здаро́ва

прыслоўе, утворана ад прыметніка

станоўч. выш. найвыш.
здаро́ва здараве́й найздараве́й

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

здаро́вы, -ая, -ае.

1. Які мае добрае здароўе, не хворы.

Здаровае дзіця.

З. арганізм.

2. Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку.

З. выгляд.

З. смех.

3. Карысны для здароўя.

Здаровае надвор’е.

Здаровае харчаванне.

4. перан. Карысны, правільны.

Здаровая ідэя.

З. быт.

5. Моцнага целаскладу, дужы (разм.).

З. хлопец.

6. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы; разм.).

З. мароз.

З. кавалак жалеза.

7. у знач выкл. здаро́ў (здаро́ва)! Ужыв. як прывітанне пры сустрэчы (разм.).

Будзь (або бывай) здароў — развітальнае пажаданне заставацца здаровым.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

serwus

разм. здарова!; прывітанне!

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

шку́рніцтва, ‑а, н.

Разм. Дзеянні, паводзіны, учынкі шкурніка (у 2 знач.). Дарогу даць таму, Што чэсна і здарова, А з гніллю, шкурніцтвам Расправіцца сурова!.. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

люд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Разм.

1. Народ, людзі. Над краем вайна лютавала, І гінуў наш люд у галечы. Хведаровіч. // звычайна з азначэннем. Група людзей, якія належаць да якога‑н. асяроддзя. Працоўны люд. □ Вайсковы люд і люд цывільны Вакзалы поўнілі сабой. Колас.

2. Зборышча людзей, натоўп. Каля клуба чутна гранне: Там пад звонкія лады Ладзіць дружбу ды каханне Люд шчаслівы малады. Гілевіч. Знаёмая плошча... Хвалюецца люд. Здарова, зямля[к], здарова, паэт! Вялюгін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здаро́вы, ‑ая, ‑ае; здароў, здарова.

1. Які мае добрае здароўе; проціл. хворы. Здаровы арганізм. Здаровае дзіця. □ — Можаце лічыць сябе амаль здаровым, таварыш Васілец. На твары слядоў ад апёку ўжо і цяпер амаль не відаць. Мележ. / у знач. наз. здаро́вы, ‑ага, м.; здаро́вая, ‑ай, ж. Пра чалавека. Аграном глядзеў на .. [Крушынскага] з той нялоўкасцю, з якой — заўсёды хворы глядзіць на здаровага. Бядуля. // Непашкоджаны, які правільна дзейнічае (пра органы і часткі цела). Здаровае сэрца. □ Ужо як уязджалі ў шпітальны двор, ранены Зыгмунт Асядовіч пачаў стукаць здароваю рукою ў шкляное акенца да шафёра. Чорны. // Які выражае здароўе, уласцівы здароваму чалавеку. Здаровы выгляд. Здаровы смех. // Прыгодны, не папсаваны. Здаровае насенне. Здаровы корань. □ Хто першы клаў грэблі на балотах, ніводзін чалавек у Лонве ўжо не скажа. Кладкі пасля масціліся адна на адну: новая на старую, здаровая на гнілую, спарахнелую ў балоце і высахлую на сонцы. Пташнікаў. // перан. Разважлівы, разумны. Здаровая крытыка. □ [Гарлахвацкі:] Галовы ў нас здаровыя, рукі дужыя, сцяг навукі можам моцна трымаць. Крапіва. З маткаю Мікіта дагаварыўся лёгка: сваім практычным здаровым розумам яна бачыла, што ў калгасе чалавеку будзе лепей. Колас.

2. Карысны для здароўя. Здаровае надвор’е. Здаровае харчаванне.

3. Разм. Моцнага целаскладу; дужы. Дзедава пляменніца была ўжо не маладая: здаровая, грузная, з .. прыпухлым васпаватым тварам. Ракітны. Здаровыя, ружатварыя адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі. Гартны.

4. Разм. Вялікі, моцны (пра з’явы, прадметы і пад.). Ян Гузік нагнуўся і падняў з зямлі здаровы кавалак жалеза. Гартны.

5. у знач. выкл. здаро́ў! (здаро́ва!) Разм. Ужываецца як прывітанне пры сустрэчы. [Верхаводка:] Здарова, Марына, здарова! [Марына:] А, здароў, Пеця, здароў! Кучар.

•••

Будзь (бывай) здароў гл. быць.

Валіць з хворай галавы на здаровую гл. валіць.

Заставайцеся здаровы гл. заставацца.

