Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГУТЛЯ́НКА, Балатнянка,
рака ў Кармянскім і Рагачоўскім р-нах Гомельскай вобл., левы прыток Дняпра. Даўж. 31 км. Пл. вадазбору 378 км². Пачынаецца за 2 км на ПдУ ад в. Бярозаўка Кармянскага р-на. Цячэ па паўд. ускраіне Аршанска-Магілёўскай раўніны. Даліна пераважна трапецападобная, шыр. 1,5—2 км. Пойма двухбаковая, супясчаная і тарфяністая, шыр. 50—100 м, у верхнім і ніжнім цячэнні забалочаная. Рэчышча амаль на ўсім працягу каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЯ́ЎКА, Перасуха, Бясіта,
рака ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., правы прыток р.Гутлянка (бас.р. Дняпро). Даўж. 20 км. Пл. вадазбору 95 км². Пачынаецца каля ўсх. ускраіны в. Доўгае, вусце за 1 км на Пд ад в. Вець. Рэчышча на працягу 7,7 км ад вытоку і ніжэй (3 км) каналізаванае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ВІЧЫ, Старыя Журавічы,
вёска ў Рагачоўскім р-не Гомельскай вобл., на р.Гутлянка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 42 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Рагачоў, 102 км ад Гомеля. 968 ж., 396 двароў (1997).
Вядомыя з канца 16 ст. як маёнтак у Рэчыцкім пав.ВКЛ. З 1772 у Рас. імперыі. У 1784 мяст. Быхаўскага пав. Магілёўскай губ. У канцы 19 ст. за 3 км ад Ж. узнікла вёска пад назвай Новыя Ж. У 1886—2179 ж, Ільінская царква, касцёл, сінагога, 2 гарбарныя майстэрні, штогод 4 кірмашы. У 1894 адкрыты школа, лячэбніца, аптэка, у 1905 — нар. вучылішча. З 1905 мяст. Рагачоўскага пав., 3200 ж. З 1924 цэнтр сельсавета. З 15.7.1935 мястэчка, з 27.9.1938 вёска. У 1924—31, 1935—56 цэнтр Журавіцкага раёна. З 14.8.1941 да 25.11.1943 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ж. і раёне 2477 чал., вёску двойчы (1941, 1943) часткова спалілі. У 1971 у Ж. 1417 жыхароў.
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Каля вёскі магіла ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАЧО́РСКАЯ РАЎНІ́НА, Чачэрская раўніна,
фізіка-геаграфічны раён Перадпалескай правінцыі, на ПдУ Беларусі. Займае паўд.-ўсх. частку Магілёўскай, паўн.-ўсх. і ўсх. часткі Гомельскай абласцей, заходзіць на тэр. Расіі. Мяжуе з Цэнтральнабярэзінскай і Аршанска-Магілёўскай раўнінамі, Гомельскім Палессем. Працягласць з Пн на Пд 80—130 км, з 3 на У 30—60 км, пл. 8,3 тыс.км². Выш. 140—190 м над узр. мора.
У тэктанічных адносінах паўд. і цэнтр. часткі Ч.р. прымеркаваны да Жлобінскай седлавіны, крайняя Пн — да паўд. схілаў Аршанскай упадзіны. Крышт. фундамент перакрыты асадкавымі пародамі верхняга дакембрыю, дэвону, юры, мелу (мел, мергель), палеагену (пяскі, алеўрыты, гліны) і антрапагену. Антрапагенавая тоўшча (20—100 м) уключае адклады марэнныя (чырвона-бурыя валунныя супескі, суглінкі з праслоямі пяску, пясчана-жвіровай сумесі) дняпроўскага і сожскага зледзяненняў, водна-ледавіковыя, алювіяльныя, балотныя і інш.
Паверхня хвалістая, месцамі ўзгорыста-хвалістая. Адносныя вышыні 5—7 м, радзей да 15 м. Пераважаюць другасна-марэнныя раўніны, месцамі перакрытыя маламагутным чахлом з лёсападобных суглінкаў, на Пн — з водна-ледавіковых супескаў. Каля гарадоў Чачэрск і Слаўгарад дэнудацыйныя краявыя марэнныя грады (выш. 20—30 м), да якіх прымеркаваны лагчыны сцёку расталых ледавіковых вод. На міжрэччах трапляюцца суфазійныя западзіны, месцамі эолавыя формы рэльефу; на У ад Слаўгарада — карставыя западзіны. У даліне р. Сож вылучаюцца пойма (плоская, часам забалочаная, шыр. 2,5—3 км) і 2 надпоймавыя тэрасы (выш. 6 м і 14—15 м). Карысныя выкапні: легкаплаўкія гліны, пясчана-жвіровы матэрыял, мел, сапрапелі, торф. Сярэдняя т-растудз. -7,4 °C, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 637 мм за год. Рака Сож пераразае раўніну з Пн на Пд, мае прытокі Проня, Касалянка, Добрыч, Горна, Чачора, Ліпа, Галуба, Кляпінка, Покаць, Беседзь; у зах.ч. раўніны — прытокі р. Дняпро — Паўна, Ухлясць, Баброўка, Гутлянка, Ракатун. На Пд раўніны пашыраны глебы дзярнова-палева-падзолістыя, на астатняй ч. — дзярнова-падзолістыя ў рознай ступені ападзоленыя; у катлавінах — дзярнова-глеевыя і дзярнова-карбанатна-глеевыя; у далінах рэк — поймавыя (алювіяльныя), дзярновыя забалочаныя, радзей тарфяна-балотныя. Лясістасць да 30%. Масівы хваёвых кусцікава-зеленамошпых і лішайнікава-кусцікавых лясоў чаргуюцца з бярэзнікамі арляковымі і чорнаалешнікамі вятроўнікавымі. На правабярэжжы р. Сож пераважаюць хвойнікі імшыстыя і лішайнікавыя. Участкамі дубровы, шыракаліста-яловыя і шыракаліста-хваёвыя лясы. Пад ворывам каля 50% тэрыторыі. У межах Ч.р. біял. заказнік рэсп. значэння Чачэрскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКІ РАЁН.
