да́фнія

назоўнік, агульны, адушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. да́фнія да́фніі
Р. да́фніі да́фній
Д. да́фніі да́фніям
В. да́фнію да́фній
Т. да́фніяй
да́фніяю
да́фніямі
М. да́фніі да́фніях

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

да́фнія ж., зоол. да́фния

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

да́фнія, ‑і, ж.

Прэснаводны рачок падатрада галінавусых; вадзяная блыха.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

да́фнія

(н.-лац. daphnia, ад гр. daphne = лаўр)

прэснаводны рачок падатрада галінавусых; вадзяная блыха.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

да́фния зоол. да́фнія, -ніі ж.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

rozwielitka

ж. заал. дафнія

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

блыха́, ‑і, ДМ блысе; мн. блохі, блох; ж.

Маленькае паразітычнае бяскрылае насякомае; скочка.

•••

Вадзяная блыха — тое, што і дафнія.

Земляная блыха — тое, што і земляная блошка (гл. блошка).

З блыхі рабіць вала гл. рабіць.

Карміць блох гл. карміць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДА́ФНІІ, вадзяныя блохі (Daphnia),

род прэснаводных беспазваночных падатр. галінаставусых ракападобных. 26 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных абласцей. Жывуць у вадаёмах або ў зарасніках сажалак, азёр. На Беларусі 4 віды, найб. трапляюцца Д. звычайная (D. pulex) і Д. даўгахвостая (D. longispina).

Цела (даўж. 0,7—6 мм) укрыта празрыстай акругленай двухстворкавай ракавінай. На галаве шчыток з дзюбкай і фасетачнае вока, у некат. і наўпліяльнае вочка Вусікі (антэны) — органы пачуцця і перамяшчэння. Грудзі з 4—6 сегментаў, кожны з парай ног. Раздзельнаполыя. Летнія пакаленні — самкі, якія размнажаюцца без апладнення (партэнагенез). Увосень з’яўляюцца самцы, адбываецца апладненне. Жывяцца бактэрыямі, аднаклетачнымі водарасцямі, дэтрытам. Д. штучна гадуюць на корм рыбам у рыбных гаспадарках і акварыумах.

Л.В.Кірыленка.

Дафнія звычайная.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,

заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.

У млекакормячых найб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушак найб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс. км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш. У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш. У водных беспазваночных найб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).

Літ.:

Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;

Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр. М., 1975;

Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ. М., 1982.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)