Ідзіце здаровы гл. ісці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

здоро́воI межд. (приветствие) прост. здаро́ў (здаро́ва), як ма́ешся, до́бры дзень;

за здоро́во живёшь без дай прычы́ны, ні з таго́ ні з сяго́;

подобру́-поздоро́ву паку́ль цэ́лы.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пракрыча́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Абазвацца крыкам. Пракрычала дзіця. □ У лесе спрасонку пракрычала нейкая птушка і сціхла. Мележ. Непадалёку ў чыімсьці хляве пракрычаў сонны певень. Сяркоў.

2. што і без дап. Закрычаць, гучна сказаць што‑н. Пракрычаць «ура». □ — Здарова, братва! — спыніўшыся каля парога,.. пракрычаў Кандрат. Лобан. Пятая ноч пасля расстрэлу рабочых у Вільні. А Алаіза не можа спаць.. Точыць неабходнасць выплеснуць свой боль, пракрычаць пракляцце забойцам. Арабей.

3. што і без дап. Крычаць некаторы час. Пракрычаць усю ноч.

•••

Пракрычаць вушы каму — тое, што і пратрубіць вушы (гл. пратрубіць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страсяну́ць, ‑сяну, ‑сянеш, ‑сяне; ‑сянём, ‑сеняце; зак., каго-што.

1. Трымаючы ў руцэ або ўзяўшыся рукою, трасянуць, заставіць калыхнуцца. Іван падаў і яму руку: «Здарова, піянер!» — і так страсянуў, што ў самога медалі ды тыя два ордэны Славы зазвінелі на грудзях. Паўлаў. Я з усяе сілы страсянуў алешыну. Ляўданскі. // чым. Рэзкім, парывістым рухам трасянуць, скалануць (галавой, валасамі і пад.). Стары страсянуў галавой, нібы адагнаў сон-назолу, і не прапанаваў, а папрасіў Надзю: — Аставайся ты ў мяне... за ўнучку. Бураўкін. Паўлюк падышоў да трыбуны, усміхнуўся сваёй мілай усмешкай, страсянуў чупрынай і пачаў чытаць. Сабаленка. // Узяўшы, трасянуць, каб выпрастаць або ачысціць ад пылу, смецця і пад. [Сцяпанаў] страсянуў лямкі парашута і, закінуўшы іх на плечы, глянуў за аэрадром. Алешка. Іван Падзерын перавярнуў торбу дагары, страсянуў. Чыгрынаў. [Зарына] паправіла хустку, толькі цяпер страсянула з каўняра расінкі вады. Шамякін. // Здрыгануць, скалануць (моцным ударам, выбухам і пад.). Машыну моцна страсянуў адзін, другі, трэці выбухі. Мележ. Моцны выбух страсянуў зямлю і гулкім рэхам пакаціўся навокал. Пальчэўскі. / у безас. ужыв. Вагон страсянула. Жанчына заварочалася. Міша насцярожыўся, прыслухаўся. І выразна пачуў усхліп. Каршукоў.

2. Падкінуць, трасянуць (пры яздзе па няроўнай дарозе). Пабяжыць [конь] ціха, роўна, нібы марафонскаю хадою: сам нідзе не страсянецца і гаспадара не страсяне. Кулакоўскі. Аўтобус страсяне — абарвуцца думкі. Адамчык.

3. перан. Вывесці з анямення, стану вяласці; уразіць. Вэпя Шпулькевіч збялеў, яго страсянула думка: можа гэта вядуць якія-небудзь сляды ад спаленай вёскі? Чорны. Раптам крык, Немы крык, З лесу крык страсянуў цішыню. Куляшоў. / у безас. ужыв. — Што, прыгожая? — сказаў Толік, а мяне страсянула, як ад нечаканага ўколу. Мыслівец.

4. перан. Парушыць устойлівасць, трываласць; пахіснуць. Першая руская рэвалюцыя, якая страсянула самыя асновы царскага самадзяржаўя, адазвалася і ў такім мядзведжыя кутку, якім было дарэвалюцыйнае Палессе. Навуменка. Сам я не помню Тых залпаў «Аўроры», Што страсянулі абшары зямлі. Астрэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трэ́сці, трасу, трасеш, трасе; трасём, трасяце; пр. трос, трэсла; незак.

