Зрубная культура 2/402, 403; 4/600

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗРУ́БНАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (2-я пал. 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э.), пашыраная ў стэпах і лесастэпах Усх. Еўропы. Выдзелена В.​А.​Гарадцовым у 1901, назва ад пахавальнага абраду. Нябожчыкаў хавалі ў зрубах-ямах, абкладзеных дрэвам, скурчанымі на баку, побач клалі посуд, зброю, прылады працы. Плямёны З.к. займаліся земляробствам і жывёлагадоўляй, жылі ў паўзямлянках, каменных або зрубных жытлах, выраблялі пласкадонны ляпны посуд з геам. арнаментам, бронзавыя прылады працы, зброю, упрыгожанні. Аб’яднанні плямён З.к. адыгралі значную ролю ў фарміраванні кімерыйцаў, а пазней — скіфаў.

т. 7, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зру́бны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. зру́бны зру́бная зру́бнае зру́бныя
Р. зру́бнага зру́бнай
зру́бнае
зру́бнага зру́бных
Д. зру́бнаму зру́бнай зру́бнаму зру́бным
В. зру́бны (неадуш.)
зру́бнага (адуш.)
зру́бную зру́бнае зру́бныя (неадуш.)
зру́бных (адуш.)
Т. зру́бным зру́бнай
зру́бнаю
зру́бным зру́бнымі
М. зру́бным зру́бнай зру́бным зру́бных

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

І́ЗБІЦА,

1) верхні ярус вежаў абарончых збудаванняў у драўляным дойлідстве Беларусі, Польшчы, Украіны 16—17 ст. Звычайна выступала за аб’ёмы вежы, завяршалася шатровым дахам. Выступы знізу былі адкрытыя і выконвалі ролю машыкуляў.

2) Зрубная апора мастоў.

3) Зруб у складзе канструкцый, што закладваліся для большай трываласці ўнутр земляных абарончых валоў сярэдневяковага горада.

С.​А.​Сергачоў.

Ізбіца.

т. 7, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЁЎНЯ,

традыцыйная гаспадарчая пабудова для прасушкі збожжавых культур, канапель і лёну. Звычайна квадратная зрубная пабудова з імшанымі сценамі, насыпной столлю і шчыльна падагнанымі дзвярамі. Мае печ (без коміна), прыстасаванні для прасушкі снапоў — жэрдкі, якія перамяшчаюцца па дзвюх бэльках, умацаваных на выш. каля 1 м ад падлогі. Ё. часцей будавалі каля гумна або ўнутры яго (без страхі). Пашырана на Віцебшчыне, Магілёўшчыне і часткова Гомельшчыне.

т. 6, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛО́М у драўляным дойлідстве,

зрубная канструкцыя шмат’яруснага верху ў выглядзе ўсечанай піраміды ці прызмы. Вядомы на Украіне з 16 ст. У бел. культавай архітэктуры 17—19 ст. сустракаліся вярхі з адным ці з двума З., якія стваралі ступеньчатаярусную кампазіцыю будынка, надавалі яму выразны сілуэт. Часам спалучаліся з ветразямі (пры чаргаванні чацверыкоў і васьмерыкоў). З. выкарыстоўваліся ў цэрквах (вёскі Рубель Столінскага, Міхалкі Мазырскага р-наў) і званіцах (Клецк).

Да арт. Залом. Міхайлаўская царква. 1796. Вёска Рубель Столінскага раёна Брэсцкай вобл.

т. 6, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕЛЯМІ́ЧЫ,

група бескурганных могільнікаў і селішчаў зарубінецкай культуры (2—1 ст. да н.э. — 2 ст. н.э.) каля в. Велямічы Столінскага р-на Брэсцкай вобл. На могільніках выяўлена 275 пахаванняў, з іх 10 — зруйнаваныя стараж.-рус. курганы, 12 — кенатафы. Пахавальны абрад — трупаспаленне па-за межамі могільніка; знойдзены грубаляпныя і глянцаваныя арнаментаваныя гаршкі, міскі, кубкі, бронзавыя і жал. фібулы, бронзавыя шпількі, арнаментаваныя трапецападобныя падвескі, кольцы і інш. На адным з селішчаў выяўлены рэшткі 3 пабудоў, адна з якіх зрубная з рэшткамі глінабітнага агнішча, і некалькі гасп. ям; сярод знаходак фрагменты грубаляпнога і глянцаванага посуду.

т. 4, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРЫЎНЯ́, стопка, істопка,

тып гасп. пабудовы на Беларусі для захоўвання агародніны, садавіны, малака, часам і гасп. прылад. Вядома з 17 ст. Звычайна зрубная прамавугольная ў плане пабудова, накрытая 2- або 4-схільным дахам з драніцы ці саломы, з вокнамі без шкла, што зачыняліся драўлянымі засаўкамі (будавалі варыўню і без вокнаў); часам мела ўнутраныя выгарадкі, засекі. Ацяплялі варыўню курной печчу або гарачым вуголлем. У 19 — пач. 20 ст. на ПдЗ Беларусі варыўню часам прыбудоўвалі да сянец. У фальварках 17 — пач. 20 ст. існавалі шматкамерныя варыўні, якія мелі сенцы, каморы і інш. памяшканні (г. Давыд-Гарадок Столінскага, вёскі Дубае Пінскага, Урэчча Любанскага р-наў і інш.).

т. 4, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ Маркава манастыра.

Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма (засн. ў 1633), знішчанага пажарам.

Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.

Т.​В.​Габрусь.

Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра. Малюнак 19 ст.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЖА́Н-ГАРАДО́ЦКАЯ МІКАЛА́ЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства 19 ст. Пабудавана ў 1818 у в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. У архітэктуры выявіліся рысы мясц. школы дойлідства барочнага кірунку. 5-зрубная крыжова-цэнтрычная кампазіцыя. У канцы 19 — пач. 20 ст. да яе прыбудавана 3-ярусная шатровая званіца (васьмярык на 2 чацверыках) з тамбурам. Да цэнтр. васьмерыка з 2-ярусным верхам (васьмярык на чацверыку) далучаны прамавугольныя ў плане аб’ёмы (бабінец, апсіда з рызніцай і 2 бакавыя прыбудовы) з чацверыковымі 1-яруснымі вярхамі. У інтэр’еры дамінуе цэнтр. трохсветлавы аб’ём, у які арачнымі праёмамі раскрываюцца двухсветлавыя памяшканні. Царква багата аздоблена паліхромнай драўлянай скульптурай і разьбой у стылі ампір (пач. 19 ст., майстар І.​Астапчык). 2-ярусны пазалочаны іканастас, гал. алтар завершаны скульптурай Іаана Хрысціцеля, бакавыя алтары ў прыбудовах аформлены ракайлямі, пальметамі, фрызамі з раслінных гірляндаў, карнізамі з іонікамі і сухарыкамі, капітэлямі накшталт тасканскіх.

Ю.​А.​Якімовіч.

Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква.

т. 7, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)