Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Драч ’птушка дзяркач’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сцяшк.). Іншыя яе назвы: дзярка́ч, дзярга́ч (параўн. рус.дерга́ч, дерка́ч, укр.дерка́ч). Назва, магчыма, асноўваецца на гукаперайманні. Параўн. Фасмер, 1, 501.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
АДАМО́ВІЧ (Вячаслаў) (Вацлаў) Антонавіч (19.2.1864, Віленская губ. — 21.2.1939),
дзеяч бел.нац. руху пач. 20 ст., адзін з лідэраў яго правага, паланафільскага, крыла. У 1917 актывіст Бел.сацыяліст. грамады (БСГ), Вял.бел. рады, Цэнтр.бел. вайсковай рады. Кандыдат ад БСГ на выбарах ва Устаноўчы сход. У 1919—20 супрацоўнік вярбовачнага бюро Бел. вайсковай камісіі. Адзін са стваральнікаў арг-цыі «Зялёны дуб». Удзельнік канферэнцыі бел.паліт. арг-цый (Прага, вер. 1921), агітаваў за арыентацыю на Польшчу. Разам з П.Алексюком склікаў у Вільні Бел. з’езд (снеж. 1921), які аформіў праграму паланафільскай плыні бел. руху. Аўтар зб. абразкоў і легендаў «Тыпы Палесся» (1926, пад псеўд.Дзяргач).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЧ, дзяркач (Crex crex),
птушка сям. пастушковых атр. жураўлепадобных. Пашыраны па ўсёй Еўропе, Зах. Азіі (да Байкала). Жыве на вільготных травяністых лугах, у пасевах с.-г. культур, на лясных высечках, агародах. На Беларусі звычайны пералётны від (нар. назвы дзяргач, дзяргун). Актыўны пераважна ўначы.
Даўж. цела 18—27 см, маса 100—200 г. Афарбоўка светла-рыжая з цёмнымі стракацінамі. Дзюба кароткая, моцная. Бегае хутка. Вясной самец выдае моцныя скрыпучыя гукі (адсюль назва). Гняздуецца парамі. Гняздо — ямка пад кустом або на купіне. Нясе 7—12 яец. Птушаняты ўкрыты чорна-бурым пухам. Корміцца насякомымі, смаўжамі, дажджавымі чарвямі, насеннем пустазелля і інш. Аб’ект палявання. Зімуе ў Афрыцы і Міжземнамор’і.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РА́НІЦА»,
грамадска-палітычная і літаратурная газета. Выдавалася з 22.12.1921 да 16.2.1922 у Вільні на бел. мове штодзённа. Рэдактар-выдавец В.Адамовіч. Надрукавала стэнаграму Бел. з’езда, скліканага ў снеж. 1921 у Вільні прыхільнікамі Польшчы. Насуперак рашэнню Бел.нац.к-та аб байкоце беларусамі выбараў у Віленскі сейм агітавала насельніцтва за ўдзел у выбарах і выставіла спіс сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Пасля выбараў інфармавала аб дыскусіях у сейме пра будучы лёс Віленшчыны. Шмат увагі аддавала пытанням рээвакуацыі бежанцаў з Сав. Расіі, якія пакінулі Зах. Беларусь у час 1-й сусв. вайны. Публікавала дыскусійныя матэрыялы («Аб рэлігійнай уніі на Беларусі» М.Каляды, «Беларуская інтэлігенцыя і будаўніцтва Беларусі» пад крыптанімам «С-с» і інш.), агляды міжнар. становішча, выказванні і інтэрв’ю членаў польскага ўрада, весткі з Сав. Беларусі. Змясціла творы Я.Піліпава, Адамовіча (над псеўд.Дзяргач), А.Шуляка і інш. Закрыта ў сувязі з завяршэннем акцыі афіц. далучэння Віленшчыны да Польшчы. Выйшлі 32 нумары.