ГІРЧА́

(Selinum),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. 4 віды. Пашыраны ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі ўсюды трапляецца гірча кменалістая (S. carvifolia). Расце на ўзлесках, лугах, у хмызняках.

Голыя шматгадовыя травяністыя расліны з прамастойным, выш. Да 1 м, глыбокабаразнаватым сцяблом з вузкімі крылатымі рэбрамі. Прыкаранёвае і ніжняе сцябловае лісце чаранковае, шматразоваперыстарассечанае, верхняе амаль сядзячае, больш дробнае, менш рассечанае. Кветкі дробныя, белыя або чырванаватыя, у складаных парасоніках. Плод — шырокаэліпсоідны віслаплоднік. Лек. расліны.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пук1 ’выклічнік, што перадае стук, стрэл, лопанне ці гук падзення’ (“падение чего, особенно круглого”, Нас.; мсцісл., Нар. лекс.; Сержп.; Нік. Очерки; ЭШ), ’бух, бульк’: бобе́р пук у во́ду (ПСл), укр. пук, пу́ку, рус. пук (пераважна смаленскае), польск. puk, pąk, чэш., славац. puk, в.-луж., н.-луж. puk, славен. pok, серб.-харв. пук, балг., макед. пук. Старое гукаперайманне, параўн. Смаль-Стоцкі, Приміт. 170 (варыянты pukъ! puku!), роднаснае ням. pochen ’стукаць’ (Махэк₂, 406). Гл. пукаць1.

Пук2 ’выпукласць, пукатасць’: у пуку клепка выгінаецца (ТС), ’самая высокая, аддаленая частка, кропка чаго-небудзь’: пук неба (Нар. Гом.), ’самая сярэдзіна’: puk zimy (Варл.), ’выгіб пілы’ (ПСл), пук, мн. л. пуке́ ’выступы на падэшве нагі каля пальцаў’ (Сцяшк.), пука́ ’выпукласць ступні каля большага пальца’ (Дразд.); параўн. укр. дыял. пу́ка ’ўнутраны бок канца пальца’, рус. дыял. пук ’выпуклая сярэдняя частка бочкі’, пуки́ ’найбольш шырокія месцы ў ступні’. Утворана на базе прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае, выпіраючае’, звязана з пу́чыць ’выступаць, выстаўляць, выпіраць’ (гл.).

Пук3 ’кветканоснае сцябло, стрэлка (цыбулі, шчаўя і інш. раслін)’ (пераважна паўн.-усх., ЛА, 2; Яўс., Варл., Сл. ПЗБ, Шатал., Янк. Мат., карэл., Жыв. сл.; Жд. 2), пу́чча ’тс’ (ЛА, 2; Ян.; Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), ’маладыя парасткі’ (брагін., Шатал.), ’аер’ (б.-каш., Мат. Гом.), пукі́ ’адросткі пер’яў пасля лінькі’ (брасл., Нар. словатв.; паст., ЛА, 1), сюды ж пучы́цца ’расці ў стрэлкі (аб цыбулі)’ (Яўс.), фраз. пайсці ў пук (пукі, пучча) ’ператварыцца ў пустацвет (пра расліны); іран. ’застацца ў дзеўках, не выйсці замуж’ (Сл. ПЗБ, Растарг.), пукава́тая ’якая пайшла ў пукі (пра моркву)’ (Жд. 1); рус. пуки́ ’шчаўе ў час цвіцення’, польск. pąk ’завязь кветкі’, чэш., славац. puk ’тс’. Прасл. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ звязваюць з пу́каць ’лопацца, раскрывацца’ гукапераймальнага паходжання, роднасным ням. pochen ’тс’, гл. Шустар-Шэўц, 2, 1189; Махэк₂, 406; параўн. Фасмер, 3, 403; Чарных, 2, 82; ЕСУМ, 4, 629.

Пук4 ’звязка; сноп; скрутак; ахапак’ (ТСБМ, Гарэц., Бяльк., ЛА, 4; Варл., ТС, Ян., Яўс., Раст., Шат., Сл. ПЗБ, ПСл) ’галінкі, пасечаныя і звязаныя ў куль для паліва’ (Сцяц.), пучо́к ’ахапак звязаных дроў’ (стол., Сл. Брэс.), ’збітыя жэрдкі для прыціскання стога’ (мазыр., Шатал.); укр. пук ’звязка’, рус. пук ’звязка; паплавок з пучка травы; мяч з шэрсці, апука’, польск. pęk ’гронка, звязка’. Утворана на базе праслав. *pǫkъ ’нешта раздутае, тоўстае’ як вынік злучэння ў адно некалькіх аднародных прадметаў. Гл. папярэдняе слова.

Пук5 ’расліна дзягіль, Archangelica officinalis Hoffm.’ (Кіс.), укр. пук ’расліна гірча, Selinum carvifolia L.’, а таксама ’баршчэўнік, Heracleum sibiricum L.’ Хутчэй за ўсё, ад пук3 ’стрэлка, кветаноснае сцябло’, параўн. рус. дыял. пуки́ ’шчаўе ў час квецені’. Гл. таксама ЕСУМ, 4, 629.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)