
заходняе ўзбярэжжа п-ва Індастан у Індыі, на Пд ад Гоа. Даўж. каля 800 км. Цягнецца вузкай (да 80 км) нізіннай паласой паміж Зах. Гатамі і Аравійскім м. Густа заселены. Буйны порт Калікут (Кажыкодэ).
т. 9, с. 548
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МА ((Gama) Баска да) (1469, г. Сініш, Партугалія — 24.12.1524),
партугальскі мараплавец, які ўпершыню праклаў марскі шлях з Еўропы ў Індыю. Адмірал (1502). Граф Відыгейра (1519). На чале экспедыцыі з 4 караблёў (выйшла з Лісабона ў ліп. 1497) абагнуў з Пд Афрыку і з дапамогай араб. лоцмана Ахмеда ібн Маджыда ў маі 1498 дасягнуў інд. порта Калікут. Са 168 маракоў у Партугалію жывымі вярнуліся 55 (вер. 1499). У час экспедыцыі 1502—03 на чале армады (20 караблёў з дэсантам пяхоты і артылерыі) разбурыў Калікут, стварыў крэпасць у порце Кочын, заснаваў шэраг апорных баз-факторый на Малабарскім беразе, усх. узбярэжжы Афрыкі і інш. У 1524 прызначаны віцэ-каралём Індыі і здзейсніў туды апошняе плаванне. Памёр у крэпасці Кочын. Экспедыцыі Гамы садзейнічалі каланізацыі Індыі партугальцамі і ўстанаўленню іх кантролю за міжнар. гандлем у Індыйскім акіяне.
Літ.:
Магидович И.П., Магидович В.И. Очерки по истории географических открытий. 3 изд. М., 1983. Т. 2. С. 39—44, 84—85.
т. 5, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАВІЛЬЯ́Н (Covihã, Covilhão, Covilham) Педра дэ, партуг. падарожнік канца 15 ст. Правёў разведку марскіх шляхоў у Індыю з партоў Усх. Афрыкі і Аравіі. У 1487 праз гарады Неапаль, Родас і Александрыя дабраўся да Адэна, потым дасягнуў Паўд.-Зах. Індыі, наведаў г. Калікут, в-аў Мадагаскар, усх.-афр. ўзбярэжжа і ў 1488 вярнуўся ў Егіпет, адкуль паслаў справаздачу на радзіму. 30 гадоў пражыў у Эфіопіі. Матэрыялы К. пакладзены ў аснову інструкцый для Васка да Гамы.
т. 7, с. 400
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНО́Н (Крышна) (3.5.1896, г. Калікут, Індыя — 6.10.1974),
індыйскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі. У 1929—47 сакратар інд. лігі ў Лондане — мясц. аддзялення Індыйскага нацыянальнага кангрэса ў Вялікабрытаніі. У 1947—52 вярх. камісар (пасол) Індыі ў Вялікабрытаніі. З 1953 чл. інд. парламента. У 1952—62 прадстаўляў Індыю на ген. асамблеях ААН. Разам з Дж.Нэру адзін са стваральнікаў знешнепаліт. курсу Індыі і ініцыятараў палітыкі недалучэння. З 1957 міністр абароны, пасля кіт.-інд. ўзбр. канфлікту 1962 у адстаўцы.
т. 10, с. 287
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРА́Л ((Cabral) Педру Алварыш) (1467 або 1468, Белмонты, Партугалія — каля 1520),
партугальскі мараплавец. У 1500 узначаліў флатылію, якая павінна была даплыць да Індыі, але адхіліўся ад курсу і 22.4.1500 дасягнуў Бразіліі, якую прыняў за востраў і назваў Зямлёй Вера-Круш (Санта-Круш). Потым накіраваўся да мыса Добрай Надзеі (Афрыка) і ў сярэдзіне вер. 1500 дасягнуў Індыі ў раёне г. Калікут, які разбурыў за адмову гандляваць. Заключыў гандл. пагадненні з гарадамі, у студзені 1501 пакінуў краіну і ў канцы ліп. вярнуўся ў Партугалію з каштоўнымі інд. таварамі.
т. 7, с. 387
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)