За́кла ’закутак у хляве для малых свіней’ (брагін., З нар. сл.), ’месца ў вуглу плота’ (Мат. Гом.), ’выгін ракі’ (стол., Яшкін). Укр. уст. дыял. за́кла ’крук’ (’Haken’, Жэлях.), за́кло ’частка зямлі, што ўдаецца ў чужую зямлю (Грынч.). Ніканчук (БЛ, 1974, 6, 71), улічваючы розныя значэнні слова на Укр. Палессі, аб’ядноўвае закло са словамі клін, укр. ікла, рус. клык, якія генетычна звязвае з калоць (гл.) і прапануе рэканструяваць яго форму як закъло. Гэта верагодна. Аналагічна на больш шырокім матэрыяле Варбат, Этимология, 1972, 49–53.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

за́кла Выгін ракі (Стол.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

Закля́ва ’завадзь’ (Сл. паўн.-зах.). Няясна. Магчыма, ад закла з суф. ‑ʼава (параўн. качава ’месца, дзе качаўся конь’, Сцяцко, Афікс. наз., 34), але што выражае суфікс?

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Накол ’рог хусткі’ (чэрв., Сл. ПЗБ), наклы́ ’па вуглах’ (там жа), рус. пск. накло́ ’мыс берага, каса’, ’неглыбокае месца, парослае трыснягом’ (СРНГ), польск. Nakło (тапонім), чэш. náklí ’зараслі маладой вярбы’, nákel ’вільготнае месца з вярбовымі ’зараслямі’, náklo ’месца каля ракі’, славен. Naklo (тапонім, гл. Бязлай, Eseji, 163), серб.-харв. на̑кла ’глыбокае месца ў рацэ’, nákla прысл. ’дадолу, на зямлю’ (Šimunović, Olesch. Čak.-deut. Lexikon, 3, 538). На падставе наяўных матэрыялаў можна рэканструяваць у якасці зыходнай формы прасл. *nakъlъ, *nakъlo ’выступ’, прыставачнае ўтварэнне з прэфіксам na‑, параўн. сінанімічнае да яго *zakъlo (гл. за́кла), ад асновы kъlъ ’зуб, клык, малады парастак’, якая ўзыходзіць да *kolti ’калоць’, гл. Брукнер, 354; Махэк₁, 317; Скок, 2, 500; спецыяльна гл. Варбат, Этимология–1972, 49–53. Для шэрагу вучоных аснова і першаснае значэнне слова застаюцца няяснымі (Махэк₂, 388; Бязлай, 2, 213). Ондруш звязвае з балг.-макед. натлак ’нанос’ і праз стадыю пераходу ‑tьl > ‑tl‑ > ‑kl‑ спрабуе звесці да ‑tьlo (Slavica Slovaca, 16, 1981, 3, 230–235). Гл. таксама: Борысь, Onomastica Jugoslavica, 11, 1984, 1–9. Наяўнасць беларускіх і рускіх форм пярэчыць сцвярджэнню Налепы пра выключна заходнеславянска-паўднёваславянскі характар слова, на якім грунтуюцца далёка ідучыя этнагенетычныя вывады, параўн. Nalepa J. Słowiańszczyzna północno-zachodnia. Podstawy jedności і jej rozpad. Poznań, 1968, 70–72.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)