Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 14—18 ст. на месцы дзядзінца і вакольнага горада Кобрын, на р. Кобрынка. У 16 ст. складаліся з драўляных Ніжняга («Прыгародак») і Верхняга («Высокага») замкаў. На падыходзе да Ніжняга замка шлях перагароджвала р. Кобрынка, цераз якую быў мост. На яго траплялі праз вежу-браму. На другім канцы моста (апошні яго пралёт быў пад’ёмны) стаяла другая 2-павярховая вежа-брама. Ніжні замак ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Шлях у Верхні замак ішоў праз вежу-браму і мост цераз абарончы роў, што аддзяляў замкі. Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад’ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Акрамя брамы тут стаялі яшчэ 4 вежы з гароднямі і парканам, на якіх размяшчаліся баявыя пляцоўкі — бланкаванне са стрэшкамі. Усе вежы былі накрыты гонтай. У 1597 артыл. ўзбраенне К.з. складалася з 2 «дел ляных», 5 серпанцінаў, 16 гакаўніц, 17 ручніц, 2 кіёў і рыштунку да іх. У канцы 18 ст. па загадзе А.В.Суворава, які валодаў тады горадам, К.з. разбураны і скапаны. Замкавыя насыпы знесены ў 1840-я г. пры пракладцы Маскоўска-Варшаўскай шашы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКІЯ ЗА́МКІ.
Існавалі ў 11—пач. 18 ст. у г. Навагрудак Гродзенскай вобл. Вядомы т. зв. Замак на дзядзінцы і Малы замак.
Замак на дзядзінцы (быў стараж. цэнтрам г.Навагрудак і рэзідэнцыяй зах.-рус. і літ. князёў) заложаны на месцы гарадзішча на высокім (20 м) часткова насыпаным узгорку, т. зв. Замкавай гары, абкружанай ровам. Першыя ўмацаванні ў выглядзе кругавога абарончага вала з драўлянымі сценамі-гароднямі і астрогам узніклі ў 11 ст. У сярэдзіне 13 ст. пабудавана квадратная ў плане (12 × 12 м) 5-ярусная вежа-брама з падмуркам выш. 3,5 м, цокалем і сценамі таўшчынёй 2,75 м. У час аднаго з крыжацкіх нападаў (верагодна, 1394) гэтая вежа моцна пашкоджана, у канцы 14 ст. адноўлена; вядома пад назвамі Шчытоўка, Шчытовая ці Цэнтральная. У канцы 14 — пач. 15 ст. на тэр. замка ўзведзены яшчэ тры 3-ярусныя цагляныя вежы з байніцамі на кожным паверсе: Касцельная (9 × 9 м), Малая вежа-брама (8 × 10 м), Пасадская (7,7 × 7,7 м). Для забеспячэння замка вадой на ўсх. схіле над крыніцай была пастаўлена вынасная Калодзежная вежа (8 × 8 м). Будаўніцтва вежаў завершана да 1410. Вежы злучаліся мураванымі сценамі. Замак паспяхова процістаяў крыжацкім нападам. Далейшае ўмацаванне замка адбылося ў канцы 15 — пач. 16 ст. у сувязі з набегамі крымскіх татар. У паўн.-зах. частцы замка пабудавана вежа Дазорца (14 × 14 м), на паўд.-ўсх. схіле гары дадаткова ўзведзена Меская вежа-брама, злучаная прасламі сцен з Калодзежнай вежай і Малой брамай. Утварыліся 2 шматвугольныя прылеглыя мураваныя паясы абароны, адзін з якіх быў на дзядзінцы, другі — на схіле ўзгорка, перад уваходам у замак з боку горада. На замкавым двары стаялі жылыя і гасп. пабудовы. У канцы 16 — пач. 17 ст. узведзены палац, да якога прылягала капэла (канец 17 ст.). У 14—19 ст. на тэр. замка была царква, у якой да 1775 адбываліся сесіі Трыбунала — вышэйшага апеляцыйнага суда ВКЛ. У 1505 і 1506 татары двойчы асаджвалі замак, але ўзяць не змаглі. У 1706 замак узарваны шведамі.
