Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,
вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст.Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр.гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АСАМБЛЕ́Я ААН,
галоўны дарадчы орган Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. У ёй прадстаўлены ўсе члены ААН. Можа абмяркоўваць любыя пытанні ў межах Статута ААН, даваць рэкамендацыі дзяржавам-членам і Савету Бяспекі ААН па любым з такіх пытанняў, за выключэннем тых, якія з’яўляюцца паўнамоцтвам Савета Бяспекі. Генеральная Асамблея ААН атрымлівае і разглядае справаздачы інш. органаў ААН, выбірае непастаянных членаў Савета Бяспекі, членаў Эканамічнага і Сацыяльнага Савета ААН, некат. членаў Савета па апецы ААН; сумесна з Саветам Бяспекі выбірае членаў Міжнароднага Суда ААН, па рэкамендацыі Савета Бяспекі назначае Генеральнага сакратара ААН, разглядае і прымае бюджэт ААН, новых членаў ААН. Рашэнні па найважнейшых пытаннях падтрымання міру і бяспекі, бюджэту і прыёму новых членаў ААН патрабуюць большасці ў ⅔ галасоў, па інш. пытаннях — простай большасці. Сесіі Генеральнай Асамблеі ААН праводзяцца штогод (з 3-га аўторка вер. да сярэдзіны снеж.) у штаб-кватэры ААН у Нью-Йорку. Могуць склікацца спец. сесіі (напр., па патрабаванні Савета Бяспекі ці большасці членаў ААН). Большасць пытанняў кожнай сесіі размеркавана паміж 6 гал. к-тамі Генеральнай Асамблеі ААН (па раззбраенні і міжнар. бяспецы; эканам. і фін. пытаннях; сац. і гуманіт. пытаннях і пытаннях культуры; спец.к-т па паліт. пытаннях і дэкаланізацыі; па адм. і бюджэтных пытаннях; па прававых пытаннях), 2 пастаяннымі — Кансультатыўным к-там па адм. пытаннях і бюджэце і К-там па ўзносах, а таксама шэрагам спец. к-таў (ствараюцца як пастаянныя, так і часовыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ 1812,
палітычнае аб’яднанне магнатаў і шляхты Варшаўскага герцагства, а таксама Беларусі і Літвы з мэтай абуджэння польскага нац.-вызв. руху і мабілізацыі сіл на карысць Францыі ў вайне 1812. Абвешчана па ініцыятыве Напалеона І надзвычайным сеймам герцагства 28.6.1812. Маршал канфедэрацыі — А.К.Чартарыйскі; пастаянны орган — Ген. савет (з 11 членаў). Акт канфедэрацыі ад 28 чэрв. абвяшчаў аднаўленне Каралеўства Польскага, заклікаў усіх палякаў далучацца да Генеральнай канфедэрацыі. У ліп. — кастр. да канфедэрацыі праз прыняцце адпаведных актаў на павятовых сейміках далучыліся амаль усе паветы Беластоцкай вобл., Віленскай, Гродзенскай, Мінскай губ., аднак рэальнай улады на тэр. Беларусі і Літвы ад франц.акупац. адміністрацыі яна не атрымала. Часовы ўрад Вялікага княства Літоўскага пасля адмовы Напалеона дазволіць стварэнне асобнай літ. канфедэрацыі ўвайшоў у склад Генеральнай канфедэрацыі. У студз. 1813 Ген. савет эвакуіраваўся з Варшавы ў Кракаў, у крас. 1813 самараспусціўся.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ АКРУ́ГА БЕЛАРУ́СЬ
(Generalbezirk Weissruthenien),
ваенна-адм. адзінка на акупіраванай ням.-фаш. захопнікамі тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Уведзена ў адпаведнасці з загадам А.Гітлера ад 17.7.1941. Разам з ген. акругамі Эстонія, Латвія, Літва ўваходзіла ў склад рэйхскамісарыята «Остланд», які падпарадкоўваўся рэйхсміністэрству па справах акупіраваных усх. абласцей. У склад Генеральнай акругі Беларусі увайшла тэр.БССР па лініі Полацк—Барысаў на У, Старыя Дарогі — воз. Чырвонае на Пд, р. Зальвянка — усх. ўскраіна Белавежскай пушчы на З, што складала прыкладна ¼ часткі тэр. Беларусі з нас. 3 138 256 чал. (на 4.12.1941). Вышэйшым органам ням.-фаш.акупац. ўлады на тэр. акругі з’яўляўся генеральны камісарыят Беларусь. Тэрыторыя генеральнай акругі Беларусі была падзелена на 10 акруг (гебітаў; Баранавіцкая, Барысаўская, Вілейская, Ганцавіцкая, Глыбоцкая, Лідская, Мінская, Навагрудская, Слонімская, Слуцкая), у кожнай з якіх быў створаны абл. камісарыят (гебітскамісарыят). У Мінску на правах абл. камісарыята быў створаны гар. камісарыят, у гарадах і раёнах — гар., раённыя і валасныя ўправы.