дэмакра́тыя, -і, ж.

1. Палітычны лад, заснаваны на прызнанні прынцыпаў народаўладства, свабоды і роўнасці грамадзян.

2. Прынцып арганізацыі калектыўнай дзейнасці, пры якім забяспечваецца актыўны і раўнапраўны ўдзел у ёй усіх членаў калектыву.

|| прым. дэмакраты́чны, -ая, -ае.

Д. лад.

Дэмакратычная рэспубліка.

Дэмакратычная партыя.

Дэмакратычныя пераўтварэнні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дэмакра́тыя

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. дэмакра́тыя
Р. дэмакра́тыі
Д. дэмакра́тыі
В. дэмакра́тыю
Т. дэмакра́тыяй
дэмакра́тыяю
М. дэмакра́тыі

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

дэмакра́тыя ж., в разн. знач. демокра́тия;

наро́дная д. — наро́дная демокра́тия;

буржуа́зная д. — буржуа́зная демокра́тия

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дэмакра́тыя, ‑і, ж.

1. Палітычны лад, пры якім вярхоўная ўлада належыць народу. Сацыялістычная дэмакратыя.

2. Спосаб кіраўніцтва якім‑н. калектывам, які забяспечвае шырокі ўдзел і рашаючы ўплыў усяго калектыву. Унутрыпартыйная дэмакратыя. Прафсаюзная дэмакратыя.

•••

Буржуазная дэмакратыя — палітычны лад, пры якім парламентарызм з’яўляецца прыкрыццём дыктатуры буржуазіі над працоўнымі.

Народная дэмакратыя — палітычны лад у радзе краін Еўропы, які выконвае функцыю дыктатуры пралетарыяту для ліквідацыі капіталістычных элементаў і пабудовы сацыялістычнай грамадства.

[Ад грэч. dēmos — народ і kratos — сіла, улада.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Дэмакратыя 1/489; 4/222, 362, 363; 9/304

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

дэмакра́тыя ж. Demokrate f -, -¦en; Vlksherrschaft f -;

пры́нцыпы дэмакра́тыі Prinzpi¦en der Demokrate

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ДЭМАКРА́ТЫЯ (ад грэч. dēmos народ + kratos улада),

форма дзярж.-паліт. арганізацыі грамадства, заснаваная на прызнанні народа ў якасці крыніцы ўлады. Вядомы розныя гіст. формы Д.: першабытная, абшчынная, ваенная племянная, полісная арганізацыя грамадства ў гарадах-дзяржавах Стараж. Грэцыі і Італіі і рэсп. форма праўлення ў Стараж. Рыме; сярэдневяковыя гарады-рэспублікі (Венецыя, Генуя, Жэнева, Ноўгарад, Полацк і інш.). Дэмакр. ін-ты ўлады існавалі ў Англіі (парламент), Іспаніі (картэсы), Францыі (ген. штаты), ВКЛ (сейм і мясц. сеймікі) і інш Важнымі гіст. вехамі на шляху ажыццяўлення ідэалаў Д. сталі нац.-вызв. барацьба і ўтварэнне суверэнных, незалежных дзяржаў у 19—20 ст., устанаўленне ліберальна-дэмакр. рэжымаў у шэрагу краін Усх. і Цэнтр. Еўропы ў 1990-я г. Прынцыпы Д. былі адлюстраваны ў Статуце ВКЛ 1588, Дэкларацыі незалежнасці ЗША (1776), «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час. Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), Усеагульнай Дэкларацыі правоў чалавека (1948) і інш. Вопыт Афін і шэрагу інш. грэч. полісаў паслужыў асновай для ўзнікнення тэорыі Д. ў працах Арыстоцеля, Палібія, Платона і інш. стараж. філосафаў. Праблемы дэмакр. ўладкавання жыцця на прынцыпах «натуральнага права», роўнасці і свабоды, суверэннасці народа распрацоўвалі Дж.​Лок, Ж.​Ж.​Русо, Ш.​Л.​Мантэск’ё, Т.​Джэферсан, М.​А.​Бярдзяеў, бел. мысліцелі Ф.​Скарына, А.​Волан і інш. Прадстаўнікі гіст. матэрыялізму (К.​Маркс, Ф.​Энгельс, Г.​Пляханаў, У.​Ленін і інш.) разглядалі Д. ў сувязі з матэрыяльнымі ўмовамі жыцця грамадства, неабходнасцю стварэння ўмоў для рэальнага раўнапраўя людзей, усебаковага развіцця асобы. Паводле сучасных тэарэтыкаў Д. (Г.​Арэнт, У.​Ростаў, К.​Попер, І.​Шумпетэр, А.​Тойнбі і інш.), развітую Д. можна напоўніць рэальным зместам толькі пры ўмове свядомага ўдзелу ў паліт працэсе розных сац. сіл і грамадзян, але рэалізацыі гэтых умоў перашкаджае канцэнтрацыя эканам. улады ў руках «кіруючай эліты», якая стварае алігархічную мадэль улады і палітыкі.