1. каго-што. Тузаць, штурхаць, хутка рухаць туды і назад або ўверх і ўніз. Была вайна. Была бяда. За грудзі маці часта трэсла І пагражала: — Бацька дасць Табе, хай толькі прыйдзе, неслух... Ляпёшкін. // Ціснуць, паціскаць руку, рукі каму‑н. у знак прывітання, падзякі, віншавання і пад. Камандзір зразумеў, усміхнуўся, падбег да высокага чалавека, схапіў яго за руку і пачаў трэсці. Чорны. Здарова, Ганька! — трасе аберуч маю руку Лазоўскі. Васілевіч. // Выклікаць дрыжанне чаго‑н. (моцным ударам, выбухам і пад.). [Насця:] — У нас тут дома неспакойна — Падходзіць фронт, бягуць усе, Гарматны гук зямлю трасе. Колас. І раптам адзін, другі, трэці выбух трасе сцены тэатра і срабрыстыя калоны падаюць, трушчачыся, на гледачоў. Мікуліч. // Калоцячы дрэва, прымушаць падаць плады. Чутно, непадалёку ходзіць лівень — Гром мячыкі качае па страсе. А тут такі сухмень, што жнівень Зялёныя антонаўкі трасе. Чэрня. / Пра вецер, буру і пад. Парывісты вецер трос прысады ля хаты, гнаў перад сабой пыл. Паўлаў. Узорную лістоту ясеня суха трос вецер. Савіцкі.

2. (звычайна безас.), каго-што і без дап. Падкідваць, хістаць (пры яздзе па няроўнай дарозе). [Янкель:] — А вы, жанчынкі, прагуляліся б да хвойнічку, пашукалі б грыбкоў!.. А то дарога калдобістая, будзе трэсці, без прыпынку аж да вёскі Касачы паедзем! Гурскі. Алеся вязе Рыгора з сабою — сена мяккае, духмянае, поўны воз наклаў яго ў дарогу сябра Лявон, каб не трэсла. Скрыган.

3. чым. Часта махаць, ківаць чым‑н. Трэсці нагою. Трэсці кулаком. □ — Цяпер усё, — трос барадой дзед. — З унукам пастараліся. Не будзе больш шастаць дзе не след. Даніленка. Коні, і тыя трасуць галовамі, прынюхваюцца і падаюцца бліжэй да вогнішча. Васілевіч. // Размахваць чым‑н. Бачыць лётчык — там унізе Нехта шапкаю трасе, Просіць помачы на крызе, А вада яго нясе... А. Александровіч.

4. што. Перамешваючы, прыгатоўваць што‑н. [Гвардыян:] — Як прыйдзе Папас — хай ідзе [трушанку] трэсці. Зарэцкі.

5. што. Разм. Іграць, танцаваць з элементамі патрэсвання. Трасе «трасуху» на старой скрыпцы дзядзька Цімох. Гарэцкі.

6. каго-што і без дап. Разм. Рабіць вобыск. [Бабка Наста] расказала і пра стажок і пра дзедаву бяду, пра ўварванне ў хату сярод ночы палякаў. Як іх тады калацілі, як трэслі! Колас. У Вілюгі на другі дзень пасля арышту Сяргея быў вобыск. Трэслі ў хаце, у хляве. Навуменка. Жаўнеры шукалі зброю, трэслі вазы, забіралі жывёлу, пускалі ў ход шомпалы і бізуны. С. Александровіч. // перан. Дасканала, дэталёва вывучаць што‑н. Трэслі пільна мы навук законы і трактаты розных мудрацоў, скідвалі паэтаў ненадзённых і часамі ўзносілі іх зноў. Русецкі.

7. каго. Выклікаць дрыжыкі (пра холад, ліхаманку, страх і пад.). Крыху раней, дні за чатыры, цяжка захварэў .. намеснік [Маскаленкі], якога пачала трэсці малярыя. Мележ. — Скрыдлаўскія маладзіцы завіхаюцца ля яго, — ціха засмяяўся Мітрафан, — завіхаюцца і радуюцца, што секвестратара ліхаманка трасе. Бажко. // безас. Пра дрыжыкі, зведаныя кім‑н. Усяго .. [Хвашча] трэсла, і ён нават падумаў: ужо ж ці не трасца прычапілася да яго. Лупсякоў.

8. перан.; каго-што. Выклікаць змены, пазбаўляць ранейшага спакою. Не для гэтага бура Імперыю трэсла, Каб змяніць рэвалюцыю Мірненькім маршам Ад прастола цара Да прэм’ерскага крэсла. Глебка. // Разм. Часта турбаваць каго‑н., не даваць спакою. Тут і пачалі нашага старшыню з усіх бакоў трэсці. У газетах аб ім пішуць, па радыё гавораць, на розныя сходы запрашаюць. «Вожык».

9. што. Разм. Узмахваючы чым‑н., ачышчаць ад чаго‑н. [Маці:] — Лён трэсці будзем. М. Ткачоў.

•••

Латамі трэсці — а) бедна жыць, хадзіць у падранай вопратцы; б) наўмысна паказваць беднасць.

Трэсці (калаціць) кішэні — выдаткоўваць грошы, выдаткоўвацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)