ЗУБКО́ (Антоній) (1797, с. Белае Полацкага пав. Беларускай губ. — 1884),

рэлігійны дзеяч. Магістр багаслоўя (1882). Скончыў Полацкую езуіцкую акадэмію са ступенню кандыдата філасофіі, семінарыю пры Віленскім ун-це (1822). Выкладаў у Полацкай семінарыі. З 1824 святар Полацкага уніяцкага кафедральнага сабора. З 1828 першы рэктар заснаванай ім Жыровіцкай семінарыі. У 1833 епіскап брэсцкі, вікарый Літоўскай уніяцкай епархіі. Пазнаёміўся з І.Сямашкам і стаў яго прыхільнікам. На Полацкім царкоўным саборы 1839 падпісаў акт пра аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай. З 1840 правасл. мінскі епіскап, з 1845 — архіепіскап. Аўтар працы «Аб грэка-уніяцкай царкве ў Заходнім краі» (1864).

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зубко В. М. 8/120

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Зубко М. М. 8/222

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Зубко С. А. 1/568; 12/483

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),

уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.​Зубко, І.​Красоўскі, В.​Лужынскі, І.Сямашка і інш.

С.​В.​Казуля.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ЛГАК Ігнацій Іасафат [20.4.1758, Слонімскі пав. — 25.2(9.3).1838], грэка-каталіцкі царк. дзеяч. Д-р тэалогіі і кананічнага права (1785). Вучыўся ў школе пры Жыровіцкім манастыры (1763—74) і ў Рыме (1782—85). Чл. ордэна базыльян з 1774. Выкладаў у манастырскіх школах у Беразвеччы (цяпер Глыбоцкі р-н) і Жыровічах. У 1790—95 епіскап тураўскі, каад’ютар Пінскай епархіі. У час царавання Паўла I садзейнічаў вяртанню ў унію прыходаў, якія былі пераведзены ў праваслаўе. У 1798—1828 епіскап брэсцкі. Мітрапаліт грэка-каталіцкай царквы (1817—38), з 1818 і старшыня 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай духоўнай калегіі ў Пецярбургу, з 1828 старшыня асобнай Грэка-каталіцкай калегіі, з 1833 архіепіскап полацкі. У канцы жыцця яго акружалі епіскапы — прыхільнікі збліжэння, а потым і аб’яднання з правасл. царквой (І.​Сямашка, А.​Зубко, В.​Лужынскі і інш.), што вяло да змяншэння яго ўплыву. Смерць Булгака зняла апошнюю перашкоду для скасавання Брэсцкай уніі 1596.

В.​В.​Антонаў, А.​М.​Філатава.

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛАЦКІ ЦАРКО́ЎНЫ САБО́Р 1839,

сход іерархаў уніяцкай царквы на Беларусі і Украіне (у межах Расійскай імперыі), які прыняў рашэнне аб яе далучэнні да Рускай праваслаўнай царквы. Адбыўся 24.2.1839 у Полацку. Пачынаючы з дзейнасці мітрапаліта Іраклія Лісоўскага (1806—09), у кіраўніцтве уніяцкай царквы (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква) выявіліся тэндэнцыі да збліжэння з праваслаўем (напачатку ў форме вяртання ад лац. да ўсх. абраднасці). Палітыка царскіх улад да уніяцкай царквы пры Кацярыне II, Паўле I, Аляксандру I была непаслядоўнай: ад масавага пераводу ў праваслаўе пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай да падтрымкі уніяцкага духавенства, каб мець у ім сац. апору. У 1820-я г. пры Мікалаю I праводзілася палітыка ўзмацнення «рускага элемента» ў зах. губернях; беларусы і ўкраінцы былі абвешчаны неадрыўнай часткай рус. народа, што выклікала пытанне аб іх рэліг. уніфікацыі. Гэта супадала з жаданнем шэрагу уніяцкіх іерархаў, якія хацелі далучыцца да праваслаўя — пануючага веравызнання як па ідэалаг. меркаваннях, так і для паляпшэння свайго сац. статуса. Ініцыятарам далучэння стаў у 1827 асэсар 2-га (уніяцкага) дэпартамента Рымска-каталіцкай калегіі Іосіф Сямашка (з 1829 епіскап). У канцы 1820-х—30-я г. з дапамогай дзярж. улад быў ажыццёўлены шэраг мер па збліжэнні грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем: уніятам забаронена пераходзіць у лац. абрад; замест 4 уніяцкіх епархій пакінуты 2 — Полацкая (Беларуская) і Віленская (Літоўская); прымаліся захады па павышэнні адукац. ўзроўню белага духавенства, найб. схільнага да праваслаўя; закрываліся манастыры і школы базыльян; пашыраліся служэбнікі маскоўскага друку; ва уніяцкіх храмах інтэр’еры мяняліся паводле правасл. узораў; у епіскапы былі пасвячоны паплечнікі Сямашкі — Васіль Лужынскі і Антоній Зубко. Ідэя пераходу ў праваслаўе ахоплівала ўсё больш прадстаўнікоў духавенства; святароў, якія адмаўляліся даць распіску аб згодзе з праваслаўем, каралі пераводам у горшыя прыходы, паніжэннем у пасадзе, аж да зняволення ў манастырах. Смерць у 1838 апошняга праціўніка аб’яднання з праваслаўем мітрапаліта Ігнація Іасафата Булгака зняла апошнія перашкоды для скасавання Брэсцкай уніі 1596. Скліканы 24.2.1839 у Полацку сабор з 3 епіскапаў (Сямашка, Зубко, Лужынскі) і 21 інш. высокай духоўнай асобы, прыняў Акт з 2 пунктаў: у 1-м абвяшчалася адзінства з правасл. царквой, у 2-м змяшчалася просьба да Мікалая I садзейнічаць хутчэйшаму далучэнню уніятаў да праваслаўя. Да саборнага Акта прыкладаліся абавязацельствы 1305 святароў і манахаў, пасля прыняцця Акта іх колькасць павялічылася да 1607. Паводле распараджэння Мікалая I 6.4.1839 прынята пастанова Св.Сінода аб далучэнні уніятаў да праваслаўя. Напачатку ў храмах дазвалялася захоўваць уніяцкія абрады, аднак пры замене уніяцкіх царк. атрыбутаў праваслаўнымі быў нанесены значны культурны ўрон (страчаны многія старыя кнігі, абразы, посуд і інш.). Паводле Акта П.ц.с. да правасл. царквы далучана каля 1,5 млн. чал. Найб. цяжка скасоўвалася уніяцтва ў паўн. Беларусі, дзе лацінізацыя грэка-каталіцкай царквы была найб. глыбокая, частка уніятаў там перайшла ў рыма-католікі. Уніяцкая царква ў Царстве Польскім (у Люблінскай, Сувалкаўскай і Сядлецкай губ.) далучана да праваслаўя ў 1875.

Літ.:

Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990 [рэпр. выд.: Буэнос-Айрес. 1966];

Уния в документах. Мн., 1997. С. 415—490;

Шейкин Г.Н. Полоцкая епархия. Мн., 1997. С. 32—48.

В.​Р.​Кірэеў.

т. 12, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)