ДРЫЖА́ЛКА (Tremella),

род гетэрабазідыяльных грыбоў сям. дрыжалкавых. Вядома каля 100 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. Сапратрофы. На Беларусі 3 віды.

Найчасцей трапляецца на сухіх галінках лісцевых дрэў на працягу ўсяго года Д. звілістая (T. mesenterica).

Пладовыя целы акруглыя, пукатыя, з глыбокімі звілістымі складкамі, ярка жоўтыя ці аранжавыя, дыям. да 4 см, шчыльнастудзяністыя, пры высыханні рогападобныя. Споры яйцападобныя, гладкія, бясколерныя.

Дрыжалка звілістая.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРЫЖА́ЛКАВЫЯ (Tremellales),

парадак гетэрабазідыяльных грыбоў. Вядома каля 200 відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных зонах. На Беларусі 10 відаў з родаў дрыжалка, эксідыя, трэмеладон. Сапратрофы. Трапляюцца на ўсёй тэрыторыі на старых пнях, ламаччы.

т. 6, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАБАЗІДЫЯМІЦЭ́ТЫ, гетэрабазідыяльныя грыбы (Heterobasidiomycetidae),

падклас базідыяльных грыбоў. Аб’ядноўвае 2 парадкі: аўрыкулярыяльныя (Auriculariales) і дрыжалкавыя (Tremellales). Пашыраны пераважна ў тропіках, субтропіках і ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У Еўропе каля 100 відаў, з іх на Беларусі 20. Большасць сапратрофы (дакрыміцэс, калоцэра, дрыжалка і інш.), некат. паразіты (гелікабазідый, септабазідый). Есць ядомыя (аўрыкулярыя).

Характэрная асаблівасць гетэрабазідыяміцэтаў — складаныя, шматклетачныя або з вельмі буйнымі стэрыгмамі базідыі (гетэрабазідыі). Пладовыя целы ад 0,2 да 20 см, разнастайнай будовы і афарбоўкі, у асн. студзяністай кансістэнцыі. Гіменій размешчаны на ўнутр. паверхні пладовага цела або ўкрывае ўсю яго паверхню. Пры высыханні ўтвараюць рогападобныя плеўкі (скарыначкі), пры вільготным надвор’і прымаюць ранейшую форму. Базідыяспоры шматклетачныя, прарастаюць, утвараючы другасную спору або дробныя канідыі.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)