дра́ма

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. дра́ма дра́мы
Р. дра́мы дра́м
Д. дра́ме дра́мам
В. дра́му дра́мы
Т. дра́май
дра́маю
дра́мамі
М. дра́ме дра́мах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

дра́ма, -ы, мн. -ы, драм, ж.

1. Адзін з родаў літаратуры, які ахоплівае творы, прызначаныя для выканання акцёрамі на сцэне.

2. Адзін з жанраў літаратуры з сур’ёзным, але не гераічным зместам, а таксама твор такога жанру.

3. перан. Цяжкая падзея, перажыванне, якое прыносіць маральныя пакуты.

Душэўная д.

|| прым. драматы́чны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

дра́ма ж., прям., перен. дра́ма;

мяшча́нская д. — меща́нская дра́ма

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дра́ма в разн. знач. дра́ма, -мы ж.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

дра́ма, ‑ы, ж.

1. Род літаратурных твораў, напісаных у форме дыялогу без аўтарскай мовы і прызначаных для пастаноўкі на сцэне.

2. Літаратурны твор такога роду з сур’ёзным, але не гераічным зместам (у адрозненне ад трагедыі і камедыі). Драмы Шэкспіра.

3. перан. Няшчасце, падзея, якія прыносяць маральныя пакуты. Сямейная драма. Душэўная драма.

•••

Мяшчанская драма — драматычны жанр, які ўзнік у час станаўлення буржуазіі і адлюстроўваў жыццё і пачуцці людзей нязнатнага паходжання.

[Ад грэч. drama — дзеянне, сцэнічны наказ.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Драма 4/269—270; 5/294; 6/383, 391; 8/417; 9/146; 10/273; 11/466

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

дра́ма ж. Drma n -s, Drmen

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

ДРА́МА (грэч. drama літар. дзеянне),

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай). Яна бліжэй да эпасу, хоць убірае ў сябе і асобныя элементы лірыкі. У параўнанні з інш. родамі л-ры Д. вызначаецца найбольшай аб’ектыўнасцю, дзеянне ў ёй разгортваецца сваімі сіламі, характары раскрываюцца ў непасрэдных сутыкненнях, без «удзелу» аўтара. Звычайна мае востры. напружаны сюжэт. Для Д. характэрны дынамізм, павышаная канцэнтрацыя дзеяння, якое ад завязкі і да кульмінацыі няўхільна нарастае і ўскладняецца, набывае большую змястоўнасць, захоплівае ў сваю арбіту ўсё больш персанажаў. Асабліва вял. роля належыць канфлікту — аснове, стрыжню Д., сутыкненням, непрымірымай барацьбе характараў. Адметнасць Д. ў тым, што ўсе падзеі ў ёй адбываюцца толькі ў цяперашнім часе, хоць твор можа быць прысвечаны і сучаснаму жыццю, і далёкаму мінуламу. Д. зарадзілася з нар. рытуалаў і фалькл. абрадаў, гульняў, карагодаў, калі разам з рухамі (пантамімай, танцамі) пачалі выкарыстоўваць і словы. Пабудаваная ў дыялагічнай форме і пазбаўленая апісальніцтва Д. разлічана на публічнае выкананне акцёрамі. Псіхал. моманты ўспрыняцця (неабходная займальнасць, цікавасць да твора і г.д.) абумоўліваюць эстэт. прынцыпы і законы Д. Яна абмежавана ў памерах, у колькасці сюжэтных ліній, персанажаў, у часе, месцы дзеяння. Належыць тэатру і л-ры, патрабуе высокіх літ.-маст. вартасцей і сцэнічнасці. Твор, напісаны ў дыялагічнай форме, але без уліку патрабаванняў тэатра, яго сцэнічнага выканання, наз. «драмай для чытання» (ням. Lesendrama). Д. падзяляюцца на розныя жанры: трагедыя, камедыя, драма як жанр (гл. ніжэй), меладрама, трагікамедыя, вадэвіль, фарс і інш. На Беларусі Д. прайшла ўсе асн. этапы развіцця (гл. Драматургія). вядомы амаль кожны з яе жанраў.