Асн. прынцыпы палітычнай Д.: вяршэнства закона; роўнасць усіх грамадзян, сац. груп, нацый і народнасцей; гарантаванае захаванне правоў, свабод чалавека і грамадзяніна; выбарнасць кіраўніка дзяржавы і прадстаўнічых органаў; раздзяленне ўлад; паліт. плюралізм; галоснасць; шматпартыйнасць і інш. Эканамічная Д. знаходзіць сваё ўвасабленне ва ўтварэнні розных форм уласнасці, свабоднай прадпрымальніцкай і інш. эканам. дзейнасці, удзеле працоўных у кіраванні прадпрыемствамі, арг-цыямі і ўстановамі з мэтай павышэння эфектыўнасці іх работы і паляпшэння сац.-эканам. ўзроўню жыцця. Сацыяльная Д. — гэта сістэма ін-таў, якія гарантуюць рэалізацыю сац. каштоўнасцей (сістэма пенсіённага забеспячэння, страхавання па беспрацоўі, аховы здароўя, дапамогі сем’ям і інш.). Адрозніваюць непасрэдную Д. (асн. рашэнні прымаюцца непасрэдна грамадзянамі на рэферэндумах, сходах і да т.п.) і прадстаўнічую (рашэнні прымаюцца выбарнымі органамі). Тэрмін «Д.» ўжываецца і ў адносінах да грамадскіх арганізацый і аб’яднанняў (напр., прафс., парт. Д.). Агульнай сац.-эканам. і паліт. асновай функцыянавання і развіцця Д. з’яўляецца пабудова грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы. Як форма дзярж. ўладкавання і паліт. рэжыму Д. проціпастаўляецца антыдэмакратыі, аўтарытарызму, таталітарызму, дыктатуры, дэспатызму, фашызму і г.д.

У нац. заканадаўстве Рэспублікі Беларусь замацаваны асн. прынцыпы Д., якія ствараюць прававую аснову для арг-цыі і функцыянавання дэмакр. ін-таў і механізмаў улады: народаўладдзе, разнастайнасць паліт. ін-таў, ідэалогіі і поглядаў, раздзяленне ўлад, роўнасць усіх перад законам і права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў, адказнасць дзяржавы перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы і грамадзяніна перад дзяржавай за няўхільнае выкананне сваіх абавязкаў.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 6, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дэмакра́тыя

(гр. demokratia)

1) форма дзяржавы, заснаваная на прызнанні народа крыніцай улады;

2) прынцып арганізацыі дзейнасці калектыву, заснаваны на раўнапраўным удзеле ўсіх яго членаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Дэмакра́тыядэмакратыя’ (БРС). Рус. демокра́тия, укр. демокра́тія. Лічыцца запазычаннем з франц. démocratie або ням. Demokratie (< лац. < грэч.). Гл. Фасмер, 1, 498; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 67. Але націск лепш тлумачыць польск. уплывам (параўн. польск. demokracja).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

дэмакра́тыя

(фр. démocratie, ад гр. demos = народ + kratos = улада)

1) форма дзяржаўнага кіравання, заснаваная на прызнанні народа крыніцай улады (проціл. аўтарытарызм); 2) прынцып арганізацыі дзейнасці калектыву, заснаваны на раўнапраўным удзеле ўсіх яго членаў.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)