ГАРКА́ВІ (Аўрам Якаўлевіч) (1835, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 1919),

расійскі ўсходазнавец, семітолаг. Адукацыю атрымаў у Віленскім рабінскім вучылішчы, ун-тах Пецярбурга, Берліна, Парыжа. З 1877 заг. аддзела яўр. кніг Публічнай б-кі ў Пецярбургу; склаў вопіс рукапісаў, якія там знаходзіліся, займаўся іх публікацыяй. Даследаванне Гаркаві «Сказанні мусульманскіх пісьменнікаў пра славян і рускіх...» (1870), якое змяшчае вытрымкі з твораў 26 араб. пісьменнікаў 7—10 ст., — важная крыніца па гісторыі Стараж. Русі. Аўтар шматлікіх прац, прысвечаных гісторыі яўрэяў, хазараў («Сказанні яўрэйскіх пісьменнікаў пра хазараў і хазарскае царства», 1874), караімаў («Нарысы гісторыі караімства», 1897—1902), яўр. эпіграфіцы, этнаграфіі, філалогіі і інш. Адзін з рэдактараў «Яўрэйскай энцыклапедыі» (т. 1—16, 1908—13).

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Гаркаві М. 11/482

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

СЕМІТАЛО́ГІЯ,

комплекс навук, якія вывучаюць мову, л-ру, культуру і гісторыю семітамоўных народаў. Вывучае жывыя і мёртвыя семіцкія мовы, уключае асірыялогію, арабістыку, біблеістыку, гебраістыку, сабеістыку, эфіопіку і інш.

Вывучэнне семіцкіх моў пачалі сірыйскія, араб., яўр. вучоныя-багасловы з мэтай удакладнення чытання і разумення рэліг. кніг (7—12 ст.). У Еўропе С. ўзнікла ў эпоху Адраджэння (15—16 ст.), калі павялічылася цікавасць да вывучэння семіцкіх моў і Бібліі; яе заснавальнікі І.​Ройхлін і І.​Буксторф Старэйшы ў Германіі і Ю.​Ц.​Скалігер у Францыі.

Навук. дысцыплінай С. стала ў 19 ст., калі выйшлі фундаментальныя працы па граматыцы, параўнальным аналізе, эпіграфіцы і інш. праблемах С. У 19 ст. найб. ўклад у С. зрабілі вучоныя Германіі: Т.​Нёльдэке, В.Ф.​Г.​Гезеніус (стараж.-яўр. слоўнік і граматыка), Ю.​Вельгаўзен, Р.​Кітэль (біблеістыка), Ф.​Прэторыус, К.Ф.​А.​Дзільман (эфіопіка), М.​Лідзбарскі (эпіграфіка), К.​Брокельман (параўнальная граматыка семіцкіх моў); а таксама Францыі (А.​І.​Сільвестр дэ Сасі, Э.​М.​Катрмер), Венгрыі (І.​Гольдцыер), Расіі (Д.​А.​Хвольсан, А.​Я.​Гаркаві, Б.​А.​Тураеў, М.​В.​Нікольскі, у сав. час — І.​Ю.​Крачкоўскі, Н.​В.​Пігулеўская, Р.​Ш.​Шарбатаў, М.​У.​Юшманаў і інш.). У 1882 утворана Рас. палесцінскае т-ва (з 1918 — пры АН). У 20 ст. С. развівалася на базе матэрыялаў, здабытых у выніку археал. раскопак на Б. Усходзе, знаходак Мёртвага мора рукапісаў. На Беларусі праблемы С. даследавалі М.​М.​Нікольскі, Г.​М.​Ліўшыц, Г.​В.​Сініла і інш.

т. 14, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСІ́ЙСКАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ БІБЛІЯТЭ́КА ў Санкт-Пецярбургу,

