Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫН,
вёска ў Зэльвенскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Сіпа, на аўтадарозе Гродна—Слонім. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 15 км на ПнУ ад Зэльвы, 98 км ад Гродна, 16 км ад чыг. ст. Зэльва. 795 ж., 347 двароў (1997).
У пач. 15 ст. сяло баярына Дрэмута. З 15 ст. належаў Копачам, Сангушкам, Вішнявецкім, Нарбутам, Палубенскім, Сапегам і інш. З 1537 мястэчка. У 1786 пабудаваны Дзярэчынскі палац. У 1790 было 160 двароў. З 1795 у Рас. імперыі, у Слонімскім пав. У 1878—2269 ж., 2 школы. 2 царквы, сінагога, 28 крам. У 1921—39 у Польшчы. З 1939 у БССР, цэнтр сельсавета Зэльвенскага р-на. У Вял.Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў чэрв. 1942 расстралялі ў Дз. больш за 2 тыс.чал. З 14.4.1962 у Мастоўскім, з 25.12.1962 у Ваўкавыскім, з 1965 у Мастоўскім, з 1966 у Зэльвенскім р-нах. У 1971—991 ж., 334 двары.
Лесазавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Дзярэчынская Спаса-Праабражэнская царква (сярэдзіна 19 ст.), касцёл Ушэсця (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Dereczyn
м.в.Дзярэчын
Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)
ГРАДЭ́ЦКІ (Аляксандр) (21.5.1802—2.5.1869),
бел. архітэктар. У 1819—22 вучыўся ў Крамянецкім ліцэі (Украіна). У 1824 стажыраваўся ў Варшаве ў арх. П.Айгнера. У 1829—61 працаваў на Гродзеншчыне. Аўтар царквы і сядзібы ў г.п. Зэльва, жылога дома ў в.Дзярэчын Зэльвенскага р-на (1829), сядзібы ў в. Гнезна Ваўкавыскага р-на (1830-я г.), палаца і капліцы ў в. Масаляны Бераставіцкага р-на (1845—50), флігеля і капліцы ў Крэменцы (1855—61), праекта прыходскага касцёла ў Ваўкавыску (1836).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЯРНІ́ЦА,
вёска ў Беларусі, у Слонімскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса «Прагрэс». За 34 км на З ад Слоніма, 180 км ад Гродна, 2 км ад чыг. ст. Азярніца. 442 ж., 173 двары (1994). Сярэдняя школа, б-ка, клуб, бальніца. Царква.
Упершыню ўпамінаецца ў 1478 сярод «прысёлкаў» маёнтка Дзярэчын, якім валодалі Копачы. У 15—16 ст. належала Б.Мілашэвічу, Б.Багавіцінавічу, І.Гарнастаю. У 1886 — 418 ж., 39 двароў, школа, царква, сінагога, штогод праводзіліся 2 кірмашы. З 1940 цэнтр сельсавета.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТАСЕ́ЛЬСКІ (Канстанты) (каля 1739, г. Львоў — 24.12.1809),
бел. тэатральны мастак і майстар дэкаратыўнага жывапісу. Каля 1780 запрошаны ў прыдворны тэатр К.Радзівіла (Пане Каханку) у Нясвіжы. Стварыў шэраг дэкарацый, у т. л. ў 1784 для аперэты «Агатка, ці Прыезд пана». З Нясвіжа пераехаў у Дзярэчын (Зэльвенскі р-н), дзе для прыдворнага тэатра кн. Сапегаў напісаў гал. заслону. З 1793 працаваў у Вільні, у 1796—1802 стварыў шэраг дэкарацый для Віленскага тэатра (оперы «Аберон, кароль эльфаў» П.Враніцкага, «Ладаіска» Л.Керубіні, «Уяўны цуд, ці Кракаўцы і горцы» Я.Стэфані).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫНСКАЯ СПА́СА-ПРААБРАЖЭ́НСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў сярэдзіне 19 ст. ў в.Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. Кампазіцыя будынка складаецца з асн. квадратнага ў плане аб’ёму, прамавугольнай (звонку, унутры паўкруглай) апсіды і бабінца.
Асн. аб’ём накрыты 4-схільным дахам з купалам на драўляным светлавым 8-гранным барабане ў цэнтры і 4 галоўкамі па вуглах. У інтэр’еры 4 слупы падтрымліваюць канструкцыю сферычнага купала на ветразях. Хоры над уваходам адкрываюцца ў зальнае памяшканне арачным праёмам. Алтарная і падкупальная часткі ўпрыгожаны фрэскавай размалёўкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЭ́ЧЫНСКІ ПАЛА́Ц.
Пабудаваны ў 1786 у в.Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. ў стылі класіцызму (арх. Я.С.Бекер і Л.С.Гуцэвіч) як ваенная навуч. ўстанова («Акадэмія»). Фундатар — канцлер ВКЛ А.Сапега. У пач. 19 ст. яго сын Францішак перарабіў будынак у палац і абкружыў яго паркам. У пач. 20 ст. перароблены ў вайск. казармы (да 1906).
Палац — аднапавярховы прамавугольны ў плане мураваны будынак. Цэнтр.ч. з мансардай на гал. фасадзе была вылучана 8-калонным дарычным порцікам. Сярод памяшканняў вызначаліся карцінная галерэя, археал. кабінет і б-ка. Палац размяшчаўся ў парку рэгулярна-тэраснага тыпу («Малы Версаль») з сістэмай ставоў. Палацава-паркавы комплекс знішчаны ў 1920—30-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКЕ́Й (Іван Юр’евіч) (1882, в.Дзярэчын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.7.1955),
бел.нар. казачнік. Парабкаваў, працаваў у Беластоку на тэкстыльных ф-ках, у пякарні. З 1904 жыў у в. Алексічы каля Зэльвы. Там у 1946 удзельнікі фальклорнай экспедыцыі БДУ пад кіраўніцтвам Л.Р.Барага запісалі ад яго каля 30 казак. М. «разыгрываў» казку ў асобах, па-майстэрску перадаваў інтанацыі, міміку, рухі і паходку персанажаў, надаваў казкам асаблівую сюжэтную напружанасць, арыгінальна спалучаў камічныя і драм. сюжэты. Адна з лепшых чарадзейных казак рэпертуару М. «Кіёчак» апубл. ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (10-е выд., Берлін, 1980).
Літ.:
Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 242—243.