Калігула 10/252

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́ГУЛА (Гай Юлій Цэзар) (Gaius Julius Caesar Caligula; 31.8.12, Анціум, цяпер г. Анцыо, Італія — 24.1.41),

старажытнарымскі імператар [37—41]. З дынастыі Юліяў-Клаўдзіяў, пераемнік Тыберыя. Выхоўваўся ў ваен. лагеры свайго бацькі Германіка; мянушку Калігула атрымаў ад салдацкага абутку (лац. caligula літар. боцік), які насіў з дзяцінства. Праўленне К. вызначалася дэспатызмам, імкненнем да неабмежаванай улады, марнаваннем дзярж. сродкаў на гульні і відовішчы, што вяло да непамерных падаткаў і выклікала хваляванні сярод яўрэяў у г. Александрыя і ў Палесціне. Забіты ў выніку змовы трыбунаў прэтарыянскай гвардыі.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУДРА́ЙЦІС ((udraitis) Юозас) (н. 6.10.1940, г. Ліпінай, Літва),

літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1982). Скончыў Вільнюскі ун-т (1977), Вышэйшыя кінарэжысёрскія курсы ў Маскве (1979).

З 1979 у Каўнаскім драм. т-ры. Сярод роляў: Сольнес («Будаўнік Сольнес» Г.​Ібсена), Шарунас («Шарунас» В.​Крэве), Герэя («Калігула» А.​Камю). З 1965 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць», «Шчыт і меч», «Чэрвень, пачатак лета», «Рудабельская рэспубліка», «Гэта салодкае слова — свабода», «Блакада», «Багач, бядняк», «Споведзь яго жонкі» і інш. Створаныя ім характары адметныя натуральнасцю, стрыманасцю, псіхал. глыбінёй.

т. 3, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСІО́ЛІС ((Masiulis) Альгімантас) (н. 10.7.1931, Сурдзякіс Уценскага пав., Літва),

літоўскі акцёр. Нар. арт. Літвы (1981). У 1948—76 акцёр Панявежскага, з 1978 — Каўнаскага драм. т-раў. Сярод лепшых роляў: Паднеўскіс, Дамінікас («Унія», «Бурштынавая віла» Ю.​Грушаса), Гелавініс («Шарунас» В.​Крэве), Макдуф («Макбет» У.​Шэкспіра), Курт, Густаў («Танец смерці», «Крэдыторы» А.​Стрындберга), Гелікон («Калігула» А.​Камю) і інш. З 1957 здымаецца ў кіно: «Ніхто не хацеў паміраць» (1965), «Шчыт і меч» (1968), «Час яе сыноў» (1976), «Лёс» (1978), «Лета заканчваецца восенню» (1982), «Перамога» (1984) і інш. Яго мастацтва вызначаецца тэатральнасцю, псіхалагізмам, унутранай экспрэсіяй.

т. 10, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЬШЫКАЎ (Алег Яўгенавіч) (н. 8.11.1960, г. Серпухаў Маскоўскай вобл.),

расійскі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя М.​Шчэпкіна (1981). Працаваў у Маскоўскім Цэнтр. т-ры Сав. Арміі, Т-ры імя М.​Ярмолавай. З 1990 у Т-ры імя Массавета. Творчасці М. ўласцівы імправізацыйнасць, псіхал. заглыбленасць, вастрыня пластычнага малюнка: Ганя («Ідыёт» паводле Ф.​Дастаеўскага), Буланаў («Лес» А.​Астроўскага, абодва 1984), Адуванчык («Радавыя» А.​Дударава, 1985), Сярожа («Спартыўныя сцэны 1981 года» Э.​Радзінскага, 1986), Рабесп’ер («Другі год свабоды» А.​Бураўскага, 1988), Калігула (аднайм. п’еса А.​Камю, 1990), Сяргей Ясенін («Калі яна танцавала» М.​Шэрмана, паст. ў Лондане 1991; прэмія Брытанскай акадэміі тэатр. мастацтваў імя Л.​Аліўе, 1992), Іхараў («Гульцы» М.​Гогаля, паст. ў Лондане, 1992), Чацкі («Гора ад розуму» А.​Грыбаедава, 1999) і інш. З 1982 здымаецца ў кіно: «Палёты ў сне і наяве» (1983), «Стомленыя сонцам» (1994), «Каўказскі палонны» (1996), «Сібірскі цырульнік», «Усход—Захад» (абодва 1999) і інш. Выступае і як рэжысёр. Дзярж. прэміі Расіі 1996, 1998.