На Пн Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924. Пл. 2,1 тыс.км². Нас. 70 тыс.чал. (2000), гарадскога 51%. Сярэдняя шчыльн. 32 чал. на 1 км². Цэнтр — г.Рагачоў. Уключае г.п.Беліцк, 211 сельскіх нас. пунктаў, 19 сельсаветаў: Азяранскі, Балатнянскі, Беліцкі, Гадзілавіцкі, Гарадзецкі, Дварэцкі, Доўскі, Журавіцкі, Забалацкі, Запольскі, Збароўскі, Званецкі, Кісцянёўскі, Курганскі, Лучынскі, Побалаўскі, Старасельскі, Стаўпнянскі, Ціхініцкі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. тэрыторыі ў зоне з радыяцыйным забруджваннем да 15 Кі/км².
Тэр. раёна размешчана ў межах Цэнтральнабярэзінскай раўніны (б.ч.), Чачорскай раўніны, Гомельскага Палесся. Паверхня пераважна пласкахвалістая, з нязначнымі ўчасткамі дэнудаваных марэнных узгоркаў, 90% яе на выш. 125—150 м. Найвыш. пункт 173 м (каля в. Званец). Агульны нахіл з Пн на Пд. Карысныя выкапні: торф, мел, пяскі фармовачныя, буд. і сілікатныя, гліны і суглінкі, сапрапель. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 18,3 °C. Ападкаў 590 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. Найб. рэкі Дняпро з прытокамі Друць (з Дабрыцай), Добасна (з Беліцай), Ракатун, Ржаўка, Гутлянка, Вузлянка. Азёры: Крушынаўскае, Святое, Добрае. Меліярац. каналы: Дзяніскавіцкі (частка), Драгунскі, Фалевіцкі, Турскі, Барсукоўскі і інш. Пераважаюць глебы с.-г. угоддзяў: дзярнова-падзолістыя (39%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (37,2%). поймавыя (алювіяльныя, 11,4%). Пад лесам 35% тэр. раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, асінавыя, дубовыя, грабавыя і інш.Найб. лясныя масівы на Пн. Штучныя насаджэнні, пераважна хваёвыя, складаюць каля 22%. Пад балотамі 2% тэрыторыі. Найб. балоты Луцкае, Беліцкае, Гарадзецкае. У межах раёна ахоўныя тарфянікі: Бадзеева, Белая, Вял. Балота, Вял. Мох, Гладышы, Доўгія, Друць, Захоцкі Мох, Лужкоўскае, Пожанькі, Прудзішча, Пустыя Баркі, Рогаўскае, Румкаўскае, Рэчкі, Святое возера. Помнік рэсп. значэння — геал. агаленне Збароў каля в. Збароў. Зоны адпачынку: Вярэйскае. Кісцянёўскі парк, Лужкі.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 115,5 тыс.га, з іх асушаных 18,4 тыс.га. На 1.1.2000 у раёне 17 калгасаў, 6 саўгасаў, 45 фермерскіх гаспадарак, эксперым. базы «Доўск» і «Турск», птушкафабрыка «Рагачоўская». Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі, свінагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур, кукурузы на насенне, бульбы і інш. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, цэгла, піламатэрыялы і інш.), харч. (цэльнамалочныя вырабы, малочныя кансервы — Рагачоўскі малочнакансервавы камбінат, пладова-агароднінныя і мясныя кансервы, сокі, напіткі пладовыя моцныя, безалкагольныя, віно, мінер. вада), паліўнай (торфабрыкет), першаснай апрацоўкі воўны, мэблевай прам-сці; з-д «Дыяпраектар» (прадукцыя спец. прызначэння, мед. тэхніка і інш.); лясгас (нарыхтоўка драўніны, дрэваапр.). Па тэр. раёна праходзяць чыгунка і аўтадарога Санкт-Пецярбург (Расія) — Адэса (Украіна), аўтамагістраль Брэст—Масква. Райцэнтр звязаны аўтадарогамі з гарадамі Быхаў, Магілёў, Гомель, Жлобін, Слаўгарад, Бабруйск. Суднаходства па р. Дняпро. У раёне 31 сярэдняя, 8 базавых, 5 пач., вочна-завочная школы, Гарадзецкая школа-інтэрнат для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, школа тэхнал. профілю, 2 спарт. і 1 муз. школы, 2 школы мастацтваў, пед. вучылішча, ПТВ прыборабудавання, вышэйшае ПТВ будаўнікоў, 41 дашкольная ўстанова, 37 клубаў, 47 б-к, 11 бальніц, тубдыспансер, радзільны дом, 2 паліклінікі, станцыя пералівання крыві, вет. станцыя, Рагачоўскі занальны цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, санаторый «Прыдняпроўскі». Музеі: народнай славы і «Лёс салдата». Помнікі архітэктуры: касцёл (пач. 19 ст.) у в. Антушы, Троіцкая царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Дварэц, царква (пач. 20 ст.) у в. Доўск, паркі ў в. Забалацце (2-я пал. 19 ст.) і в. Кісцяні (канец 18 — пач. 19 ст.). Выдаецца газ. «Свабоднае слова».