Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭГАРЫ́НЫ
(Gregarinia),
падклас прасцейшых кл. спаравікоў. Больш за 150 родаў, 800—1000 відаў. Паразіты кішэчніка і поласці цела насякомых, кольчатых чарвей, ігласкурых, абалоннікаў. Найб. вядомыя: грэгарына ўзброеная (Corycella armata), грэгарына прусаковая (Gregarina blattarum), грэгарына паліморфная (G. polimorpha).
Даўж. цела 10 мкм — 16 мм, падзяляецца на 3 аддзелы: пярэдні — эпімерыт, якім грэгарыны прымацоўваюцца да сценак кішэчніка гаспадара, сярэдні — протамерыт і задні — дэйтамерыт. Рухаюцца за кошт скарачэння мускульных фібрыл або слупка слізі на заднім канцы. Большасць размнажаецца палавым шляхам, ёсць і бясполае размнажэнне. Пажыўныя рэчывы ўсмоктваюць усёй паверхняй цела. Мяркуюць, што некат. грэгарыны — узбуджальнікі інвазійнай хваробы пчол (грэгарынозу).
т. 5, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
грэгары́ны
(н.-лац. gregarinida, ад лац. gregarius = просты, звычайны)
атрад прасцейшых класа спаравікоў, паразітуюць у кішэчніку і поласці цела кольчатых чарвей і насякомых.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)