Казю́к 1, казлю́к ’казляня’ (Дразд.). Відаць, усх.-бел. утварэнне з суфіксам, які спарадычна сустракаецца ў розных бел. гаворках, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 178.
Казю́к 2, казю́ка ’казяўка’ (Мат. Гом.). Утворана пераносам назвы з казюк ’казляня’ або суфіксальным спосабам ад каза 1.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
сакрэ́тнік, ‑а, м.
1. Род пісьмовага стала з адкідной дошкай і шуфлядкамі для папер.
2. Разм. Чалавек, які выконвае сакрэтнае даручэнне. Казюк пачаў нават страляць. Але сакрэтнікі не паддаліся і паставілі на сваім... Чарот. // Асоба, якая любіць сакрэтнічаць.
[Фр. secrétaire.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пашо́ргаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., чым.
Разм. Шоргаць некаторы час. [Пячнік] выняў адну цагліну, другую і пашоргаў у дымаходзе тоўстым дротам. Даніленка. Міша моцна стукнуў клямкай сенечных дзвярэй, спехам пашоргаў нагамі аб падлогу. Якімовіч. // Разм. Пайсці шоргаючы. — Пабудзі! .. — амаль загадаў Казюк, і Кастан, завесіўшы акно, пашоргаў у другую камору. Броўка. «Ляжы!» — строга адказала бабуля і пашоргала да акна. Кірэенка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ча́ўкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць характэрныя гукі пры жаванні, ядзе. Немец сядзеў за сталом на лаве, парэзваў нешта ножыкам і клаў у рот, жаваў і чаўкаў. Чорны. «Чаўкае, як свіння», — падумаў Славік, каб хоць як-небудзь прынізіць свайго непрыяцеля. Шамякін. // што і без дап. Есці, гучна прыцмокваючы. [За перагародкай], фарсіста закруціўшы спіраллю хвост, скуб з Віталькавых рук і смачна чаўкаў зелле ладны круглы парсючок. Палтаран. Казюк Клышэўскі смачна чаўкаў і ў той жа час урачыста адказваў на пытанні. Броўка.
2. Утвараць гукі, падобныя на тыя, што ўзнікаюць пры жаванні; чвякаць. Пад ботамі чаўкае набрынялая вадой зямля. Асіпенка. Боты такія мокрыя, што аж чаўкаюць у іх анучы. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДВА́ЖНЫ Вінцук
(сапр. Германовіч Язэп Станіслававіч; 4.3.1890, в. Гальшаны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл. — 26.12.1978),
бел. пісьменнік. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1913). Служыў ксяндзом. За казанні на бел. мове зазнаў ганенні польскіх улад. У 1924 у Друі ўступіў у ордэн марыянаў. У 1932 выехаў у Харбін (Кітай), у 1936 вярнуўся ў Вільню, адтуль выселены ў Польшчу, потым зноў выехаў у Харбін. У 1948 арыштаваны кіт. ўладамі і перададзены ў СССР, дзе беспадстаўна асуджаны на 25 гадоў. Вызвалены ў 1955, выехаў у Польшчу, потым у Італію, Англію, дзе рэдагаваў час. «Божым шляхам». Друкаваўся з 1917. Празаічная гутарка «Як Казюк сабраўся да споведзі» (1928) пра маральнае самаўдасканаленне зах.-бел. моладзі. Самадурства чыноўнікаў выкрыў у вершаваным апавяданні «Як Гануля збіралася ў Аргентыну» (1930). Аўтар зб-каў вершаў «Беларускія цымбалы» (Вільня, 1933), «Байкі і іншыя вершы» (Лондан, 1973) і інш., аповесці «Хлопец» (Вільня, 1935), успамінаў «Кітай—Сібір—Масква» (Мюнхен, 1962).
т. 1, с. 97
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
загарну́ць, ‑гарну, ‑горнеш, ‑горне; зак., каго-што.
1. Згарнуць у адно месца; загрэбці. [Люба] загарнула жар, засланіла печ. Чорны.
2. Прыкрыць зверху (пяском, лісцем і пад.). Загарнуць зямлёй свежы пень.
3. Ахінуць, закруціць у што‑н. Казюк асцярожна загарнуў серп у хустку і палажыў у куток на палаці. Броўка. Загарнула маці Стася ў свой кажушок і панесла да хаты. Кавалёў.
4. Закрыць (кнігу, сшытак і пад.). [Алеся] з шумам загарнула канспект, энергічна пляснула па ім рукой. Васілевіч.
5. Загнуць, адвярнуць край адзення, тканіны і пад. Нявада зрабіў рух да акна, дзе святлей, і загарнуў сподам наверх крысо свае вопраткі. Чорны. Грыцко загарнуў расчоскай проста ад ілба яго жорсткую рыжаватую чупрыну і лёгка, нібы толькі ўзмахнуўшы ножкамі, зняў яе. Кулакоўскі.
6. перан. Разм. Узяць сабе, прысвоіць. — Ты такі прагны, што ўсё загарнуў бы сабе. Пестрак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)