універсальная, агульнадаступная навук. б-ка; адно з найб. кнігасховішчаў свету (больш за 32,5 млн. адзінак захоўвання, у т. л. кніг і брашур больш за 13 млн.; 2000). Да 1917 наз. Імператарская публічная, да 1991 Дзярж. публічная імя М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына. Засн. ў 1795 на базе вывезенай А.​В.​Суворавым з Варшавы б-кі Залускіх (паводле Рыжскага дагавора 1921 большая яе частка вернута ў Польшчу), для наведвання адкрыта ў 1814; з 1811 атрымлівае абавязковы экзэмпляр усёй айч. друкаванай прадукцыі. Мае найб. поўны збор рус. кніг, перыёдыкі, картаграфічны фонд. У аддзеле рукапісаў больш за 310 тыс. помнікаў пісьменства. Сярод іх 40 тыс. рукапісных кніг, у т. л. Астрамірава евангелле, Лаўрэнцьеўскі летапіс, Вял. франц. хронікі з мініяцюрамі С.​Марміёна, арабскія і персідскія ілюмінаваныя рукапісы 14—17 ст. і інш. Захоўваюцца асабістыя архівы, у іх ліку архівы Дома Раманавых, дзярж. і ваен. дзеячаў (А.​М.​Гарчакова, І.​І.​Талстога, А.​В.​Суворава, М.​І.​Кутузава), вучоных (П.​П.​Пякарскага, Р.​П.​Кавалеўскага, А.​А.​Шахматава), літаратараў (Г.​Р.​Дзяржавіна, М.​Ю.​Лермантава, І.​А.​Крылова, М.​В.​Гогаля), кампазітараў і мастакоў (М.​П.​Мусаргскага, М.​І.​Глінкі, М.​А.​Балакірава, Дз.​С.​Бартнянскага, М.​А.​Рымскага-Корсакава, І.​Я.​Рэпіна) і інш. Зберагаюцца грэч. і лац. рукапісы, егіп. папірусы, калекцыя гебраістыкі С.​Фірковіча, лісты і творы Дж.​Байрана, А.​Бальзака, І.​Гётэ, В.​Гюго, Л.​Бетховена, Ж.​Бізэ, Ф.​Шапэна і інш. У фондзе замежных кніг калекцыя «Росіка» (250 тыс. замежных выданняў пра Расію, надрукаваных да 1917), асабістая б-ка Вальтэра, буйнейшы ў свеце збор інкунабул. У складзе б-кі «Дом Г.​В.​Пляханава» (архіў і б-ка). Выдае інфарм. бюлетэні, бібліягр. дапаможнікі, каталогі асобных калекцый і збораў, агульныя і галіновыя бібліяграфіі, манаграфіі і зб-кі навук. прац. Бел. матэрыялы прадстаўлены ва ўсіх аддзелах б-кі. У аддзеле рукапісаў захоўваюцца Полацкія евангеллі, спісы Статутаў ВКЛ 1529 і 1566; бел. літ. зборнік 15 ст., бел. пераклад «Александрыі» 17 ст., Віцебскі летапіс, Магілёўская хроніка і інш. Калекцыя бел. кірылічных старадрукаў, апісаная В.​І.​Лук’яненка ў «Каталогу беларускіх выданняў кірылаўскага шрыфту XVI—XVII стст.» (вып. 1—2, 1973—75), бел. і надрукаваныя на бел. землях кнігі (кірылічныя ў Рус. фондзе і аддзеле рэдкай кнігі, надрукаваныя лацінкай у калекцыях «Росіка» і «Паліграфія»), часопісы (рускі і замежны фонд часопісаў), карты, атласы і планы (аддзелы картаграфіі і рукапісаў), газеты (аддзел газет), рэкламныя афішы, гравюры, плакаты, паштоўкі (аддзел эстампаў). У кніжных фондах шматлікія кнігі з канфіскаваных у 1831—63 б-к Сапегаў з Дзярэчына і Коданя, Радзівілаўскай з Нясвіжа, езуіцкіх Гродзенскай калегіі і Полацкай акадэміі, Жыровіцкага манастыра і інш. Матэрыялы пра Беларусь знаходзяцца і ў асабістых архівах В.​Ф.​Ратча, І.​П.​Карнілава, П.​М.​Бацюшкава, П.​А.​Гільтэбранта, З.​Я.​Даленгі-Хадакоўскага, М.​Баяровіча, М.​С.​Куторгі, Л.​І.​Ракоўскага. Супрацоўнікамі б-кі былі выхадцы з Беларусі санскрытолаг К.​А.​Касовіч, бібліятэказнаўцы І.​Д.​Іваноўскі, В.​І.​Сабальшчыкоў, даследчык самарыяцкіх рукапісаў А.​Я.​Гаркаві. У аддзеле рукапісаў працавалі браты Віктар і Кастусь Каліноўскія.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 13, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)