ДЖОЙС ((Joyce) Джэймс Аўгусцін Алоіс) (2.2.1882, Дублін — 13.1.1941),

ірландскі пісьменнік. Выхоўваўся ў езуіцкіх школах, скончыў Дублінскі ун-т (1902). У 1904 пакінуў Ірландыю, жыў у Трыесце, Цюрыху, Парыжы. Аўтар кн. вершаў «Камерная музыка» (1907), зб. апавяданняў «Дублінцы» (1914), рамана «Партрэт мастака ў юнацтве» (1916), п’ес «Бліскучая кар’ера» (1900), «Выгнаннікі» (1915, апубл. 1918), шматлікіх эсэ і артыкулаў. Сенсацыйны поспех яму прынеслі раманы «Уліс» (1922) і «Памінкі па Фінегану» (1939), што аказалі вызначальны ўплыў на сусв. л-ру 20 ст. У аснове маст. сістэмы рамана «Уліс» «плынь свядомасці», якая паступова з маст. прыёму перарастае ў жанр. Характэрныя рысы твора — парадаксальнасць і суб’ектыўнасць, асацыятыўнасць, часава-прасторавыя напластаванні, звышнасычанасць шматзначнымі сімваламі, рознага роду словатворчасць. Вял. ролю адыгрываюць аналогіі з гамераўскай «Адысеяй» (у кампазіцыі, у парадыйным узнаўленні эпізодаў эпасу, у паралелях паміж міфалагічнымі героямі і персанажамі Дж.). Раман стаў бясспрэчным узорам л-ры постмадэрнізму. Яшчэ ў большай ступені стылявы поліфанізм характэрны для рамана «Памінкі па Фінегану», у якім адсутнічае канкрэтны час, а падзеі адбываюцца ў сне. На бел. мову раман «Уліс» пераклаў Я.Максімюк (1-я частка — 13 «эпізодаў» з 18 — выдадзена ў 1993 у Беластоку, Польшча); асобныя апавяданні пераклаў І.Бабкоў.

Тв.:

Рус. пер. — Дублинцы. Портрет художника в юности. Улисс. Т. 1—3. М., 1993—94;

У кн.: Поэзия Ирландии. М., 1988.

Літ.:

Жантиева Д.Г. Джеймс Джойс. М., 1967.

Е.А.Лявонава.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Джойс Дж. 3/228; 9/87

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЭ́РЫ ((Cary) Артур Джойс Люнел) (7.12.1888, г. Ландандэры, Вялікабрытанія — 29.3.1957),

англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Оксфардскім ун-це. Асн. тэмы раманаў «Містэр Джонсан» (1939), «Радасць і страх» (1949) і інш., трылогій «Сама сабе здзіўляюся» (1941), «Шляхам паломніка» (1942), «З першых рук» (1944), «З любові да бліжняга» (1952), «Акрамя Госпада» (1953), «Не палюбі я гонар вышэй за ўсё» (1954) — імкненне асобы да самарэалізацыі, сувязь індывід. лёсу з паліт., маральнымі і рэліг. аспектамі, шырокім сац. фонам. Аўтар зб-ка апавяд. «Вясенняя песня» (1960), аўтабіягр. кнігі пра дзяцінства. Пісаў вершы, кінасцэнарыі, публіцыстыку.

т. 9, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОЎТС ((Oates) Джойс Кэрал) (н. 16.6.1938, г. Локпарт, штат Нью-Йорк, ЗША),

амерыканская пісьменніца. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і л-ры. Скончыла Сіракузскі і Вісконсінскі ун-ты. З 1978 праф. Прынстанскага ун-та. Друкуецца з 1963. Першы значны раман «Сад радасцей зямных» (1967) створаны ў традыцыях рэаліст. сац. рамана 1930-х г. Далейшая яе творчасць адметная распрацоўкай актуальнай праблематыкі ў рамках сац.-аналіт. псіхал. апавяданняў (раманы «Іх жыцці», 1969; «Анёл свету», 1981; «Ты павінен памятаць пра гэта», 1987; «Амерыканскія апетыты», 1989, і інш.) і цікавасцю да дэфармаванай чалавечай псіхікі, праяў псіхапаталогіі (раманы «Забойцы», 1975; «Чайлдуорлд», 1976; «Бельфлёр», 1980; «Сонцастаянне», 1985; «Таму што гэта балюча, таму што гэта маё сэрца», 1990, і інш.). Аўтар зб-каў навел, вершаў, эсэ, крытычных артыкулаў.

Тв.:

Рус. пер. — Делай со мной, что захочешь. М., 1983;

Венец славы. М., 1986.

Літ.:

Писатели США. М., 1990.

Т.Я.Камароўская.

т. 11, с. 458

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)