Малы замак у 11 ст. — комплекс умацаванняў, які складаўся з землянога вала і драўляных абарончых канструкцый. У канцы 13 — пач. 14 ст. з захаду над уездам была надбудавана мураваная вежа, якая ў канцы 15 — пач. 16 ст. перабудавана ў 8-гранную. Абодва замкі ў 13 ст. былі дадаткова ўмацаваны земляным валам і ровам, якія праходзілі каля падножжа гары з паўн. і паўн.-зах. бакоў. Да 1828 ад Замка на дзядзінцы часткова ўцалелі 2 вежы: Шчытоўка і Касцельная.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Навагрудскія замкі: 1 — рэшткі замка на дзядзінцы. Фота пач. 1990-х г.; 2 — рэканструкцыя В.Сташчанюка. 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІЯ ЗА́МКІ,
сістэма абарончых збудаванняў сярэдневяковага Віцебска. Складаліся з Верхняга, Ніжняга і Узгорскага замкаў. Першыя 2 пабудаваны кн. Альгердам на месцы былога дзядзінца і вакольнага горада.
Верхні замак (14—18 ст., пл. каля 4 га) размяшчаўся на левым беразе р. Віцьба пры ўпадзенні яе ў Зах. Дзвіну. У плане нагадваў трапецыю, меў 8 вежаў. Уключаў гарадзішча ранняга жал. веку (у пісьмовых крыніцах наз. гара Ламіха, дзядзінец Віцебска) і мыс Заходнядзвінскага ўзвышша, умацаваныя валам у 1130-я г. У сярэдзіне 14 ст. на грэбені вала стаялі мураваныя абарончыя сцены і вежы. З моманту пабудовы мураваны замак перажыў каля 15 аблог з выкарыстаннем артылерыі. Моцна ён пацярпеў пасля 3 асад войскамі Івана IV Грознага ў час Лівонскай вайны 1558—83, аднак паступова адноўлены. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у ходзе ген. штурму 28.11.1654 узяты рус. войскам і толькі ў 1667 зноў здадзены Рэчы Паспалітай. Паводле звестак за 1655, агульная даўжыня мураваных умацаванняў замка дасягала 623 м. У 1708 замак спалены па загадзе Пятра I. Адноўлены да сярэдзіны 18 ст., пасля двух пажараў 1757 разабраны.
З Пд да Верхняга замка прымыкаў Ніжні замак (14—18 ст., пл. 7—7,5 га) з 7 мураванымі вежамі. Мураваны абарончы пояс гэтага замка дасягаў 1750 м. Пасля аблог 1393, 1396, 1435, 1502, 1516, 1519, 1534, 1535, 1536 з выкарыстаннем артылерыі, бамбардзіровак войскам Івана IV Грознага ў 1562, 1563 і 1568 у Лівонскую вайну 1558—83 ад сцен замка засталіся руіны і асобныя ўчасткі вежаў, якія рамантаваліся каменем і дрэвам. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 замак заняты рус. войскам восенню 1654, пасля працяглых штурмаў быў істотна рэканструяваны. У вер. 1708 спалены карным атрадам калмыкаў на чале з капітанам рус. арміі Салаўёвым. Быў адноўлены, канчаткова знік пасля пажару. 1752 і двух пажараў 1757.
Узгорскі замак (1-я пал. 17—18 ст., пл. каля 10 га) пабудаваны паміж рэкамі Зах. Дзвіна і Віцьба (на яе правым беразе), на Пн ад Верхняга і Ніжняга замкаў. Меў 3 брамы і 7 драўляных вежаў. Мостам цераз Віцьбу злучаўся з Ніжнім замкам. У 1656 лінія ўмацаванняў Узгорскага замка дасягала 1800 м, у плане ён меў канфігурацыю, блізкую да чатырохвугольнай. Замак не раз гарэў у час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Канчаткова спалены ў ходзе Паўн. вайны 1700—21 па загадзе Пятра I 28.9.1708 рус. войскам пры адступленні.
Літ.:
Ткачев М.А. Замки Белоруссии. Мн., 1987.
М.А.Ткачоў.
Да арт.Віцебскія замкі (злева направа): Вялікая праезная брама Верхняга замка; вежа «Валконскі круглік» Ніжняга замка; ратуша, гасціны двор і гандлёвыя рады Узгорскага замка. З «Чарцяжа» Віцебска 1664.