т. 10, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЮ́ ((Camus) Альбер) (7.11.1913, г. Мандові, Алжыр — 4.1.1960),

французскі пісьменнік, філосаф, прадстаўнік экзістэнцыялізму. Скончыў Алжырскі ун-т (1937). З 1939 у Францыі. Займаўся журналістыкай, тэатр. дзейнасцю. Загінуў у аўтамаб. катастрофе. Творчасць умоўна падзяляюць на 3 перыяды: «абсурду» (зб-кі філас.-лірычных эсэ «Ніцво і твар», 1937; «Шлюбны баль», 1938; філас. эсэ «Міф пра Сізіфа». 1942; раманы «Шчаслівая смерць», нап. 1938, выд. 1971; «Чужаніца», 1942; п’есы «Калігула», «Непаразуменне», абедзве 1944), «бунту» (раман «Чума», 1947; п’есы «Аблога», 1948; «Праведныя», 1950; філас.-гіст. трактат «Чалавек, які бунтуе», 1951), «выгнання» (раман «Падзенне», 1956; зб-кі эсэ і апавяданняў «Лета», 1954, «Выгнанне і царства», 1957). Аўтар кніг «Злабадзённыя нататкі» (т. 1—3, 1950—58), «Шведскія прамовы» (1958), інсцэніровак твораў Ф.​Дастаеўскага, У.​Фолкнера і інш. У творах пераважаюць тэмы абсурднасці існавання, адзіноты, закінутасці чалавека і адначасова яго адказнасці за свае паводзіны, непазбежнасці маральнага выбару. Філас. глыбіня спалучаецца ў іх з моўным лаканізмам, амаль поўнай адсутнасцю метафар, рэмінісцэнцый. Зыходны пункт філас. разважанняў К. — трагічнае перажыванне смерці Бога, абвешчанай у свой час Ф.​Дастаеўскім і Ф.​Ніцшэ. Для К. яна азначала страту метафізічнага сэнсу жыцця чалавека.

На яго думку, вопыт чалавечага існавання, якое непазбежна заканчваецца смерцю, прыводзіць мыслячую асобу да ўсведамлення абсурднасці зямнога быцця; аднак гэта не павінна абяззбройваць чалавека, і ён выбірае бунт супраць усіх багоў, які надае каштоўнасць індывідуальнаму жыццю. Чалавек мусіць жыць і дзейнічаць так, каб адчуць сябе шчаслівым у гэтым абсурдным свеце. Трагічны вопыт вайны і Супраціўлення прывёў К. да эстэтыкі бунту, якая адраджала колішняе, антычнае значэнне л-ры і мастацтва, усёй духоўнай культуры, значэнне адзінства прыгажосці, дабра і справядлівасці ў жыцці як асобнага чалавека, так і ўсяго грамадства. Менавіта яны надаюць сэнс і веліч чалавечаму жыццю, творчасці і самой смерці; усведамленне абсурду прыводзіць да бунту, а бунт — да свабоды, у якой чалавек знаходзіць сэнс жыцця. К. лічыў, што жыццё чалавека — гэта пастаянная і няспынная творчасць, магчымая толькі ва ўмовах свабоды; без свабоды няма творчасці і ўсяго таго, што складае асноўныя вымярэнні чалавечых каштоўнасцей.

На бел. мову прозу К. перакладаў З.​Колас. У Бел. т-ры імя Я.​Коласа пастаўлена п’еса К. «Непаразуменне». Нобелеўская прэмія 1957.

Тв.:

Бел. пер. — Чужаніца. Мн., 1986;

Міф пра Сізіфа. Выгнанне Гэлены. Чума (урывак) // Крыніца. 1994. № 11(5);

Калігула // Пры зачыненых дзвярах: Драм. творы. Мн., 1995;

Рус. пер. — Избранное. Мн., 1989;

Сочинения. М., 1989;

Избр. произв. М., 1993;

Бунтующий человек. М., 1990;

Творчество и свобода: Статьи, эссе, зап. книжки. М., 1990.

Літ.:

Великовский С.И. Грани «несчастного сознания»: Театр, проза, филос. эстетика, эстетика А.​Камю. М., 1973: Яго ж. В поисках утраченного смысла. М., 1979;

Кушкин Е.П. Альбер Камю: Ранние годы. Л., 1982;

Акудовіч В. Камень Сізіфа;

Білацэрківец Н. Ганебная «чалавечнасць» гісторыі;

Лявонава Е. Дастаеўскі і Камю // Крыніца. 1994. № 11(5);

Lottmann H.R. A.Camus. Paris, 1978.

Е.​А.​Лявонава, Н.​К.​Мазоўка.

А.Камю.

т. 7, с. 553

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)