Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ЛІ (Соф’я Дзмітрыеўна) (12.4.1904, в. Обаль Сенненскага р-на Віцебскай вобл. — 4.9.1980),
бел. жывапісец. Засл. работнік культуры Беларусі (1975). Скончыла Віцебскі маст. тэхнікум (1931). Працавала ў жанрах пейзажа, нацюрморта, тэматычнай карціны. Значная частка твораў прысвечана партызанам Беларусі: «За баявой вучобай», «Партызанскі лагер», «Партызанская прысяга» (усе 1943—44), «Партызаны ў вёсцы» (1946), «Партызаны ў дазоры» (1947), «Партызанская зямлянка» (1968), «Ой бярозы ды сосны, партызанскія сёстры» (1975) і інш. Сярод інш. работ: пейзажы «Восень» (1949), «У пачатку верасня» (1958), «Нарач» (1968), «Бярозкі» (1972), «На Браслаўшчыне» (1973), «На Лепельшчыне» (1976); нацюрморты «Кветкі» (1948), «Гладыёлусы» (1954), «Макі» (1965), «Кубак чэмпіёна» (1971), «Дзень Перамогі» (1979). Творчасці ўласцівы выразнасць пластычнай мовы, шматграннасць жывапісных сродкаў у спалучэнні з тонкім лірызмам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ме́чыкі ’цюльпаны’ (паст., Сл. ПЗБ), драг.мэ́чыке ’гладыёлусы’ (Лучыц-Федарэц), відаць, з польск.mieczyk ’тс’, як і чэш.mečík, серб.-харв.ма̏ч, mačika, mečiką, mačȋc, mačinac, ’тс’, mačac ’стальнік, Ononis spinosa’ славен.mȅč ’гладыёлус’, mečíka ’касач’, — усе першапачаткова з’яўляюцца старым перакладам з лац.gladiolus ’невялікі меч’ > ’мечавідны ліст’ < gladius ’меч’ паводле падабенства лістоў да мяча.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.
Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.
Да арт.Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.