дэсіка́нты, ‑аў; адз. дэсікант, ‑а, М ‑нце, м.

Хімічныя рэчывы, якія ўжываюцца для высушвання сцёблаў і лісця раслін з мэтай паскарэння іх паспявання і аблягчэння машыннай уборкі ўраджаю.

[Ад лац. desiccare — высушваць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЭСІКА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія выклікаюць высушванне раслін. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў і эмульсій для дэсікацыі (перадуборачнае высушванне с.-г. раслін), што паскарае паспяванне насення, пладоў, памяншае іх вільготнасць і аблягчае механізаваную ўборку ўраджаю. У якасці Д. звычайна выкарыстоўваюць: рэглон на насенных пасевах морквы, капусты, буракоў, бульбы; раўндап на насенных пасевах гароху, канюшыны, ільну-даўгунцу; хларат магнію Mg(ClO3)2 × 6H2O, хларат-хларыд кальцыю [Ca(ClO3)2 у сумесі з CaCl2] на пасевах бавоўніку, пшаніцы, бульбы, цукр. буракоў і інш.

В.​П.​Дзеева.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэсіка́нты

(ад лац. desiccare = высушваць)

хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюцца для дэсікацыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

дэсіка́нт

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. дэсіка́нт дэсіка́нты
Р. дэсіка́нту дэсіка́нтаў
Д. дэсіка́нту дэсіка́нтам
В. дэсіка́нт дэсіка́нты
Т. дэсіка́нтам дэсіка́нтамі
М. дэсіка́нце дэсіка́нтах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ДЭСІКА́ЦЫЯ (ад лац. desicco высушваю),

перадуборачнае падсушванне раслін для паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэсіканты, якія разбураюць калоіды пратаплазмы, што рэзка зніжае здольнасць клетак утрымліваць ваду, памяншае колькасць звязанай вады ў расліне і ўзмацняе выпарэнне. Выкарыстоўваюць на пасевах бавоўніку, канапель, сланечніку, рысу, пшаніцы, бульбы, насеннікаў цукр. буракоў і інш.; эфектыўная ў вільготнае надвор’е.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭФАЛІЯ́НТЫ,

хімічныя рэчывы, што паскараюць ападанне лісця ў раслін. Д. стымулююць утварэнне этылену — прыроднага рэгулятара росту, які садзейнічае фарміраванню аддзяляльнага слоя ў аснове чаранка, што выклікае ападанне лісця (штучны лістапад). Д. з’яўляюцца некат. дэсіканты (хларат магнію, хларат-хларыд кальцыю). Выкарыстоўваюць Д. для перадуборачнага пазбаўлення ад лісця (дэфаліяцыя) на пасевах бавоўніку, бульбы, насеннага лубіну і інш. с.-г. раслін.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСТЫЦЫ́ДЫ (ад лац. pestis зараза + caedere забіваць),

хімічныя сродкі аховы раслін і жывёл ад шкоднікаў і непажаданых мікраарганізмаў. Больш за 80% П. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Асн. групы П. для аховы с.-г. культур: інсектыцыдыхім. сродкі знішчэння шкодных насякомых, фунгіцыды — сродкі барацьбы з грыбковымі захворваннямі, гербіцыды — сродкі барацьбы з пустазеллем, інсектарэпеленты — для адпужвання і інсектаатрактанты (напр., ферамоны) — для прываблівання насякомых, хемастэрылізатары — пазбаўляюць шкоднікаў здольнасці да размнажэння, заацыды — сродкі знішчэння шкодных грызуноў, птушак, рыб, а таксама рэгулятары росту раслін, дэфаліянты (выклікаюць ранняе ападанне лісця), дэсіканты (падсушваюць расліны на корані), антыдоты для раслін (надаюць устойлівасць да гербіцыдаў).

Дзейная аснова П. — прыродныя або сінт. рэчывы. Звычайна для практычнага выкарыстання на іх аснове рыхтуюць парашкі, эмульсіі, растворы. гранулы, аэразольныя прэпараты. Вядома больш за 10 тыс. найменняў пестыцыдных прэпаратаў. Вытв-сць і выкарыстанне кожнага П. дапускаецца з дазволу дзярж. органаў, адначасова вызначаюцца правілы і тэрміны іх выкарыстання, лімітадапушчальныя нормы астачы П. у прадуктах харчавання і ГДК. у паветры і вадзе.

Літ.:

Мельников Н.Н. Пестициды: Химия, технология и применение. М., 1987.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

т. 12, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)