ЗЛО́БІН (Сцяпан Паўлавіч) (24.11.1903, Масква — 15.9.1965),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.​Я.​Брусава (1924). Настаўнічаў. Першая кніга — казка для дзяцей «Перапалох» (1924). У рамане «Салават Юлаеў» (1929, 4-я рэд. 1962) паказаў нац.-вызв. барацьбу башк. народа ў час сялянскай вайны пад кіраўніцтвам Е.​Пугачова. Раман «Востраў Буян» (1948, новая рэд. 1965) пра паўстанне гар. «нізоў» Пскова ў 1650. Сялянскі рух пад кіраўніцтвам С.​Разіна адлюстраваў у рамане «Сцяпан Разін» (1951, Дзярж. прэмія СССР 1952). Асабістыя ўражанні, перажытыя ў ням.-фаш. палоне ў Айч. вайну, у аснове рамана «Прапаўшыя без вестак» (т. 1—2, 1962).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1980—81;

Бел. пер. — Салават Юлаеў. Мн., 1933.

Літ.:

Кудряшова Е.И. Степан Злобин как автор исторических романов. Белгород, 1961.

т. 7, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Злобін С. П. 4/569; 9/70, 323

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕ́МСКА-ГАРАДСКІ́ САЮ́З, Земгор,

аб’яднаны камітэт Усерасійскага земскага саюза і Усерасійскага саюза гарадоў у 1-ю сусв. вайну. Створаны 10.7.1915 для дапамогі бежанцам, забеспячэння фронту зброяй, адзеннем, абуткам і інш. праз мясц. саматужную прам-сць. Кіраўнік Т.Я.Львоў. Мясц. органы — абл., пав., губ. і гар. к-ты. Садзейнічаў узмацненню ўплыву гандл.-прамысл. буржуазіі і ліберальных памешчыкаў, стаў апорай «Прагрэсіўнага блока». Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 падтрымліваў палітыку Часовага ўрада, варожа сустрэў Кастр. рэвалюцыю 1917. На тэр. Беларусі і Зах. фронту дзейнічаў выканаўчы к-т Земгора. У Мінску ў склад служачых З.-г.с. ўваходзілі бальшавік М.В.Фрунзе і эсэр П.​У.​Злобін. Скасаваны дэкрэтам СНК РСФСР ад 17.1.1918.

т. 7, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТА́НКІНА,

архітэктурна-мастацкі ансамбль канца 18 ст. ў Маскве. Былая падмаскоўная сядзіба графаў Шарамецевых, з 1918 палац-музей творчасці прыгонных. Аснову арх. ансамбля складае комплекс у стылі позняга класіцызму (1791—98, арх. Ф.​Кампарэзі, П.​Аргуноў і інш.; ляпныя рэльефы Ф.​Гардзеева і Г.​Замараева). Цэнтр комплексу — палац-тэатр, злучаны невысокімі галерэямі з канцэртнай залай у «Егіпецкім» і з банкетнай — у «Італьянскім» павільёнах. У інтэр’ерах — калекцыі жывапісу, гравюры, скульптура, мэбля, фарфор і інш. Часткова захаваўся пейзажны парк, Троіцкая царква (1678—92) са званіцай у псеўдарускім стылі. У раёне Астанкіна ў 1967 пабудавана унікальная вежа (537 м) Маскоўскага тэлецэнтра (арх. Дз.​Бурдзін, Л.​Батанаў, В.​Мілашэўскі, інж. М.​Нікіцін, Б.​Злобін).

Астанкіна. «Егіпецкі» павільён. Канцэртная зала.
Астанкіна. Палац-тэатр.

т. 2, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНЫ САКРАТАРЫЯ́Т БЕЛАРУ́СІ,

орган выканаўчай улады, сфарміраваны 21.2.1918 Выканаўчым камітэтам Рады Усебеларускага з’езда. Старшыня і адначасова нар. сакратар замежных спраў Я.​Варонка, нар. сакратары: П.​Бадунова (апекі), Г.​Белкінд (фінансаў), Я.​Я.​Бялевіч (юстыцыі), Т.​Т.​Грыб (земляробства), Л.​Гутман (яўр. спраў), К.​Б.​Езавітаў (вайск. спраў), П.​У.​Злобін (велікарускіх спраў), А.​Карач (пошты і тэлеграфа), П.​А.​Крачэўскі (кантролю), І.​Макрэеў (унутр. спраў), В.​Рэдзька (шляхоў зносін), Я.​Серада (нар. гаспадаркі), А.​А.​Смоліч (асветы). Казначэй — В.​І.​Захарка, кіраўнік канцылярыі — Л.​І.​Заяц. Членамі ўрада былі пераважна прадстаўнікі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Н.с.Б. працаваў у цяжкіх умовах ням. акупацыі. У апазіцыі да Н.с.Б. знаходзілася па-прагерманску настроеная група правых паліт. дзеячаў, якія гуртаваліся ў «Менскім беларускім прадстаўніцтве». 12.4.1918 іх прадстаўнікі былі кааптаваны ў склад Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. 25.4.1918 яны ад імя Рады БНР пры падтрымцы некат. сацыялістаў накіравалі тэлеграму кайзеру Вільгельму II, у якой заяўлялі, што будучыню Беларусі бачаць пад апекай Германіі. У выніку ў БСГ адбыўся раскол: утварыліся Бел. партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, Бел. партыя сацыялістаў-федэралістаў і Бел. с.-д. партыя. У пач. мая сацыялісты-рэвалюцыянеры Бадунова, Грыб, Заяц і сацыял-дэмакрат Смоліч выйшлі з Н.с.Б. Быў створаны 2-і ўрад БНР, які больш вядомы як Рада пяцёх. Карыстаючыся адсутнасцю ў Мінску большасці левых членаў Рады БНР, правыя стварылі ў маі 1918 Н.с.Б., альтэрнатыўны Радзе пяцёх. У склад яго ўваходзілі Р.​А.​Скірмунт (старшыня), К.​А.​Кандратовіч (нар. сакратар унутр. спраў), мінскі гар. галава Хржанстоўскі (казначэй, у чэрв. яго замяніў Ф.​М.​Вернікоўскі), П.​П.​Аляксюк і Р.​К.​Астроўскі (члены ўрада). 3-і ўрад спыніў сваё існаванне ў чэрв. 1918. Ў выніку кампрамісу, дасягнутага паміж левымі і правымі, Рада БНР сфарміравала 4-ы Н.с.Б., у склад якога ўваходзілі члены БПС-Ф і БПС-Р Серада (старшыня), Захарка, Заяц, а таксама Вернікоўскі (нар. сакратар гандлю і прам-сці). 11.10.1918 Н.с.Б. перайменаваны ў Раду народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Кр.: Архівы Беларускай Народнай Рэспублікі. Т. 1, кн. 1—2. Вільня; Нью-Ёрк; Мн.; Прага, 1998.

Літ.:

Игнатенко И.М. Октябрьская революция и самоопределение Белоруссии. Мн., 1992;

Яго ж. Кастрычніцкая рэвалюцыя на Беларусі: асаблівасці і вынікі. Мн., 1995;

Круталевич В.А. История Беларуси: становление нац. державности (1917—1922 гг.). Мн. 1999;

Ладысеў У.Ф., Брыгадзін П.І. На пераломе эпох: станаўленне бел. дзяржаўнасці (1917—1920 гг.): Мн., 1999.

Анатоль Сідарэвіч.

т. 11, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)