ДЭКСТРЫ́НЫ,
высокапалімерныя рэчывы поліцукрыднай прыроды, якія ўтвараюцца пры частковым гідролізе крухмалу і глікагену. Гідроліз бывае ферментатыўны (пры ўдзеле α- і β-амілаз) і неферментатыўны (пры ўздзеянні кіслот, шчолачаў, тэмпературы). На першай яго стадыі ўтвараюцца аміладэкстрыны (у прысутнасці ёду іх раствор набывае фіялетавы колер), потым эрытрадэкстрыны (утвараюць чырвона-буры колер з ёдам), затым ахраадэкстрыны (не афарбоўваюцца ёдам) і мальтадэкстрыны (не афарбоўваюцца і не выпадаюць у асадак пры дабаўленні спірту). Засвойваюцца арганізмам лепш, чым крухмал і глікаген. Д. з крухмалу — клеільныя рэчывы.
т. 6, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
дэкстры́ны
(фр. dextrine, ад лац. dexter = правы)
арганічныя злучэнні класа поліцукрыдаў, прадукты гідролізу крухмалу; выкарыстоўваюцца ў тэкстыльнай, паліграфічнай і абутковай прамысловасці ў якасці клейкага рэчыва.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПОЛІЦУКРЫ́ДЫ, гліканы,
высокамалекулярныя вугляводы, малекулы якіх пабудаваны з астаткаў монацукрыдаў, якія звязаны гліказіднымі сувязямі і ўтвараюць лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Да П. адносяцца гепарын, глікаген, дэкстрыны, крухмал, хіцін і інш.
т. 12, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аміла́зы
(ад гр. amylon = крухмал)
ферменты, якія гідралітычна расшчапляюць крухмал і глікаген і ўтвараюць дэкстрыны, мальтозу і глюкозу ў жывых арганізмах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)