ГРЫ́ШЧАНКА Пётр Лук’янавіч
(1.8.1921, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 21.2.1973),
Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Віцебскі аэраклуб (1939), Армавірскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1942), Вышэйшыя афіцэрскія лётна-тактычныя курсы (1950), Ваенна-паветр. акадэмію (1955). У Вял. Айч. вайну на фронце з сак. 1943, лётчык-знішчальнік. Удзельнік Курскай бітвы (1943), вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі, Берлінскай аперацыі 1945. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка лейтэнант Грышчанка правёў 78 паветр. баёў, збіў 27 варожых самалётаў і аэрастат. Да 1961 у ВПС Сав. Арміі.
т. 5, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЧАНКА Міхаіл Міхайлавіч
(н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.Равеля), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).
Л.І.Вішнеўская.
т. 5, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)