Езуіты 2/431; 4/376—377; 5/510; 6/71; 7/262; 8/43, 101; 9/277

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЗУІ́ТЫ (ад лац. формы імя Ісус Iesus),

члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.​Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына П насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл. Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.

Літ.:

Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.

Дз.​У.​Караў.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

езуі́т

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. езуі́т езуі́ты
Р. езуі́та езуі́таў
Д. езуі́ту езуі́там
В. езуі́та езуі́таў
Т. езуі́там езуі́тамі
М. езуі́це езуі́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.​Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.

Т.​Б.​Блінова.

т. 4, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ Дзейнічаў у 1667—93 (з перапынкамі) у в. Новая Мыш (цяпер у Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл.). Засн. навагрудскім кашталянам, чл. мальтыйскага ордэна М.​У.​Юдзіцкім, які завяшчаў свае маёнткі Баранавічы, Дамашэвічы, Старая Мыш, Сухарэльшчына і Цешаўля калегіуму. Аднак 2 інш. члены мальтыйскага ордэна М.​Сяняўскі і Е.​Любамірскі распачалі судовы працэс з мэтай скасаваць калегіум і вярнуць маёнткі свайму ордэну. У выніку судовай спрэчкі калегіум працаваў толькі ў 1667—78, 1679—83, 1688 і 1692—93, а пасля канчаткова закрыты. Свайго касцёла езуіты не мелі і выкарыстоўвалі мясц. парафіяльны касцёл. Будынкі калегіума не захаваліся.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кале́гія, ‑і, ж.

1. Група асоб, якая ўтварае адміністрацыйны, дарадчы або распарадчы орган. Калегія Міністэрства народнай асветы. Судзейская калегія. Рэдакцыйная калегія.

2. Аб’яднанне асоб адной прафесіі. Калегія адвакатаў. Калегія прапагандыстаў. Калегія прафесараў.

3. Цэнтральная ўрадавая ўстанова ў Расіі ў 18 ст. Калегія замежных спраў. Ваенная калегія.

4. Уст. Назва некаторых навучальных устаноў. У 1570 годзе езуіты ў Вільні адкрываюць калегію, якая праз дзевяць год ператвараецца ў акадэмію з падрыхтоўчай школай. Шакун.

[Лац. collegium.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ханжа́ 1, ‑ы, м. і ж.

Разм. Прытворна набожны або прытворна дабрадушны чалавек; крывадушнік. І вось рашылі хлопцы выкрыць мараліста, Як кажуць, вывесці ханжу на чыстую ваду. Валасевіч. Звярнуўшыся да ксяндзоў, [Ян] прадаўжаў крычаць: — Дакуль вы будзеце ашукваць народ, вы — дармаеды, езуіты, ханжы?! Пестрак.

ханжа́ 2, ‑ы, ж.

Разм. Кітайская неачышчаная хлебная гарэлка. // Самагонка наогул. Гэты п’янчужка пісаў і Аксенту заяву, дзеля чаго яны дасталі былі трохі ханжы і разам выпілі. Зарэцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЕЗУІ́ЦКАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

сістэма выхавання, распрацаваная ордэнам езуітаў. Яе прынцыпы і методыка выкладзены ў спец. школьным статуце «Ratio atque institutio studiorum Societatis Jesu» («План і арганізацыя заняткаў у грамадстве Icyca»), зацверджаным y 1599. Адна з характэрных рыс Е.в. — адмова ад суровай дысцыпліны, якая існавала ў сярэдніх і вышэйшых школах сярэдневякоўя. Аднак езуітамі была распрацавана сістэма пакаранняў, якая прыніжала чалавечую годнасць вучняў (каўпак з аслінымі вушамі, ганебная лава і інш.) і сістэма ўзнагарод (пачэснае месца ў класе, адзнакі і г.д.). Настаўнікі-езуіты імкнуліся кантраляваць кірунак думак навучэнцаў, вялі за імі пастаянны нагляд. Е.в. было накіравана на падрыхтоўку вучняў да служэння каталіцкай царкве, аўтарытэту папы рымскага, вышэйшых царк. іерархаў (гл. таксама Езуіцкія навучальныя ўстановы, Калегіум).

В.​Ф.​Шалькевіч.

т. 6, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1586—1773 у Нясвіжы як сярэдняя навучальная ўстанова. Засн. М.​К.​Радзівілам Сіроткам, які падараваў калегіуму маёнтак Ліпск з 6 вёскамі. У 1584—93 пабудаваны корпус Н.е.к. і пры ім Нясвіжскі касцёл езуітаў. Нясвіжскія езуіты стварылі свае місіі ў Капылі, Крывошыне, Ліпску, Мікалаеве і інш. У 1586 у Н.е.к. адкрыты класы граматыкі, потым — паэтыкі, рыторыкі і інш. Пры калегіуме дзейнічалі: з 1610 муз. бурса, з 1620 канвікт (інтэрнат) для дзяцей збяднелай шляхты, з 1627 аптэка, з 1750 Нясвіжская друкарня Радзівілаў. У пач. 17 ст. ў калегіуме было каля 300 вучняў. Яго б-ка ў 1773 налічвала каля 15 тыс. тамоў. Са скасаваннем ордэна езуітаў (1773) калегіум пераўтвораны ў свецкую школу, касцёл — у парафіяльны. Інш. будынкі не захаваліся.

Літ.:

Paszenda J. Kościół Bożego Ciała (pojezuicki) w Nieświeżu // Kwartalnik architektury i urbanistyki. 1976. T. 21, z. 3.

т. 11, с. 416

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПО́ЛАЦКА-ВІ́ЦЕБСКАЯ ДАЎНІНА́»

(«Полоцко-Витебская старина»),

выданне Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выйшла 3 т. (т. 1, 1911; т. 2, 1912; т. 3, 1916; усе ў Віцебску). Асн. тэматыка — гісторыя Полацка-Віцебскага краю 9—19 ст. і дакументы аб вайне 1812. Надрукаваны артыкулы А.П.Сапунова «Гістарычны нарыс Віцебскай Беларусі» (т. 1), «Сказанні ісландскіх ці скандынаўскіх саг аб Полацку, князях полацкіх і р. Заходняй Дзвіне» (т. 3), Дз.С.Леанардава «Полацкі князь Усяслаў і яго час» (т. 2, 3), П.​М.​Красавіцкага «Помнікі царкоўнай даўніны Полацка-Віцебскага краю і іх захаванне» (т. 1), І.​Я.​Мітрошанкі «Езуіты ва ўсходняй частцы Беларусі з 1579 да 1772 года» (т. 2) і інш. Пра падзеі вайны 1812 на Віцебшчыне змяшчаліся матэрыялы, якія захоўваліся ў Віцебскім губ. архіве, асабістых архівах нашчадкаў удзельнікаў тых падзей і з інш. крыніц. У выданні асвятляліся падзеі навук., культ. і грамадскага жыцця Віцебшчыны. Рэгулярна змяшчаліся справаздачы пра дзейнасць мясц. архіўнай камісіі.

М.​Ф.​Шумейка.

т. 12, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)