Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ВІД ((David) Герард) (каля 1460—70, Аўдэватэр, каля г. Гаўда, Нідэрланды — 13.8.1523),
нідэрландскі жывапісец. Працаваў пераважна ў г. Бруге. Яго творы паўтаралі асн. кампазіцыйныя схемы нідэрл. жывапісу 15 ст., у той жа час адметныя мяккасцю і сакавітасцю жывапіснай манеры, майстэрствам перадачы асвятлення, паэтычнасцю пейзажных матываў: 2 кампазіцыі «Суд Камбіза» (1498), трыпціх «Хрышчэнне Хрыста».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́ЛЕР (Герард Фрыдрых) (29.10.1705, г. Герфард, Германія — 22.10.1783),
расійскі гісторык, археограф. Чл. Пецярбургскай АН (1731). У 1725 прыехаў у Расію. З 1725 ад’юнкт, з 1731 праф. гісторыі, у 1728—30 і 1754—65 канферэнц-сакратар АН. У 1733—43 удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Сібіры, даследаваў і апісаў архівы больш чым 20 яе гарадоў, сабраў вял. колькасць копій дакументаў па гісторыі Сібіры і еўрап.ч. Расіі (т. зв. партфелі М.). Аўтар прац па гісторыі і геаграфіі Расіі са старажытнасці да сярэдзіны 18 ст., гал. з якіх — «Гісторыя Сібіры» (апубл. ў 1750). Прыхільнік нарманскай тэорыі. Апублікаваў шэраг крыніц і прац па рас. гісторыі, у т.л. Судзебнік 1550 з каментарыямі В.М.Тацішчава, лісты Пятра I да Б.П.Шарамецева, «Гісторыю Расійскую» Тацішчава.