Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУСТЫ́Т (ад прозвішча Ж.Л.Пруста),
рубінавае серабро, рубінавая падманка, сярэбраная падманка, мінерал класа сульфідаў, мыш’яковая сульфасоль серабра, Ag3AsS3. Мае 65,42% серабра. Крышталізуецца ў трыганальнай сінганіі. Утварае зярністыя агрэгаты, прызматычныя крышталі, часта двайніковыя і трайніковыя зросткі. Колер рубінава-чырвоны, паўпразрысты. Бляск алмазны. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 5,6 г/см³. Трапляецца ў кальцытавых жылах нізкатэмпературных гідратэрмальных радовішчаў. Гіпергенны П. утвараецца ў зоне акіслення сярэбраных радовішчаў. Важны кампанент сярэбраных руд. Трапляецца ў Чылі, Францыі, Чэхіі, Канадзе, ЗША, Мексіцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІВІЯНІ́Т (ад прозвішча англ. мінералога Дж.Вівіяна),
мінерал класа фасфатаў, водны фасфат двухвалентнага жалеза Fe3[PO4]2∙8H2O. Прымесі марганцу, магнію, кальцыю. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, ігольчастыя, таблітчатыя. Зямлістыя і парашкаватыя масы, канкрэцыі. У свежым выглядзе бясколерны, празрысты, на паветры лёгка акісляецца, набываючы блакітную, індыгава-сінюю да чорна-сіняй афарбоўку. Бляск шкляны або зямлісты. Цв. 1,5—2. Шчыльн. 2,7 г/см³. Асадкавы, радзей гіпергенны, ёсць у многіх тарфяніках. Выкарыстоўваецца як мінер. пігмент (сіняя фарба) і мясц. ўгнаенне. У Беларусі радовішчы вівіяніту ў Гомельскай і Магілёўскай абласцях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫ́Т, цяжкі шпат,
мінерал класа сульфатаў (сульфат барыю, BaSO4). Мае ў сабе 65,7% вокіслу барыю (BaO). Прымесі стронцыю, кальцыю, свінцу. Крышталізуецца ў рамбічнай сінганіі. Звычайна трапляецца ў выглядзе суцэльных буйнакрышт. масаў, можа быць у зярністых, пласціністых або зямлістых агрэгатах. Колер белы або з блакітным, жоўтым ці чырванаватым адценнем. Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 4,3—4,5 г/см³. Паводле паходжання гідратэрмальны і гіпергенны. Асн. руда барыю. Выкарыстоўваецца ў растворах пры бурэнні, як напаўняльнік у папяровай, гумавай, керамічнай, лакафарбавай, цэментнай прам-сці, для вытв-сці выбуховых рэчываў, у металургіі, оптыцы і інш.