2) Адзін з асн. і найб. пашыраных жанраў драм. твораў. Адлюстроўвае драм. калізіі, вострыя супярэчнасці, якія найчасцей у творы і вырашаюцца. Як і трагедыя, паказвае героя ў працэсе духоўнага росту ці дэградацыі, але без падкрэсленай яго велічнасці. Як і ў камедыі, у Д. больш паказваецца прыватнае жыццё персанажа, аднак асн. яе мэта — паказ героя ў драм. барацьбе. Д. як жанр у залежнасці ад агульнай накіраванасці, ахопу і адбору жыццёвых з’яў, выкарыстанню маст. сродкаў, паводле стылявых адзнак падзяляецца на сацыяльную, бытавую, гістарычную, дакументальную, псіхалагічную, гераічную, лірычную і інш. Элементы ўласна Д. ёсць у антычных драм. творах (напр., у Эўрыпіда) і асабліва рэнесансавай драматургіі. Як самаст. жанр склалася і атрымала тэарэт. абгрунтаванне толькі ў 2-й пал. 18 ст. ў асветнікаў (мяшчанская драма Д.Дзідро, Л.С.Мерсье ў Францыі, Г.Э.Лесінга ў Германіі). Для пачатковых этапаў развіцця Д. характэрна шчаслівае вырашэнне канфліктаў. У далейшым унутраны дынамізм узмацняецца, шчаслівая развязка сустракаецца ўсё радзей, а герой застаецца звычайна ў разладзе з грамадствам і самім сабой («Навальніца» і «Беспасажніца» А.М Астроўскага, п’есы А.П.Чэхава, Б.Шоу, Б.Брэхта). На Беларусі Д. атрымала развіццё ў пач. 20 ст. ў творчасці К.Каганца («У іншым шчасці няшчасце схавана»), Я.Купалы («Раскіданае гняздо»), Я.Коласа («Антось Лата»), Л.Родзевіча («Пакрыўджаныя»), М.Гарэцкага («Атрута»). У большасці выпадкаў, дакладна ўзнаўляючы побыт, жыццёвыя рэаліі, гэтыя творы адлюстроўваюць сац. супярэчнасці і канфлікты, узнімаюць важныя праблемы, маюць высокае грамадзянскае гучанне. Набыла пашырэнне гіст. Д. («Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча, «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» У.Караткевіча, «Напісанае застаецца» А.Петрашкевіча, «Осцей — Альгердаў унук» І.Чыгрынава). Значнае месца занялі творы пра Вял. Айч. вайну («Проба агнём» і «Людзі і д’яблы» К.Крапівы, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча, «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Апошні шанц» В.Быкава, «Радавыя» А.Дударава), а таксама пра сучаснае жыццё («Экзамен на восень» І.Шамякіна, «Трывога» і «Соль» Петрашкевіча, «Выклік багам» А.Дзялендзіка, «Парог» і «Вечар» Дударава, «Ку-ку» М.Арахоўскага, «Пеўчыя сорак першага года» Г.Марчука, «Пятля часу» Р.Баравіковай і інш.).

Літ.:

гл. ў арт. Драматургія.

А.В.Сабалеўскі.

т. 6, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

дра́ма

(гр. drama = дзеянне)

1) адзін з трох асноўных родаў літаратуры (побач з эпасам і лірыкай);

2) літаратурны твор сур’ёзнага зместу ў форме дыялогу, прызначаны для пастаноўкі на сцэне;

3) перан. падзея, якая прыносіць душэўныя пакуты (напр. сямейная д.).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Дра́мадрама’ (БРС). Рус. дра́ма, укр. дра́ма. Першакрыніцай з’яўляецца грэч. δρᾱμα. Слова запазычана праз лац. drama або ням. Drama (так Фасмер, 1, 535). Шанскі (1, Д, Е, Ж, 183) мяркуе, што для рус. мовы пасрэднікам было іменна лац. слова. Прыметнік драматы́чны, рус. драмати́ческий, укр. драмати́чний запазычаны з ням. dramatisch або франц. dramatique (Фасмер, 1, 535; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 183–184).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)